Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Унікальныя архіўныя відэа 25 Сакавіка: першы пэрформанс і першае дзяржаўнае сьвяткаваньне

25.03.2019 общество
Унікальныя архіўныя відэа 25 Сакавіка: першы пэрформанс і першае дзяржаўнае сьвяткаваньне

30 гадоў таму ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі Днём Волі адзначылі ў Менску.

30 гадоў таму 25 сакавіка 1989 году ўпершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі Дзень Незалежнасьці (пазьней названы Днём Волі) адзначылі ў Менску — пэрформансам, затрыманьнямі і судовымі выракамі, перадае «Радыё Свабода».

На аматарскай кінастужцы апэратара Сяргея Чырыка — кадры шэсьця студэнтаў у цэнтры Менску 25 сакавіка 1989 году, не пашкадаваныя часам. Студэнт менскага Тэатральна-мастацкага інстытуту Алесь Пушкін зладзіў тады палітычны пэрформанс, прысьвечаны 71-й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пушкін: «Разам са мной выйшлі 120 студэнтаў, траціну затрымалі і пакаралі»

Малады мастак, які незадоўга да таго дэмабілізаваўся з Аўганістану, ад ганка альма-матэр з плякатам-раскладанкай і ў атачэньні больш чым сотні паплечнікаў прайшоў уздоўж тагачаснага Ленінскага праспэкта.

На грудзях красаваўся надпіс: «Грамадзянін! У гэты дзень 71 год назад была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Памятай і думай аб гэтым! Жыве незалежная Беларусь!» На сьпіне — перакрэсьлены сьцяг БССР з надпісам: «Досыць „сацыялістычнай“, адродзім Народную Беларусь». Сябры Пушкіна ў гэты час трымалі бел-чырвона-белы сьцяг, папяровага бусла і 71 паветраны балёнік.

«Выйшлі 120 студэнтаў, траціну затрымалі, упакавалі поўны „ЛАЗ“ — 36 чалавек, — згадвае ініцыятар акцыі праз 30 гадоў. — Спрацавала „сарафаннае радыё“: ніякіх абвестак я не рабіў, нічога не пісаў, але досыць масава выйшлі. А там ужо ланцуговая рэакцыя: адны дапамагалі начапіць плякаты, другія падхапілі бусла, трэція разабралі балёнікі. І ўлады таксама адрэагавалі імгненна — заявіўся сам кіраўнік Першамайскага райвыканкаму і ў мэгафон патрабаваў спыніць акцыю. А потым даў загад на затрыманьне. Можаце ўявіць, каб цяпер гэтым займаўся кіраўнік раённай адміністрацыі?»

Палітычныя погляды Алеся Пушкіна ўжо добра ведала і адміністрацыя ВНУ, і міліцыя — за паўгода да таго, у кастрычніку 1988-га, ён адседзеў свае першыя пяць сутак за публічныя заклікі адзначыць Дзяды жалобным шэсьцем у Курапаты.

Як пакаралі студэнцкага завадатара

Сакавіцкі пэрформанс непрыкметным таксама не прайшоў. Алесь Пушкін быў затрыманы ў ліку амаль чатырох дзясяткаў мітынгоўцаў, Менскі гарадзкі суд асудзіў яго на 2 гады ўмоўна і на 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Не дапамагла прысутнасьць у залі калегаў-мастакоў: прамовы Аляксея Марачкіна, Генадзя Драздова ды іншых сьведкаў судьдзя Чамрукоў праігнараваў.

Сьледам у партыйнай і камсамольскай прэсе зьявілася сэрыя заказных артыкулаў, якія зьмяшчалі заклікі да больш жорсткага пакараньня за выкарыстаньне «незарэгістраванай сымболікі». Неадкладна ў КаАП БССР былі ўнесеныя адпаведныя дапаўненьні і зьмены.

«Працэс вёў судзьдзя Ўладзімер Чамрукоў, праваабаронцам вядомы найперш тым, што вынес шмат сьмяротных выракаў, — кажа Алесь Пушкін. — Дык вось ён мне прысудзіў 5 гадоў пазбаўленьня правоў і 2 гады ўмоўна. У маім выпадку гэта азначала, што з інстытуту я быў разьмеркаваны ў Віцебск і стаў на ўлік у міліцыю як „асоба, якая адбывае ўмоўнае пакараньне“. Цягам усяго тэрміну нельга было пакідаць Беларусь, пра што сьведчыў штамп у пашпарце пра забарону выезду. І аж да 1994 году я заставаўся пад кантролем Кастрычніцкага РАУС Віцебску».

Яшчэ тры гады пасьля зьняцьця з уліку Алесь Пушкін заставаўся ў Віцебску. А калі, ягонымі словамі, дыктатура зрабіла жыцьцё невыносным, пераехаў на радзіму ў мястэчка Бобр — «узяўся за розум, ажаніўся, нарадзіў сына».

