У сакавіку 1919-го тут адзначылі першыя ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
18 красавіка 1919-га, на балконе беларускай ваеннай камендатуры стаяць прадстаўнікі французскай, літоўскай і беларускай ваенных місій, што вярнуліся з Коўна. Фота было апублікавана ў тыднёвіку «Беларускае жыццё»
Адной з галоўных пляцовак па адзначэнні 101-х угодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі быў Каложскі парк у Гродне. Гэта сімвалічны момант: менавіта гэты горад сто год таму стаў часовай сталіцай БНР, тут у канцы сакавіка 1919-га адзначылі першую гадавіну абвяшчэння народнай рэспублікі.
Вось як пра набыццё новага статусу горада піша гродзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч у кнізе «Старонкі гісторыі Беларускай Гародні»: «Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна з усіх беларускіх устаноў у горадзе была толькі школка і раптам на пачатак 1919 года Гродна ператвараецца ў цэнтр нацыянальнага руху, а адных мясцовых беларускіх арганізацый ствараецца каля дзесятку. Больш таго, сюды пераносіць сваю працу беларускі ўрад, што дало магчымасць пазней назваць Гродна другою пасля Мінску сталіцай БНР».
Горад на той момант знаходзіўся пад фактычным кантролем немцаў, пры гэтым у ім дзейнічалі беларуская, літоўская і польская адмістрацыі. Прадстаўнікі ўраду БНР знаходзіліся ў Гродне трошкі больш за год.
Чым займаўся урад БНР у другой сталіцы
Пра гэта ў кнізе «Падарожжа ў БНР» Сяргей Шупа піша:
«За часы сядзеньня ў Горадні ўся дзейнасьць Ураду БНР абмежавалася напісаньнем пратэстаў супраць улучэньня этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў у склад Польшчы і супраць усеагульнай мабілізацыі ў Вільні, абвешчанай польскім вайсковым камандаваньнем.
Беларускі прэм’ер бараніў патэнцыйную тэрыторыю Беларускай Народнай Рэспублікі. А ў тым самым часе новасьпечаны міністар беларускіх справаў літоўскага ўраду Язэп Варонка (усяго за год перад тым — першы старшыня Народнага Сакратарыяту БНР!) бараніў ад палякаў тэрыторыі Літоўскай Дзяржавы: Горадзенскі, Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Белавескі і Слонімскі паветы старой Горадзенскай губэрні, Аўгустоўскі павет Сувальскай і Лідзкі павет колішняй Віленскай губэрні — яны і былі на пачатку 1919 году ў юрысдыкцыі Міністэрства беларускіх справаў».
Як адзначалі першыя ўгодкі БНР
21 сакавіка 1919-га беларускі ўрад сабраўся ў Гродне поўным складзе: Антон Луцкевіч, Аляксандр Цвікевіч, Кузьма Цярэшчанка, Лявон Заяц, Васіль Захарка і Аркадзь Смоліч.
Неўзабаве ў клубе «Беларуская хатка» (сучасны адрас — вул. Карбышава, 10) адбыўся ўрачысты вечар у гонар першых угодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
«У прызначаны час усе пакоі клуба аказаліся запоўненымі прадстаўнікамі самых розных слаёў насельніцтва Гародні. Першым выступіў Антон Луцкевіч. У сваёй прамове, тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай», — піша гісторык Андрэй Чарнякевіч.
У кнізе «Шляхамі БНР» ён цытуе яшчэ адну прамову, што прагучала ў той святочны вечар: «Сягодня, вітаючы адраджэнне нашай дарагой, змучанай другой няволяй бацькаўшчыны, б’ецца маё сэрца ад радасці. (…) Мы не маем аружжа, ды што аружжа без духу, без нацыянальнай свядомасці — гэта цела без душы».
Сямен Печанко, «Салідарнасць»