Cтваральнік брэнду LSTR Adziennie распавёў пра патрыятызм, рысы беларусаў і свае пляны на выпадак пагрозы незалежнасьці.
Праз паўгода пасьля леташняга скандалу брэнд LSTR узнавіў супрацу зь Лідзкай абутковай фабрыкай. Пакуль ёсьць дамова на невялікую партыю — 250 параў культавых кедаў мадэлі ЛМ-17, аздобленых гербам «Калюмны». Ільля Аксёнаў мае аптымістычны настрой наконт новай супрацы: на фабрыцы памянялася кіраўніцтва, а разам зь ім і стаўленьне да невялікіх замоваў.
У аўтарскім праекце Каці Маркоўскай «Морква» Ільля Аксёнаў разважае пра кепскія рысы беларусаў, свае пляны на выпадак пагрозы незалежнасьці. Ён таксама дэкляруе, што ў выпадку анэксіі гатовы праліць кроў за Беларусь.
«Першай рэакцыяй кіраўніка Лідзкае фабрыкі была фраза „А яно вам трэба?“»
«Зараз у іх ня вельмі добра ідуць справы, але яны разумеюць, што трэба рухацца і выпраўляць памылкі. Таму ўсё нармальна, мы будзем рабіць і старыя мадэлі, а таксама будзем рабіць новае. Думаю, што леташняя сытуацыя не паўторыцца, бо ў мінулым красавіку дырэктар, выслухаўшы нашу прапанову, сказаў: „А яно вам трэба?“. Цяпер такога не было», — расказаў Ільля Аксёнаў.
Брэнд рыхтуе выпускі новай прадукцыі ў супрацы зь іншымі вытворцамі.
«Мы будзем рабіць кашулі разам зь дзяржаўным прадпрыемствам, зьбіраемся рабіць абутак іншага пляну — нешта падобнае на тымбэрлэнды. Таксама думаем пра калябарацыю зь „Мілавіцай“ — беларускім брэндам, зь якім мы даўно хочам выпусьціць нешта супольна».
«LSTR — ніяк не расшыфроўвацца»
Ільля Аксёнаў сказаў, што назва брэнду — гэта проста спалучэньне літараў, а не абрэвіятура. Але дадаў, што яму асабіста падабаецца чыясьці прапанова расшыфроўваць LSTR як «лепшыя сыны тваёй Радзімы», хоць «гэта і ня ў духу сучасных фэміністычных трэндаў».
«Цяжка знайсьці адэкватных супрацоўнікаў»
Брэнд запачаткаваўся яшчэ ў 2012 годзе, тады Ільля Аксёнаў выконваў шмат функцыяў — і прынты распрацоўваў, і кур’ерам працаваў. Цяпер ён пераважна заняты на вытворчасьці, але «кантраляваць даводзіцца ўсе этапы».
«Цяжка знайсьці прафэсійныя кадры. У Беларусі іх вельмі „цягне“ IT-cфэра, усе адэкватныя людзі ідуць у тэставальнікі, праграмісты і ў бізнэс-аналітыку. Гэта праблема. Хай сабе мы, але ж у гэтую сфэру актыўна ідуць дактары і настаўнікі...»
«Кастусь Каліноўскі памёр за нашы грахі, ён нацыянальны герой»
Пасьля таго як LSTR выдаў прынт з Кастусём Каліноўскім, дзе інтэрпрэтуецца тэма Тайнай вячэры, было шмат крытыкі. На думку Аксёнава, рэакцыя неадэкватная, бо «гэты сюжэт — частка поп-культуры, існуе шмат рымэйкаў зь яго выкарыстаньнем».
«Людзі шукаюць нэгатыву, пішуць нэгатыў у камэнтарах. У сучасным сьвеце вельмі цяжка нешта рабіць і пры гэтым нікога не абразіць. Мы склалі тэкст — а нам пішуць: чаму вы не выкарыстоўваеце фэмінітывы? Ці — чаму ня робіце адзеньне для тых і тых?»
