Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Пагоня», якую не стрымаць

01.04.2019 общество
«Пагоня», якую не стрымаць

Першыя гербы, як гербы ў поўным сэнсе гэтага слова, з'явiлiся на тэрыторыi сучаснай Беларусi прыкладна ў XIV стагоддзi.

Яны, у адрозненне ад рыцарскiх заходнееўрапейскiх гербаў, мелi iншае паходжанне. З незапамятных часоў нашы продкi, славяне-крывiчы, карысталiся рознымi сiмвалiчнымi знакамi, якiя служылi iм не толькi знакамi маёмаснай прыналежнасцi, але i знакамi-абярэгамi, якiя павiнны былi дапамагчы iх уладальнiкам у паўсядзенным жыццi або абаранiць iх падчас вайсковай справы.

Выявы гэтых сiмвалаў змяшчалiся як на прадметах бытавога ўжытку (упрыгожаннi, жыллё, адзенне i г.д.), так i на прадметах вайсковага рыштунку (зброя, сцягi i г.д.).

Традыцыi гэтыя зарадзiлiся яшчэ ў паганскiя часы, а прыйшоўшае на беларускiя землi хрысцiянства прынесла свае асаблiвасцi: так, напрыклад, у якасцi абарончых сiмвалаў-абярэгаў воiны сталi выкарыстоўваць выявы анёлаў або Святых, якiх лiчылi сваiмi нябеснымi заступнiкамi.

Вядома таксама вялiкая колькасць разнастайных геральдычных знакаў, якiя выкарыстоўвалi нашы продкi i ў якасцi вайсковых сiмвалаў-абярэгаў. У шматлiкiх летапiсах, на фрэсках i барэльефах сабораў i цэркваў, на iконах, з археалагiчных крынiц знаходзiм звесткi аб гэтых знаках. Часцей за ўсё гэта геаметрычныя фiгуры: прамыя або касыя («андрэеўскiя») крыжы, зоркi з чатырма, шасцю або васьмю канцамi-промнямi, радзей – рэальныя або мiфiчныя iстоты.

Першыя гербы князёў беларускiх зямель таксама мелi просты выгляд. Часцей за ўсё гэта былi спалучэннi розных лiнiй, часта выкарыстоўвалiся эмблемы, асновай якiх з'яўлялася выява стралы, мяча або крыжа, падковы або маладзiка. Так, гербам Вялiкага князя Альгерда (1345-1377 гг.) была выява крыжа з джаламi стрэл уверсе i ўнiзе; гербам Скiргайлы – выява андрэеўскага крыжа; гербам Ягайлы (1377-1392 гг.) – шасцiканцовы крыж, у якога нiжняя перакладзiна была амаль удвая даўжэй за верхнюю.

Гербам Вiтаўта стала вiдазмененая эмблема кiеўскiх князёў – «трызуб», якi атрымаў назвы «слупы Гедымiнавiчаў» або «калоны»: два вялiкiя вертыкальныя слупы, пасярод iх малы слуп на чатырохвугольнiку, унiзе слупы злучаны мiж сабой гарызантальным бруском. Сам жа «трызуб» з'яýляецца стылiзаванай выявай пiкiруючага ýнiз сокала – радавога знака-татэма даiндаеýрапейскага часу. Ён адпавядае старадаўняму ўяўленню аб сонцы як аб сокалу, што захавалася да нашага часу ý загадцы-прымаýцы: «Прыйшоў воўк – народ змоўк, узляцеў ясны сáкол – народ вясёл», дзе «воўк» – цёмная ноч, «ясны сакол» – сонца.

Сокалападобным быў i старажытнаславянскi бог агню i свету Рарог, i ў некаторых славянскiх мовах гэта слова захавалася да нашага часу, напрыклад польскае «rarog» i чэшскае «raroh» у перакладзе – сокал. Стылiзаваная выява пiкiруючага сокала была радавым знакам i летапiснага князя Рурыка, або Рарога.

Гэтыя i iншыя родавыя гербы змяшчалiся на пячатках, грошах, вопратцы, надмагiльных плiтах, будынках i г.д.

