Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

На сцэне Купалаўскага тэатра прайшла вялікая канферэнцыя TEDxMinsk 2019

На сцэне Купалаўскага тэатра прайшла вялікая канферэнцыя TEDxMinsk 2019

30 сакавіка ў Мінску на галоўнай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы адбылася вялікая лакальная канферэнцыя TEDxMinsk «Абуджэнне розуму».

Усяго 400 чалавек змаглі трапіць на гэта мерапрыемства, бо ўсе квіткі былі прададзеныя за няпоўныя 4 дні яшчэ ў лютым. Усе, хто не змог трапіць у зал, могуць паглядзець запіс трансляцыі на YouTube-канале TEDxMinsk, а таксама запіс выступаў спікераў праз некалькі тыдняў на канале TEDx.

Наступная канферэнцыя – TEDxYouth@Minsk – адбудзецца 18 мая ў Prime Hall і ўпершыню цалкам пройдзе на беларускай мове. Удзел у ёй можна прыняць праз рэгістрацыю на сайце velcom YOUTH і на сайце TEDxMinsk.

«У гэтым годзе наша канферэнцыя прайшла на хвалі небывалага ажыятажу. Літаральна кожны дзень мне даводзілася адказваць на званкі, дзе яшчэ можна набыць квіткі. Нам удалося рэалізаваць нашу даўнюю мару: правесці нашу вялікую інтэлектуальную канферэнцыю TEDxMinsk у асаблівай прасторы – на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатра. А ў наступным годзе будзем разглядаць для канферэнцыі больш умяшчальную пляцоўку», – адзначыла ліцэнзіят TEDxMinsk Іна Карней.

Канферэнцыя TEDxMinsk 2019 «Абуджэнне розуму» у гэтым годзе стала па-сапраўднаму мультытэматычнай і мультымоўнай. Каб падзяліцца з беларускімі гледачамі сваімі ідэямі, у фірмовае чырвонае кола TED выйшлі як беларускія, так і замежныя інтэлектуалы. Сярод іх – нэйраанатам і неўролаг Андрэй Сокал, дырэктар па развіцці навуковых даследаванняў настаўніцкага складу City University of New York Анастасія Ліпневіч, расійска-ізраільская пісьменніца Лінор Гаралік, старшыня прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс Крэмер, тэхнічны дырэктар A1 Telekom Austria Group Крысціян Лаке, рэжысёр Мацвей Сабураў, музыкант Пафнуцій Кузюкян, бегавы актывіст Мікіта Сыскоў, крэатыўны дырэктар getbob agency Ілля Кухараў, эколаг Ірына Кашпей.

Генеральным партнёрам канферэнцыі выступіла кампанія velcom. «Мы рады падтрымаць знакавае для нашай краіны інтэлектуальнае мерапрыемства – канферэнцыю TEDxMinsk «Абуджэнне розуму». Кампанія velcom традыцыйна рэалізуе маштабныя праекты, якія дазваляюць развівацца беларускаму грамадству. Пры падтрымцы TEDxMinsk і Міністэрства адукацыі мы зараз выходзім на фінішную прамую ў рэалізацыі нашага вялікага сацыяльна-адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Яго фінал пройдзе 18 мая ў клубе Prime Hall у Мінску ў рамках новага для Беларусі фармату канферэнцый – TEDxYouth@Minsk. У гэты дзень у чырвонае кола TED выйдуць 10 старшакласнікаў – фіналістаў velcom YOUTH», – адзначыў Мікалай Брэдзелеў, кіраўнік аддзела карпаратыўных камунікацый кампаніі velcom.

Фіналісты velcom YOUTH сталі спецыяльнымі гасцямі канферэнцыі TEDxMinsk 2019. Яны прышлі на «дарослы» TEDx, каб пазнаёміцца са сваімі ментарамі і ўжывую адчуць атмасферу вялікага мерапрыемства. Цягам бліжэйшых 7 тыдняў з фіналістамі будуць працаваць ментары TEDxMinsk і рыхтаваць да выступлення перад вялікай аўдыторыяй. Асаблівасцю праекта velcom YOUTH з’яўляецца тое, што ўся камунікацыя ад падачы заявак на конкурс да выступлення ў фінале вядзецца на беларускай мове.

Пра канферэнцыі TEDx

Канферэнцыі TEDx – лакальныя мерапрыемствы, арганізаваныя па стандартах і ліцэнзіі глабальнага TED, – праводзяцца па ўсім свеце з 2009 года. Выступленні на TEDх-канферэнцыях вызначаюцца асаблівым фарматам: 18-хвілінная творчая прэзентацыя ідэі адным аўтарам, мэта якой – стварыць яркае натхняючае аўдыторыю інтэлектуальнае шоў.

Рух TEDх у Беларусі ахоплівае ўсё больш беларусаў і праходзіць у новых фарматах. Так за апошнія паўгады прайшлі некалькі невялікіх мерапрыемстваў TEDxMinskSalon, канферэнцыя для жанчын TEDxMinskWomen. Новы фармат 2019 года – канферэнцыя для старшакласнікаў TEDxYouth@Minsk у маі ў межах маштабнага адукацыйнага праекта velcom YOUTH. Дзесяць яго фіналістаў атрымаюць магчымасць дадаткова «пракачаць» свае навыкі выступлення з персанальнымі ментарамі з ліку спікераў і арганізатараў канферэнцый TEDx, каб выступіць перад вялікай аўдыторыяй на беларускай мове на канферэнцыі TEDxYouth@Minsk.

Глабальныя і лакальныя канферэнцыі TEDx збіраюць вялікую колькасць гледачоў па ўсім свеце і яшчэ большую колькасць анлайн-праглядаў: відэазапісы ўсіх падзей TED-канферэнцый перакладаюцца на некалькі моў і змяшчаюцца ў адкрытым доступе на афіцыйным канале TED.com. Такім чынам, ідэі ўдзельнікаў TEDxMinsk будуць пачутыя ва ўсім свеце.

Пра TEDx у Беларусі

TEDx – незалежныя адукацыйныя мерапрыемствы, якія праходзяць па ўсім свеце пад брэндам TED.

TEDx у Мінску праводзяцца з 2009 года. Першая канферэнцыя з лакальнымі спікерамі прайшла ў снежні 2013 года. З 2014 па 2017 гады TEDx у Мінску праводзіліся пад маркай TEDxNiamiha, а з 2017 года – пад брэндам TEDxMinsk. Падзеі праходзяць у розных фарматах: невялікія мерапрыемствы TEDxMinskSalon, канферэнцыі для жанчын TEDxMinskWomen і вялікая штогадовая канферэнцыя TEDxMinsk, якая ў гэтым годзе прайшла ў Купалаўскім тэатры.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]