За якія ідэлы змагаўся нацыянальны герой.
Літоўскія дасьледнікі ідэнтыфікавалі парэшткі Кастуся Каліноўскага. Іх зьбіраюцца перапахаваць на віленскіх могілках Росы.
Свабода тлумачыць, хто такі Кастусь Каліноўскі і якое дачыненьне ён мае да Беларусі.
Хто такі Кастусь Каліноўскі?
Кастусь Каліноўскі — адзін зь лідэраў нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863–1864 гадоў, які стаў нацыянальным героем беларусаў, літоўцаў і палякаў.
Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны Горадзенскага павету (цяпер у Падляскім ваяводзтве Польшчы) у сям’і Сымона, безьзямельнага горадзенскага шляхціча, уладальніка невялікай ткацкай мануфактуры, і Вэранікі, якая памерла, калі сыну было 5 гадоў.
У 1847–1852 гадох вучыўся ў Сьвіслацкай павятовай вучэльні. Вялікі ўплыў на К. Каліноўскага меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім унівэрсытэце і дасьледаваў на даручэньне Віленскай археалягічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступеньню кандыдата права. У часе вучобы браў удзел у дзейнасьці нелегальных студэнцкіх гурткоў.
У 1862 годзе Каліноўскі ўвайшоў у склад Літоўскага правінцыйнага камітэту (ЛПК) — цэнтральнага органу падрыхтоўкі паўстаньня ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім, праз некалькі месяцаў узначаліў яго. Аднак старшынстваваў у віленскім паўстанцкім камітэце нядоўга. Неўзабаве пасьля пачатку паўстаньня, спужаўшыся перарастаньня выступленьняў у сялянскую вайну, варшаўскі цэнтар дамагліся роспуску ЛПК. Каліноўскага накіравалі на Горадзеншчыну на пасаду паўстанцкага камісара ваяводзтва.
У студзені 1864 году Каліноўскага схапілі царскія жандары ў Вільні. Царскі ваенна-палявы суд прыгаварыў К. Каліноўскага да расстрэлу. Аднак прызначаны для задушэньня паўстаньня расейскі гэнэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў выказаўся за павешаньне. Каліноўскага павесілі 22 сакавіка 1864 году Лукіскім пляцы ў Вільні.
Пяць малавядомых фактаў пра Кастуся Каліноўскага
За што і з кім змагаліся каліноўцы?
Паўстаньне 1863-1864 гадоў ставіла за мэту:
Аднаўленьне Рэчы Паспалітай у межах да яе першага падзелу ў 1772 годзе. Усяго было тры падзелы, падчас якіх тэрыторыю Рэчы Паспалітай падзялілі між сабой Расея, Прусія і Аўстрыя.
Што да аднаўленьня Рэчы Паспалітай, тут паўстанцы падзяліліся на дзьве плыні: «белых» і «чырвоных». «Белыя» прадстаўлялі сярэдніх і буйных землеўладальнікаў і буйную буржуазію, «чырвоныя» — безьзямельную і малазямельную шляхту, рамесьнікаў, сялян. Каліноўскі кіраваў «чырвонымі» ў Часовым правінцыйным урадзе Літвы і Беларусі.
«Чырвоныя» выступалі за агульнанацыянальнае ўзброенае паўстаньне супраць царызму.
«Белыя» разьлічвалі дасягнуць сваёй мэты шляхам мірных рэлігійна-палітычных маніфэстацыяў у касьцёлах і перамоваў з урадам пры дыпляматычнай падтрымцы заходніх дзяржаваў.
Паўстаньню 1863-1864 гадоў папярэднічалі:
1861 год — скасаваньне прыгону ў Расейскай імпэрыі. Прыгонныя сяляне сталі «часоваабавязанымі» — зямля заставалася ва ўласнасьці абшарнікаў, яны перадавалі зямлю сялянам за працоўную (паншчына) і грашовую павіннасьці. Цягам 49 гадоў сяляне не маглі адмовіцца ад надзелаў і мусілі выконваць павіннасьці. Пры гэтым сяляне атрымалі грамадзянскія правы.
1862 год — сялянскія паўстаньні ў Беларусі. Паводле няпоўных зьвестак, у Беларусі было зафіксавана больш за 150 сялянскіх выступаў. Хваляваньні душылі прысланыя расейскімі ўладамі казакі на просьбу мясцовых абшарнікаў.
Ці паўстаньне Каліноўскага было беларускім?
Паўстаньне 1863-64 гадоў на беларускіх землях пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага не кіравалася з Польшчы, усе лідэры паўстаньня былі беларусамі, выступалі за аднаўленьне шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай.
Кастусь Каліноўскі пісаў «Лісты з-пад шыбеніцы» па-беларуску (лацінкай), а баявыя дзеяньні паўстаньня адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі, дзе пасьля яго задушэньня пачаліся рэпрэсіі, якіх не было ў Польшчы.
Нават савецкая гістарыяграфія прызнавала Каліноўскага беларускім героем, у яго гонар назвалі вуліцу ў Менску, паставілі бюст у Сьвіслачы.
Каліноўскі — агульнабеларускі нацыянальны герой
Кастусь Каліноўскі — ці не адзіны беларускі гістарычны дзяяч, які не выклікаў ніякага расколу ў грамадзтве, у палітычнай клясе. Яго прызнавалі і нацыяналісты, і камуністы.
Каліноўскі быў у пантэоне беларускіх нацыянальных герояў у савецкія часы. Гэта фактычна адзіны дарэвалюцыйны гістарычны пэрсанаж, які тады адназначна трактаваўся са знакам плюс — як лідэр сялянскага паўстаньня.
«Сацыялягічныя апытаньні паказвалі, што сярод беларускіх гістарычных дзеячоў большасьць беларусаў называла прозьвішчы Каліноўскага і Машэрава. Фактычна сёньня толькі гэтыя пэрсанажы застаюцца ў гістарычнай памяці, масавай сьвядомасьці грамадзтва», — піша палітоляг Валер Карбалевіч.
Як знайшлі парэшткі Каліноўскага?
У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні выявілі парэшткі 17 паўстанцаў. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму дасьледнікі не маглі доўгі час вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.
Парэшткі Каліноўскага ідэнтыфікавалі літоўскія дасьледнікі ў сакавіку 2019 году мэтадам выключэньня астатніх, а таксама праз супастаўленьне ўзросту, мэтаду сьмяротнага пакараньня і параўнаньня чэрапу з фатаздымкам.
Цяпер усе парэшткі знаходзяцца на факультэце мэдыцыны Віленскага ўнівэрсытэту. Пазьней іх перададуць дзяржаўнай камісіі і перапахаваюць у капліцы на віленскіх могілках Росы. Пахаваньне адбудзецца, калі ў капліцы завершыцца рэстаўрацыя.
Як беларускія ўлады ставяцца да Каліноўскага?
Беларускі бок не прымаў удзел у ідэнтыфікацыі парэшткаў Каліноўскага. У Каліноўскага не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі, таму літоўскія дасьледнікі цягам двух гадоў не маглі вызначыць яго парэшткі праз генэтычную экспэртызу.
Паскорыць ідэнтыфікацыю магло параўнаньне ДНК парэшткаў Кастуся і Віктара Каліноўскіх. Аднак магілу брата Кастуся Віктара ў Сьвіслачы дагэтуль не лякалізавалі.