Прычым, самымi характэрнымi колерамi гэтых раннiх гербаў былi белы i чырвоны: або белая (срэбная) фiгура змяшчалася ў чырвоным полi шчыта, або наадварот – чырвоная ў срэбным полi. Гэтыя колеры шырока выкарыстоýвалiся ý сiмволiцы славян здаýна: яшчэ аýтар «Слова аб палку Iгараве» упамiнае белыя харугвы i чырвоныя шчыты славянскiх вояý.

Прагеральдычныя знакi нашых продкаý, як i ýзгаданы «трызуб», у большасцi сваёй адпавядалi або мелi сувязь з паганскiмi бажаствамi. Так, галоўным бажаством нашых продкаў быў Бог Святла i Сонца Дажджбог, цi Купала. Яго колер – чырвоны, а сiмвал яго – васьмiпромневая зорка-кветка. Гэты сiмвал i зараз добра вядомы i папулярны сярод нашага народу: ён сустракаецца ў вышываных i тканых нацыянальных узорах i арнаментах, у архiтэктурным дэкоры пабудоў i яшчэ шмат дзе.

Гэты сiмвал атрымаў шырокае распаўсюджанне i пашану сярод беларусаў не выпадкова: згодна са старадаўнiмi легендамi народ наш вядзе свой радавод ад самога Дажджбога-Купалы, таму аўтар «Слова аб палку Iгараве» называе нашых продкаў дажджбожымi ўнукамi.

Даволi часта на прадметах вайсковага ўжытку сустракаецца эмблема Бога вайны, грома i маланкi – Пяруна: шасцiпрамянёвая зорка або кола з шасцю спiцамi. Гэты Пяруноў знак i сёння можна ўбачыць у многiх беларускiх вёсках – ён размяшчаецца на сценах хат i гаспадарчых пабудоў, якія, па павер'ю, абараняе разам з iхнiмi насельнiкамi ад гневу Пяруна – удару маланкай. Выява Пярунова знака на шчытах i латах або кальчузе воiна таксама павiнна была захаваць iх уладальнiка ад гневу Пяруна – ад удару ворага на полi бiтвы.

Задоўга да прыняцця хрысцiянства нашым продкам была вядома i выява крыжа цi чатырохпромневай зоркi, прычым касы цi «андрэеўскi» крыж таксама з'яўляўся знакам-абярэгам воiна. Гэты сiмвал абароны i ачышчэння азначаў ачышчальнае ахвярнае славянскае вогнiшча, малiтву, што злучае чалавека з Богам. Прамы ж крыж цi чатырохпромневая зорка – гэта сiмвал росквiту i стварэння, сiмвал усеаб'емлючай сiлы Бога. Разыходзячаяся ва ўсе бакi свету, яна ўяўляе сабой сiмвал расквiтаючага Сусвету.

Не меньш за Дажджбога шанавалi нашы продкi i Бога Ярылу. Па iх уяўленням, Ярыла – гэта сын Дажджбога, юнак, якi верхам на белым канi аб'язжае зямлю. Ён апрануты ў белую кашулю, басаногi, у руках трымае жытнiя каласы, на галаве – вянок з палявых кветак. Па слову мацi сваёй, жонкi Дажджбога, Багiнi Лады, Ярыла адчыняе вароты нябёсаў i з'язжае з неба на зямлю – у гэты час пачынаецца вясна.

Прыняцце хрысцiянства Полаччынай было больш доўгiм па часе i больш мiрным па спосабе, чым гэта было ў Кiеўскам княстве, дзе «Пуцята хрысцiў мячом, а Дабрыня – агнём», таму ў свядомасцi беларусаў хрысцiянства да сённяшняга дня мiрна ужываецца з паганскiмi вераваннямi i звычкамi. У нямалай ступенi гэтаму спрыяла i сама царква, служыцелi якой, стараючыся вынiшчыць у паствы паганскiя вераваннi i абрады, прызначалi днi хрысцiянскiх святаў на днi паганскiх, а хрысцiянскiх святых «прызначалi» замест паганскiх багоў быць нябеснымi патронамi спраў зямных.

