Змаганьне за возера пачалося з пачаткам новага году.
Жыхары вёсак ля возера Чырвонага (Жыткавіцкі раён) ладзяць талокі ля вадаёму. Яны прыбралі сьмецьце, цяпер будуюць альтанкі і садзяць дрэвы. Усё — сваімі сіламі. Возера хоча далучыць да сваёй тэрыторыі Нацыянальны парк «Прыпяцкі». Палешукі паўсталі супраць такога рашэньня, паведамляе «Радыё Свабода».
Змаганьне за возера пачалося з пачаткам новага году. У студзені зьявіўся праект распараджэньня прэзыдэнта, паводле якога плянуецца павялічыць плошчу паляўнічых угодзьдзяў нацпарку «Прыпяцкі» за кошт перадачы ў бясплатнае карыстаньне возера Чырвонае з прылеглай тэрыторыяй працягласьцю 3 кілямэтры.
Цяпер 2/3 возера — у арэндзе мясцовага лясгасу і прадпрыемства «Жыткавічыхімсэрвіс» да 2025 году. Яшчэ траціну арандуе нацыянальны парк.
Мясцовыя людзі абурыліся, што пры новым «гаспадары» яны ня здолеюць нават падыйсьці да возера. У Жыткавіцкім раёне ўжо былі выпадкі, калі вадаёмы і лес Нацыянальны парк абносіў калючым дротам, ставіў шлягбаўмы.
Вяскоўцы напісалі шэраг зваротаў у структуры ўлады з патрабаваньнем пакінуць ім возера, правялі некалькі сходаў, напісалі калектыўны ліст Аляксандру Лукашэнку.
Пабудавалі альтанку, высадзілі клёны і бярозы
На ліст пакуль не было адказу. Вяскоўцы вырашылі ўзяць возера ў свае рукі — правялі тут тры талокі. Падчас першых двух жыхары вёсак Дуброва, Пухавічы і Марохарава сабралі па беразе сьмецьце. Сёньня жыхары Дубровы пабудавалі вялікую альтанку на дваццаць чалавек, высадзілі клёны і бярозы па беразе Чырвонага.
Аляксандар Купрацэвіч нарадзіўся ля гэтага возера, у вёсцы Дуброва. Цяпер жыве ў Жыткавічах. «Мы будуем альтанку, каб годна сустрэць пачатак рыбалоўнага сэзону ў траўні. Каб мы маглі сюды прыехаць з сем’ямі, адпачыць, схавацца ад дажду. Гэта альтанка для ўсіх, для людзей. Мы самі арганізаваліся. Матэрыялам дапамог лясгас, а цьвікі, тэхніка, рукі — нашы. Будзем працаваць і ў наступныя суботы і нядзелі. Пабудуем яшчэ дзьве альтанкі. Бо гэта наша возера. Мы ня хочам, каб яно адышло Нацыянальнаму парку», — патлумачыў Аляксандар.
Ён кажа, што ніводная арганізацыя не навядзе такі парадак, як самі людзі, і не прасочыць за чысьцінёй. «Сюды едуць на рыбалку з усёй Беларусі. Мы будзем праводзіць працу, тлумачыць людзям, каб ня кідалі сьмецьце. Бо пакуль людзі самі не пачнуць сачыць за парадкам — ніводная арганізацыя не пасьпее прыбраць», — дадаў Аляксандар.
Ён спадзяецца, што ўлада пачуе людзей і пакіне ім возера. «Ужо ня ведаем, што рабіць, куды зьвяртацца. Хай прэзыдэнт нас пачуе, мы спадзяёмся на гэта», — кажа жыхар Жыткавічаў.
«Хай Бамбіза сабе возьме калгас, падыме яго і пакажа, які ён гаспадар»
Жыхар Дубровы Ўладзімір Пышняк працуе прадпрымальнікам. Ён дапамог на суботніку тэхнікай для падвозу матэрыялу і сам габлюе дошкі для альтанкі.
Яго аднавясковец Андрэй Макарэвіч — рыбак і паляўнічы. «Я моцна перажываю за наша возера. На нас наступае Сьцяпан Бамбіза (дырэктар нацпарку, — рэд). Ён ня дасьць нам права ні на паляваньне, ні на рыбалку. Мы на суботніках хочам паказаць, што мы тут — народ, супольнасьць, і возера гэта — для людзей, а не для пана Бамбізы», — кажа Андрэй.
Ён спадзяецца, што кіраўнік дзяржавы прыслухаецца да палешукоў. «Гэта адзінае возера, якое засталося народным, і тое хочуць адабраць — ну навошта? Хоць бы нам хоць што засталося! Мы ж тут жывём, працуем! Хай Бамбіза возьме сабе калгас, які на каленях, два калгасы — і падыме іх, пакажа, які ён гаспадар. А тут — на ўсё гатовае хоча прыйсьці, дзе нічога ня трэба ўкладаць, на прыроднае возера!», — хвалюецца жыхар Дубровы.
«Возера павінна застацца людзям, народу»
На возеры ў суботу шмат рыбакоў. Сюды прыяжджаюць на адпачынак з вудай са Слуцку, Салігорску, Любані, Бабруйску.
«Не варта нацпарку аддаваць гэтае возера. Я тут дваццаць гадоў лаўлю рыбу, усім задаволены — і коштамі на пуцёўку — а гэта 12 рублёў на суткі, і ўмовамі», — кажа жыхар Бабруйску Вадзім.
Яго прыяцель Ігар таксама з Бабруйску. «Я магу казаць за ўсіх бабруйскіх рыбакоў, бо мы ўсе сябруем — гэтае возера павінна застацца людзям, народу. Мы назіраем за сытуацыяй праз СМІ і моцна перажываем за мясцовых жыхароў. Бо яны — простыя людзі, такія ж, як мы, працоўны люд. А той чалавек, які хоча прыйсьці на возера —ён зь іншага асяродку, ён нас, простых людзей, не зразумее. Тут вельмі добрыя людзі — і пераначаваць могуць пакінуць, і дапамагчы. У нас баліць душа, проста баліць душа, калі пэўны чалавек забярэ гэтае возера, прычым у бясплатнае карыстаньне. Дык мне аддайце ў бясплатнае карыстаньне, ці я тварам не выйшаў?», — злуецца Ігар.
Ён кажа, што возера — адзінае адхланьне, якое засталося ў ваколіцах у рыбакоў.