Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусь па Шапэнгаўэру

28.03.2019 политика
Беларусь па Шапэнгаўэру

Што адбылося пад Шкловам – фэйкавы бардак ці пацёмкінская нагода?

Разнос, які Аляксандар Лукашэнка ўчыніў чыноўнікам на Магілёўшчыне падчас наведваньня малочна-таварнага комплексу «Сьліжы» — магчыма, найбольш яскравая дэманстрацыя новай палітыкі.

Я нават не пра лексыку, хаця і яна ўражвае. Параўноўваць з Асьвенцімам што б то ні было акрамя лягеру сьмерці — гэта дзікунства ў любой краіне, а асабліва ў той, дзе кожны чацьверты (ці трэці)...., пра што ўлада так любіць прыгадваць.

Ну і не пра самы разнос — ня першы і не апошні, апошні папярэдні самы гучны быў летась у Воршы, што прывяло да адстаўкі ўраду.

Калі вышэйшаму начальству дураць галаву, дэманструюць «пацёмкінскія вёскі», хаваюць гаротны кіраванай гаспадаркі — гэтага і ў цяперашні час хапае, і ў савецкія і ў царскія часы тое было.

Таксама не навіна, калі гэтае вышэйшае начальства выкрывае падман, нядбайнасьць, безгаспадарчасьць, ну і дае адказным і вінаватым за гэта ў косьці.

Але 26 сакавіка на Магілёўшчыны адбылася рэч унікальная — «пацёмкінскай» аказалася нагода, зь якой быў учынены разнос.

«Пацёмкінская вёска» наадварот

Лукашэнка апошнім часам даволі часта характарызуе стан справаў на асобных прадпрыемствах і ў цэлых галінах грамадзкага жыцьця як «бардак». І цікава, што грамадзкая думка, і ня толькі апазыцыйная, яму ў прынцыпе верыць.

Але са «Сьліжамі» фальшывым, фэйкавым аказаўся як раз бардак, нібыта вынайдзены там Лукашэнкам. Журналісты і Свабоды, і іншых выданьняў наведалі гаспадарку, за стан якой паляцелі чынавенскія галовы.

І высьветлілася, што ніякага асаблівага бардаку там няма. Гаспадарка можа і не ідэальная, але зусім ня горшая, супрацоўнікі комплексу даволі ўцямна патлумачылі карэспандэнтам, якое становішча на прадпрыемстве насамрэч.

Рэдкі выпадак, але ўскосна простыя супрацоўнікі фактычна абаранялі сваё начальства ад лаянкі кіраўніка дзяржавы.

Як, чаму атрымалася гэтая «пацёмкінская вёска» наадварот? Ёсьць практычнае тлумачэньне, якое вынікае з расповядаў тых самых супрацоўнікаў камбінату. Начальства іх ад вачэй Лукашэнкі прыбрала падалей, а само ў тонкасьцях справы ня вельмі разьбіралася, ажно да таго, што проста не на тую кнопку націснула. Ну і атрымала незаслужана, але па поўнай.

Стаўпецкае забойства і бардак

Але магчымае і іншае тлумачэньне. Прыгадваецца аналягічны разнос, які ўчыніў Лукашэнка за стаўпецкае забойства. Тады, дарэчы, пра бардак і было сказана.

Міністар-камуніст Ігар Карпенка — зусім ня мой герой. Але ў чым менавіта ён быў вінаваты ў стаўпецкай трагедыі, у чым менавіта быў бардак у той школе? Сьледзтва яшчэ ня скончанае, тая інфармацыя, якая была агучаная па гарачых сьлядах злачынства, ня сьведчыла пра нечую нядбайнасьць там, пра недапрацоўкі пэдагогаў.

Пэўнай інфармацыі на гэты конт, прынамсі, публічнай, няма дагэтуль. Але быў імгненны вярхоўны вэрдыкт — бардак.

І разнос, учынены на малочна-таварным комплексе «Сьліжы» на Магілёўшчыне, пачынае выглядаць у зусім іншым сьвятле.

А няважна — вінаватыя ці не, нядбайныя ці дбайныя. Сказана вінаватыя — дык будзеце вінаватыя. Ня ў тым, дык у іншым.

Парадаксальны на першы погляд прыём. Па ідэі, «бардак», убачаны ледзь не паўсюль — гэта ж самаабвінавачваньне, а хто ўсім гэтым кіраваў? Але такая выснова лічыцца, відаць, заскладанай для простых людзей.

А ад іх чакаецца задавальненьне ад прыніжэньня і разносу начальнікаў. Начальнікі прыніжаюць і разносяць іх, вышэйшае начальства дае ў косьці ніжэйшаму.

Магчыма, спэктакль у «Сліжах» быў пастаўлены адно дзеля абгрунтаваньня адстаўкі кіраўніка Магілёўскага аблвыканкаму. Гэтак жа, як летась неадрэмантаваныя дахі ў Аршанскім раёне былі неяк несувымернымі са зьменай усяго ўраду.

Беларусь па Шапэнгаўэру

Віталь Цыганкоў у сваім блогу пра затрыманьне Зьмітра Дашкевіча прапанаваў плённае тлумачэньне. Адказ на пытаньне — за што — а каб ведаў, у якой краіне жыве. І іншых — музыкаў, палітыкаў — пахапалі на Дзень волі з той жа матывацыяй.

Дык а чыноўнікі чым лепш? Як заўважыў Віктар Марціновіч на інтэлектуальным клюбе Алексіевіч, Беларусь адзіная. І сапраўды адзіная. Прынамсі, у гэтым сэнсе.

Апазыцыянэрам, музыкам, у год выбараў, калі ўсё так з Расеяй напружана, трэ паказаць, у якой краіне яны жывуць. Дык чыноўнікам тым больш трэба паказаць, нагадаць гэта. Яны і важней, і больш ад іх залежыць, і ніякі Захад за іх не заступіцца.

У рэчышчы такой велічнай задачы ну якое значэньне мае, які насамрэч стан справаў у «Сьліжах»? Беларусь жыве па формуле Шапэнгаўэра — сьвет як воля і ўяўленьне. Аднаго чалавека.

Юры Дракахруст, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]