У вынiку гэтага ўладаром маланкi i грому стаў Святы Iлля, ён жа стаў заступнiкам падарожнiку i воiну. Грамавы знак Пяруна (шасцiпромневая зорка цi кола з шасцю спiцамi) пад уплывам хрысцiянства пераўтварыўся ў шасцiканцовы роўны крыж (iншая назва – падвойны крыж), якi таксама лiчыўся знакам-абярэгам воiна на полі бiтвы. Як i маланка на небасхiле, выява гэтага шасцiканцовага крыжа – срэбная (белая) цi, радзей, залатая (жоўтая) на блакiтным цi цёмна-блакiтным полi. Гэты крыж мае падабенства са старажытным каталiцкiм крыжам «Свечыц» (у яго пашыраюцца канцы), а таксама з праваслаўным патрыяршым крыжам i крыжам Святой Еўфрасiннi Полацкай (iх верхняя перакладзiна карацей за нiжнюю). Дарэчы, падвойныя крыжы прысутнiчаюць у Дзяржаўных гербах Венгрыi, Славакii, Лiтвы i некаторых iншых краiн, але іх паходжанне іншае.

У еўрапейскай геральдыцы існуе некалькі назваў падвойнага крыжа: «патрыяршый», «ларранскі», «венгерскі», «архіепіскапскі», «бенедыктынцаў», а таксама «крыж Кірыла і Мефодзія». Але ўсе гэтыя назвы адпавядаюць толькі асобным перыядам гісторыі, а назва «патрыяршы крыж» сведчыць, што крыж такой формы выкарыстоўваецца ў якасці знака адрознення патрыярхаў царквы.

Калі гэты крыж быў абраны Архіепіскапамі царквы ў якасці знака сана – невядома, але ў еўрапейскай геральдыцы падвойны крыж вядомы з XV ст. Прыкладна з гэтага часу вядомы і герб Ордэна Бенедыкта: падвойны крыж на трайным пагорку, маючым дэвиз.

У паўдневаславянскіх краінах падвойны крыж таксама вядомы як крыж Святых Кірыла і Мефодзія і фактычна звязаны з духоўнай асветай славянскіх народаў. Назву ж «ларранскі», падвойны крыж атрымаў у сувязі з тым, што Рэне Анжу герцаг Ларранскі (з 1431г.) у 1435 г. стаў каралём Венгрыі, гербам якога быў падвойны крыж.

Несумненна, што падвойны крыж заходніх і паўдневых славян паходзіць з Візантыі, дзе ён быў вядомы да ІХ ст. У Візантыі існавала некалькі розных тыпаў выяў крыжа. Шматлікія іконы маюць як выявы простага (лацінскага) крыжа з разпятым Хрыстом – Разпяцце, так і выявы падвойнага крыжа, які ўваскросшы Хрыстос трымае ў сваёй руцэ. Ад гэтага падвойны крыж стаў сімвалам Уваскрашэння.

З ІХ ст. заходнеславацкае княства Нітра стала усходней часткай Вялікамараўскай імперыі, на якую імкнулася распаўсюдзіць свой уплыў Візантыйская імперыя праз распаўсюджанне хрысціянства. Менавіта таму сюды ў 863 г. візантыйскім імператарам Міхаілам III была напраўлена місія на чале з манахамі-прапаведнікамі Святым Канстанцінам і яго братам Святым Мефодзіем. Няма сумнення, што менавіта браты-асветнікі славян прынеслі ў Славакію выяву падвойнага крыжа і тлумачэнне яго сімволікі.

У наш час у Еўропе падвойны крыж з’яўляецца сімвалам трох выдатных рэлігійных дзеячаў, якія аднесены да ліку Святых. Гэта Святы Бенедыкт – бацька заходнееўрапейскага манаства і Святыя Кірыл і Мефодзій – два асветнікі славянскіх народаў. А чырвоны і срэбны колеры крыжа сімвалізуюць кроў і цела Хрыста.