«Трэба мяняцца, але просяць стары прынт „Palessie“»
Тое, што з сэзону ў сэзон нацыянальна арыентаваныя брэнды адзеньня прапаноўваюць фактычна тое самае — Пагоню, Каліноўскага, князёў — слушная прэтэнзія, лічыць бізнэсовец. Але дадае, што, напрыклад, у LSTR людзі ідуць не па новыя мадэлі (овэрсайз ці, скажам, унісэкс), а па вядомыя прынты.
«Нам дакладна трэба прапаноўваць больш навінак. Але тыя, хто сочыць за трэндамі, ідуць у іншыя крамы, у мас-маркет, а да нас ідуць тыя, каго прываблівае Беларусь ва ўсіх яе праявах. Мы імкнемся прапаноўваць ня толькі цішоткі і світшоты з прынтамі, але і верхнюю вопратку. Толькі нашым пакупнікам гэта ня вельмі цікава, іх у першую чаргу вабіць наш клясычны асартымэнт».
«У выпадку анэксіі пайду добраахвотнікам»
Ільля Аксёнаў кажа: даўно вырашыў, што рабіць у выпадку рэальнай пагрозы незалежнасьці ці анэксіі. «За незалежнасьць і свабоду трэба ваяваць, трэба праліваць кроў, як бы сумна гэта ні гучала. Калі не, то нішто іншае ня мае сэнсу, то ўся беларуская ідэя будзе зводзіцца да размоваў у фэйсбуку. Але гэта ўсё страшныя рэчы».
«Беларусам трэба быць больш актыўнымі»
Стваральнік брэнду суворы да беларусаў, абвінавачвае іх у ляноце і безыніцыятыўнасьці. Тлумачыць сваё стаўленьне жаданьнем, каб у Беларусі ўсё было лепей.
«Я беларускі патрыёт і мне хочацца, каб тут усё было лепей, чым ёсьць зараз. У Беларусі хапае праблемаў, і яны зьвязаныя ня толькі з выбарнасьцю ўлады. Гэтыя праблемы склаліся праз закансэрваваны савок, дзяржаўную ўласнасьць і брак канкурэнцыі. У выніку чалавек нічога ня хоча, апатычны і спадзяецца на манну нябесную. Гэта трэба зьмяняць».
«Плоцім Гуркову, каб прадаваць адзеньне зь яго выявай»
Брэнд LSTR не арыентуецца на канкрэтных асобаў, бо трэндсэтэраў тут няма, кажа Аксёнаў. І дадае, што было б добра, каб беларусы арыентаваліся на Віталя Гуркова — займаліся б спортам, спрабавалі б па-беларуску размаўляць, дбалі б пра мову і культуру. З выявай спартоўца LSTR выпускае сэрыю адзеньня, за гэта баксэр атрымлівае грашовую адплату.
«Mark Formelle — наш галоўны канкурэнт»
Zara, Pull and Bear, Reserved стварылі моцную канкурэнцыю нацыянальным брэндам адзеньня. Але, на думку Аксёнава, самы галоўны канкурэнт — гэта беларускі вытворца бялізны і адзеньня Mark Formelle.
«Яны адсочваюць трэнды і ведаюць, што ёсьць мода на беларушчыну. Вось цяпер папулярныя шкарпэткі зь літарамі — „ДЖ“ і „ДЗ“. Разам з тым яны робяць і прынты, зьвязаныя з 23 лютага. Ім усё роўна, што прадаваць, і нічога дрэннага ў гэтым няма. Гэта бізнэс — прадаваць тое, што прадаецца. Але мы так ня робім».
«Нацыянальна арыентаваныя ініцыятывы павінны фінансавацца бізнэсам»
Ільля Аксёнаў падтрымаў краўдфандынг на адзначэньне Дня Волі, сам брэнд шые сьцягі для масавага сьвяткаваньня.
«На жаль, пакуль маем няшмат такога досьведу, але ўвесь час пра гэта думаем. Калі прадаецца цішотка і частка сродкаў ідзе на падтрымку нейкай ініцыятывы, то гэта правільна».