У Менску прайшла канферэнцыя, прысвечаная Дню Волі.
Канферэнцыю арганізавала Кансерватыўна-Хрысціянская партыя БНФ. Быў зачытаны зварот старшыні партыі Зянона Пазняка, выступілі іншыя яе кіраўнікі і актывісты, навукоўцы, паведамляе («Радыё Рацыя» https://www.racyja.com/hramadstva/u-mensku-adbylasya-kanferentsyya-prysve/).
Па словах сакратара партыі Валера Буйвала, Дзень Волі — гэта не толькі нацыянальнае свята, важнае асабліва ў наш драматычны час, і не толькі нагода, каб успомніць славутыя яркія старонкі мінуўшчыны і нашыя нацыянальныя каштоўнасці.
– Мы ў гэтым рэчышчы так і арганізоўваем гэты дзень, для таго каб нагадаць пра неабходнасць нашай нацыянальнай салідарнасці перад небяспекай расейскай агрэсіі, якая разгортваецца ўжо і на нашай тэрыторыі, тым больш на тэрыторыі Украіны і іншых дзяржаў, рознымі гібрытнымі і брутальнымі метадамі. Менавіта гэта стала стрыжнем у выступах удзельнікаў нашай канферэнцыі.
Менавіта дзякуючы нацыянальнай салідарнасці Беларусь можа выратавацца і перамагчы ў сучаснай драматычнай сітуацыі, — падкрэсліў Валер Буйвал.
Перад некалькім дзясяткамі удзельнікаў канферэнцыі выступілі намеснік старшыні партыі Сяргей Папкоў, адказны сакратар управы партыі Алесь Чахольскі, кандыдат гістарычных навук Эдвард Зайкоўскі, мастак Аляксей Марачкін і іншыя. У завяршэнні адбыўся невялікі канцэрт.
У сённяшніх умовах галоўнае свята беларусаў — гэта Дзень Волі, — лічыць адказны сакратар управы Кансерватыўна-Хрысцянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі. Ён выступіў на канферэнцыі, прысвечанай гэтаму святу, якую ў Менску арганізавала і правяла партыя.
– Вельмі важна паказваць, што мы ёсць, што мы як нацыя жывем, адзначаем свае святы, ведаем сваю гісторыю, ведаем сваіх герояў. І ў сваім звароце, у сувязі з чарговай гадавінай Беларускай Народнай Рэспублікі, Зянон Станіслававіч як раз таксама акцэнтаваў увагу на тое, што ў гэтых умовах нам трэба гуртавацца і бараніць сваё.
Мы адстойваем не нейкія абстракцыі, а свой дом, сваю зямлю, мову, гісторыю, культуру, сваю краіну. І ў сітуацыі, калі над гэтым навісла пагроза, нельга быць неўтральным, нельга быць абыякавым, — упэўнены Алесь Чахольскі.