У Х-ХІ стст. тэррыторыя Славакіі паступова ўвайшла ў склад Венгерскага каралеўства, што ўзнікла замест Вялікамараўскай імперыі. У складзе гэтага каралеўства тэррыторыя Славакіі складала Паўночнае княства. Гэта княства ў розныя часы мела розны палітычны статус, што залежыла ад таго, хто быў уладаром княства.

Так, князь князь Бэла (1048-1060), брат караля Эндру I, был амаль самастойным манархам з уласнымі васаламі, войскам і незалежнай знешняй палітыкай, якая часам была скіравана нават супраць яго брата-караля. Бэла чаканіў і уласныя манеты, якія мелі ьольшую каштоўнасць, чым манеты караля. На гэтых манетах і змяшчаліся першыя вядомыя ў Славакіі выявы подвойнага крыжа ў выглядзе вертыкальнай лініі перасякаючай двзе паралельныя гарызантальныя. Такім чынам, ужо ў ХІ ст. у славакаў падвойны крыж з’яўляўся не толькі рэлігійным сімвалам, але і палітычным – сімвалам суверэнітэту.

Як вядома, узнікненне геральдыкі звязана з крыжовымі паходамі. Менавіта для таго, каб адрозніць у клубах пылу на полі бітвы закаваных у латы сваіх воінаў ад варожых, рыцары пачалі наносіць на свае шчыты якіе-небудь простыя выявы. У якасці такога знака адрознення ў 1189 г. венгерскі кароль Бэла III, збіраючыся прынять удзел у Трэцім крыжовым паходзе, змясціў на свой шчыт выяву подвойнага крыжа, які к гэтаму часу стаў ужо добра вядомым сімвалам у каралеўстве. Такім чынам, подвойны крыж стаў гербам венгерскага караля, а ў хуткім часе і першым гербам Венгрыіі. У сучасным гербе Венгрыіі гэты герб змяшчаецца ў левай палове шчыта.

Вялiкi князь Вiтаўт таксама меў уласны герб с выявай шасцiканцовага крыжа (патрыяршы з пашыраючымiся канцамi). Менавiта такi крыж быў змешчаны на Дзяржаўным гербе Рэспублiкi Беларусь.

Але ўсе названыя крыжы адрознiваюцца ад падвоенага крыжа тым, што або маюць перакладзiны рознай даўжынi, або гэтыя перакладзiны размяшчаюцца на рознай адлегласцi ад вяршынi i падножжа; у падвойным жа крыжы ўсе канцы аднолькавай даўжынi i адлегласць памiж перакладзiнамi аднолькавая з канцамi крыжа.

Так як i Пярун, паступова было выцеснена са свядомасцi нашых продкаў i другое паганскае бажаство – Ярыла. Яго «замянiў» Святы Георгiй-Пераможац, якога ў нас часцей за ўсе называюць Святы Юры. Гэтаму ў немалой ступенi паспрыяла як падабенства iх iмёнаў (Ярыла – Юры-Гюргi-Георгiй), так i супадзенне дня Святога Юрыя з ярылавым днем (6 траўня – пачатак вясны, першы выган статка ў поле. «Да Юр‘я павiнна сена хапiць i у дурня», – кажа народная прымаўка).

Як сведчаць хрысцiянскiя крынiцы, Святы Юры-Георгiй – гэта рэальна iснаваўшая асоба. Вядома, што Георгiй нарадзiýся ý Кападокii, служыý у рымскiх легiёнах пры iмператары Дыяклетыяне (каля 243–313 гг.) i стаў знатным кападакiйскiм ваенаначальнiкам, меў заслужаныя пашану i славу, але адрокся ад тытулаў, знатнасцi i багацця, прыняўшы хрысцiянства. За выкрыццё паганства i распаўсюджанне хрысцiянства Георгiй зведаў жорсткiя пераследы i страшныя катаваннi.

