Беларусы Трыгарада святкуюць Дзень Волі ўжо 20-ы год запар.
23 сакавіка традыцыйна ўжо з нагоды 101-ых угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі, дваццаты год запар, беларусы Трыгарада сустрэліся на Гарнізонных могілках у цэнтры Гданьска, каб ушанаваць памяць Сэрафіны і Лукі Дзекуцяў-Малеяў ды мастака Козьмы Чурылы, перадае «Радыё Рацыя».
Пры магіле Лукі Дзекуця-Малея пастар баптысцкай царквы ў Гданьску Робэрт Мікса прачытаў фрагмент Евангельля Св. Яна. Лена Глагоўская гэты ж фрагмент прачытала на беларускай мове – у перакладзе Л. Дзекуця-Малея і прадставіла яго заслугі як камісара БНР для Беласточчыны, а пасля як пастара баптысцкай царквы ў Берасці і на Палессі. На магіле ўсклалі вянок і запалілі знічкі.
Прысутнічалі таксама ўнучка Л. Дзекуць-Малея – Альжбета і праўнук Лукаш. Кветкі таксама ўсклалі і запалілі знічкі на магілах беларускай настаўніцы Сэрафіны Дзекуць-Малей і мастака Козьмы Чурылы. Не абмінулі і магілы нашага былога дзеяча Анатоля Піруты, які родам з Сакольшчыны.
Традыцыяй з 2008 г. сталася таксама ўскладанне кветак пры камені ў гонар Янкі Купалы, які знаходзіцца ў Гданьску-Аліве. Чытаюцца там вершы паэта і ўспамінаецца гісторыя яго адкрыцця. Улады горада задбалі пра акружэнне каменя, пасадзіўшы вакол яго аздобную траву і кветкі. З сумам прыходзіцца сцвердзіць, што штогадовыя намаганні, каб выраслі там явар і каліна, якіх заўзята штогод насаджвалі, не бачныя пасля дзесяці гадоў. Нехта мэтанакіравана знішчаў насаджэнні. Аднаго года нават горад сам вырашыў пасадзіць каліну (явар яшчэ быў), але знікла і яна. Насаджвалі таксама і кветкі, якія нехта выкопваў.
У сядзібе БКТ «Хатка» ў Сопаце адбылася сяброўская сустрэча, якая пачалася ад гімнаў «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа». Пасля віншаванняў з нагоды ўгодкаў БНР рэдактар Ганна Сабэцкая расказала пра свае сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, асабліва з Янкам Брылем, з якім сябравала, а які ў верасні 1939 г. бараніў Гдыню.
Паказала здымкі са свайго архіва і кнігі з дарчымі подпісамі ад Янкі Брыля. Ганна Сабэцкая вядомая таксама як перакладчыца беларускай літаратуры на польскую мову, зрабіла шмат праграмаў для Польскага радыё пра беларускую літаратуру і пра нацыянальныя меншасці. У сяброўскай атмасферы сустрэча цягнулася некалькі гадзін. Асабліва цешыла прысутнасць беларускай моладзі, якая дамінавала на святкаваннях.