Палітычны пэрформанс маладога мастака Алеся Пушкіна 25 сакавіка 1989 году можна лічыць першым публічным адзначэньнем Дня Незалежнасьці ў найноўшай гісторыі Беларусі.

Чырык: «Адчувалася, што Дзень Незалежнасьці стане дзяржаўным сьвятам»

З атрыманьнем Беларусьсю незалежнасьці 25 сакавіка на кароткі час стала адным з самых шанаваных сьвятаў. З удзелам першых дзяржаўных асобаў і актывістаў беларускай эміграцыі ў Менску праходзілі імпрэзы, ладзіліся масавыя шэсьці, вярталіся зь нябыту дзеячы БНР, якіх хавала ці абыходзіла савецкая прапаганда.

На сакавіцкім відэа 1993 году кадры зь віленскіх могілак Росы. Некалькі дзясяткаў чалавек зь Беларусі і замежжа пасьля ўрачыстасьцяў у Менску прыехалі ўшанаваць памяць братоў Антона і Івана Луцкевічаў, бацькоў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сярод тых, хто тады прамаўляў на імправізаваным мітынгу, былі віленскі адраджэнец Лявон Луцкевіч, сын прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, айцец Аляксандар Надсан зь Лёндану, беларускі актывіст у Літве Хведар Нюнька, мастак суполкі «Пагоня» Яўген Кулік, навуковец Юрась Хадыка. Бальшыні тых удзельнікаў сёньня на гэтым сьвеце ўжо няма, з жалем канстатуе аўтар відэа Сяргей Чырык.

«У Вільню ехалі вялікай групай — дарэчы, упершыню пабачылі літоўскіх памежнікаў, — кажа відэаапэратар. — Мяжы як такой не было, толькі стваралася, а дакумэнты ўжо правяралі. Прыдраліся да тагачаснага старшыні БНР Язэпа Сажыча — у яго ж пашпарт амэрыканскі, ня ведалі, на якой падставе пускаць. Эўрапейскія прымалі — у Аляксандра Надсана праблемаў ня ўзьнікла, Сажыча ж памурыжылі. Але агульнае ўражаньне ва ўсіх было адно: вось-вось — і Дзень Волі стане галоўным дзяржаўным сьвятам Беларусі».

Сяргей Чырык дадае, што ў той час наўрад ці хто мог уявіць, што праз кароткі час дату абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі зноў адсунуць на задні плян, а тых, хто сьвяткуе, будуць біць і судзіць.

«1993 год. У Менску з нагоды Дня Волі ня толькі шэсьце, а і ўрачысты сход у філярмоніі на чале зь першай асобай — Станіславам Шушкевічам. Гэта і па сёньня самае масавае сьвяткаваньне за ўсю гісторыю, практычна афіцыйнае сьвята. Безумоўна, клопатаў хапала, той жа Шушкевіч пачаў здраджваць, спачатку адмяніўшы рэфэрэндум, а потым падпісаўшы вайсковае пагадненьне з Расеяй. Тым ня менш настрой у грамадзтве быў прыўзьняты; не было яшчэ Канстытуцыі, якая ўводзіла інстытут прэзыдэнцтва. Ніхто не адчуў, што вайна супраць нас ужо пачалася...»

Рэальная свабода, калі для Чарнобыльскага шляху ці шэсьцяў на Дзень Волі вызвалялі цэнтральныя магістралі, паводле Сяргея Чырыка, зьмясьцілася ў нейкія два гады. Пасьля гэтага пачаўся разварот да рэаліяў савецкага часу.

Дэманстрацыі на праспэкце Скарыны

«Хадзілі па самым цэнтры праспэкта Скарыны, — успамінае Чырык. — Пакідалі з бакоў па паласе для праезду транспарту і спакойна крочылі. Нават міліцыя не чапала, нічога не здымала, кожны меў права выказваць свае палітычныя погляды. Так працягвалася да прыходу Лукашэнкі, калі на загад тагачаснага кіраўніка МУС Захаранкі сачэньне за дэманстрантамі было адноўлена. Гэта пазьней Юры Мікалаевіч стаў дэмакратам, а спачатку ўзяўся за справу вельмі актыўна. Як толькі Лукашэнка стаў на ногі, уся тая адліга хутка скончылася».

У наступныя гады сьвяткаваньне Дня Волі рэдка завяршалася бяз стратаў: удзельнікаў жорстка зьбівалі, затрымлівалі і прысуджалі штрафы ды арышты. Ня стаў выключэньнем і 100-гадовы юбілей БНР, які менскія ўлады дазволілі адзначыць вялікім канцэртам ля Опэрнага тэатру. Людзей хапалі, як толькі яны выходзілі з «рэзэрвацыі», не пасьпеўшы зьняць зь плячэй бел-чырвона-белыя сьцягі.

Последние новости:
Путин умер 24.11.2024 Путин умер
Популярные:
Путин лжет 23.11.2024 Путин лжет
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]