Вядома, што ў 303 г. ён быў закатаваны насмерць пасля васьмiдзённых здзекаў. За свае мукi i мужнасць, непахiсную веру ў Збавiцеля Георгiй быў кананiзаваны. Лепшыя якасцi Святога Георгiя праявiліся ў яго подзвiгах, адным з якiх было выратаванне iм царэýны Аi (Ана) ад дракона. Мiтрапалiт Макарый у Вялiкай Мiнеi (XVI стагоддзе) так апiсвае гэты подзвiг: «У палесцiнскам горадзе Гавале пасялiýся ý возеры вялiкi змей, якому жыхары павiнны былi аддаваць на з'ядзенне сваiх дзяцей. Калi чарга дайшла i да царскай дачкi, Святы Георгiй з'явiўся ёй ля возера, дзе яна стаяла прынесеная ў ахвяру, i загадаý ёй, абвязаўшы дракону галаву сваiм пасам i абраццю каня, завесцi яго ў горад. Царэўна выканала загад Пераможцы, i калi яна прывяла пачвару ý горад, Святы Георгiй адсек яму галаву мячом i такiм чынам звярнуý у хрысцiянства iдалапаклоннiкаý Гавальскiх». Гэтаму апiсанню адпавядаюць выявы подзвiга Святога Георгiя ў заходнееўрапейскiм жывапiсе i на праваслаўных iконах, толькi на iконах Святы Георгiй не з мячом, а з кап'ём.

Царква абрала Святога Георгiя нябесным апекуном рыцараў – удзельнiкаў крыжовых паходаў супраць мусульманаў i паганцаў. Выява Святога Георгiя ў выглядзе коннага рыцара мае глыбокi сэнс: белы (срэбны) колер вершнiка i яго каня сiмвалiзуе чысцiню хрысцiянства i вернасць запаветам Хрыста, меч – сродак барацьбы за веру, чырвоны колер – поле, залiтае крывёю ворагаў хрысцiянства.

Шмат якiя знатныя людзi i цэлыя народы лiчылi Святога Георгiя сваiм нябесным апекуном i абаронцам. Напрыклад, выява коннага воiна на княжаскiх пячатках i гербах полацкiх i маскоўскiх князёў – сведчанне iх паходжання ад агульных продкаў – кiеўскiх князёў, нябесным заступнiкам якiх лiчыўся Святы Георгiй, бо дакладна вядома, што родапачынальнiкам полацкiх князёў Iзяславiчаў з'ўляецца князь Iзяслаў – сын Вялiкага князя кiеўскага Святога Уладзiмiра-Хрысцiцеля i полацкай князёўны Рагнеды.

Дарэчы, на пячатках i манетах князёў выява вершнiка сустракаецца даволi часта. У рускай сфрагiстыцы пячаткi з выявай вершнiка вядомы з першай паловы XIII стагоддзя. У гэты час самым распаýсюджаным сюжэтам пячатак была выява двух святых, якiя азначалi iмя князя i iмя яго бацькi. Так, напрыклад, на пячатках князя Мсцiслава Мсцiслававiча (пам. у 1328 г.) – выява вершнiка ўправа з дзiдай у руцэ i шасцiканцовым крыжам над плячом. Да гэтага ж часу адносiцца i пячатка князя Усевалада Юр'евiча з выявай вершнiка на яе адваротным баку.

А на пячатках Аляксандра Неўскага была выява каранаванага вершнiка ўправа, якi трымаў у правай руцэ падняты меч. Падобныя выявы мелi на сваiх пячатках Юры Даўгарукi, Дзмiтры Данскi, Барыс Цверскi, Iван Мажайскi i полацкiя князi. Такiм чынам, вершнiк, узброены мячом або дзiдай, – вельмi распаўсюджаная выява на пячатках князёў. Гэта выява потым з'явiлася i на рускiх грошах, якiя выпускалiся ў XIV-XVI стагоддзях.

Падобныя выявы сустракаюцца i на пячатках польскiх князёý: Мешкi Старога, Конрада Мазавецкага, яго сыноў Баляслава i Казiмiра, Пшамыслава Вялiкапольскага; чэшскiх каралёў: Пшамыслава Отакара i Вацлава II. У наш час падобныя выявы маюць гербы некаторых гарадоў Еýропы, напрыклад Полацка цi Масквы. На тыповасць выявы вершнiка ў заходнееўрапейскай сфрагiстыцы, нумiзматыцы i геральдыцы, асаблiва з XIV стагоддзя, звяртаюць увагу шматлiкiя даследчыкi геральдыкi.

Напрыклад, М.П. Сотнiкаý лiчыць, што гэта конная выява Святога Георгiя, якi ў Вiзантыi лiчыўся патронам iмператара i яго войска. А геральдыст XIХ стагоддзя Б. Кёне лiчыў, што такi тып выяў iснуе каля 2000 гадоў – упершыню выява вершнiка сустракаецца на дынарыях рымскага сямейства Фантэя, затым на iмператарскiх манетах – i азначае, што iмператар паражае варожага воiна. З увядзеннем хрысцiянства замест воiна з'явiлася выява дракона i кампазiцыя стала сiмвалiзаваць перамогу хрысцiян над паганцамi.

Акрамя таго, у Еўропе Святы Георгiй лiчыўся апекуном рыцарства, таму георгiеўскi крыж як сiмвал мужнасцi i вайсковай славы рыцарства беларускага з'явiўся ў сярэднявеччы на гербах гарадоў беларускага памежжа: Гомеля, Крычава, Оршы, Невеля. Дарэчы, ёсць звесткi, што белы сцяг з чырвоным крыжам Святога Георгiя быў асабiстым штандартам Вялiкага князя Вiтаўта. На палатне з выявай Аршанскай бiтвы 1514 г. (арыгiнал знаходзiцца ý Варшаве, а копiя – у Оршы, у зале краязнаýчага музея) над беларускiм войскам лунаюць харугвы з выявай Святога Георгiя, а на дзiдах сцяжкi: у белым полi чырвоны Георгiеўскi крыж, вертыкальная паласа якога дзелiць гарызантальную ý прапорцыях 1: 2.

Вымпелы з такiм малюнкам неслi на клоцiках мачтаý i сцягштоках ваенныя караблi Расiйскай iмперыi, экiпажы якiх былi ўзнагароджаны георгiеýскiмi сцягамi.

На гербах iншых гарадоў i нават краiн захавалася iконаграфiчная выява Святога Георгiя-Юрыя. Напрыклад, на Дзяржаўным гербе Грузii. А на старажытным гербе Вялiкага княства Маскоўска-Рускага (цяпер – герб Масквы) у чырвоным полi конны воiн у белай (срэбнай) бранi забiвае дзiдай цмока. Як лiчаць некаторыя гiсторыкi, гэты герб адлюстраваў жаданне, а потым i адбыўшыюся падзею збаўлення рускiх княстваў ад мангола-татарскага ярма, тым больш што вершнiк павернуты, насуперак правiлам геральдыкi, у свой левы бок, што асацыiруецца з Усходам.

Не менш старажытны i не менш вядомы i другi герб з выявай Святога Георгiя-Юрыя: у чырвоным полi конны воiн у срэбнай бранi з занесеным для ўдару мячом у правай руцэ. Гэта старажытны герб крывiцкай, а потым i полацкай зямлi i полацкiх князеў Iзяславiчаў. Толькi ў адрозненне ад «маскоўскага» або «грузiнскага» Святога Георгiя «полацкi» Святы Юры звернуты ў свой правы бок, што асацыiруецца з Захадам, бо палачанам прыходзiлася часцей адбiваць напады не мангола-татар, а заходнееўрапейскiх рыцараў-крыжакоў.

На жаль, няма дакладных звестак аб тым, якiя ўзнагароды iснавалi ў Вялiкiм княстве Лiтоўска-Рускiм, але цалкам магчыма, што вышэйшай узнагародай славутаму рыцару – абаронцу Айчыны быў Крыж Святога Георгiя. Затым Георгiеўскi крыж стаў баявой узнагародай у Расiйскай iмперыi. Без перабольшання, гэта была самая высокая, ганаровая i пачэсная ўзнагарода для воiна рускай армii. Георгiеўская стужка, чорна-аранжавая, колераў дыма i полымя палёў вайны, зараз больш вядома як гвардзейская.

З летапiсных крынiц вядома шмат падзей, калi Масква i Полацк былi ворагамi, але вядомы i падзеi, калi Русь Маскоўская i Русь Полацкая разам адбiвалi варожыя напады, а над баявымi станамi русiчаў луналi сцягi i харугвы з выявамi Святога Георгiя-Юрыя. У якасцi прыклада можна прывесцi ўдзел полацкай дружыны ў складзе войска Аляксандра Неўскага (дарэчы, зяця полацкага князя Брачыслава) у Неўскай бiтве i ў бiтве на Чудскiм возеры.

Хрэстаматыйным у рускай гiсторыi стаў подзвiг нашага земляка Якава Палачанiна. А амаль праз паўтара стагоддзя прывялi свае дружыны на поле Кулiкова на дапамогу маскоўскаму князю Дзмiтрыю полацкi князь Андрэй Альгердавiч i друцкi князь Глеб. Невядома, колькi ратнiкаў-беларусаў прыйшло на поле Кулiкова, але вядома, што друцкая дружына, якая знаходзiлася ў перадавым палку, загiнула амаль уся, ды і ад полацкай няшмат каго засталося.

Дзяржаўныя сімвалы ВКЛ

Менавiта ў сярэднявеччы, з ростам сiлы Полацкага княства i пашырэннем яго межаў, пашыралася i тэрыторыя выкарыстання полацкага герба. У любой краiне таго часу герб яе ўладара станавiўся гербам краiны; так i герб полацкiх Iзяславiчаў, дзе б нi княжыў князь з гэтага роду, заўсёды змяшчаўся на пячатцы i на вайсковай харугве княства, з'яўляючыся яго дзяржаўным сiмвалам.

Такiм чынам, прыкладна ў 60-х гг. XIII стагоддзя «полацкi» Святы Юры стаў гербам маладога Навагародскага княства, а з 1313 г. гэты герб быў зацверджаны ў якасцi Дзяржаўнага герба Вялiкага княства Лiтоўска-Рускага i Жамойцкага. Магчыма, у гэты ж час герб атрымаў кароткую, як баявы поклiч, назву-дэвiз «Пагоня!», што адлюстравала сэнс вайсковай справы беларускай дзяржавы: дагнаць i адбiць у захопнiка нарабаванае iм дабро i вызвалiць захоплены iм палон, але дакументальна назва «Пагоня» ўпершыню зафiксiравана толькi ý гербоýнiку Б. Папроцкага, выдадзеным у 1584 г.

Пра крывiцка-полацкае паходжанне герба з выявай Святога Юрыя – нябеснага абаронцы Белай Русi i заступнiка яе воiнаў сведчаць многiя гiстарычныя крынiцы. Так, у некалькiх старажытных летапiсах, напрыклад у Густынскім або ў Прыбаўленнi да Iпацеўскага, змешчаны сведчаннi, што «...князь Витень нача княжить над Литвою измысли себе герб и всему князству ... печать: рыцер збройный на коне з мечом, еже ныне наречут пагоня». Тут неабходна заўважыць, што слова «iзмыслi» азначае не «прыдумаў» або «выдумаў», а «зрабiў» цi «набыў», гэта слова аднакарэннае такiм словам, як «промысел», «прамысловасць» i г.д.

У гэтых жа летапiсах знаходзяцца і сведчаннi таго, што князь Вiцень (1293-1316 гг.) – гэта прадстаўнiк полацкага роду Iзяславiчаў, патомак Вялiкага князя кiеўскага Уладзiмiра ў IX-м калене. Гэтыя ж звесткi падцвярджаюць вядомыя расійскія вучоныя-гiсторыкi, напрыклад А. Лакiер цi А. Кiркор, якiя карысталiся i iншымi гiстарычнымi крынiцамi, многiя з якiх, на жаль, не захавалiся да нашага часу. Меў такi герб i князь Нарымунт (1277-1348): «… в гербе муж збройный, на коне белом, в полю червонном, мечь голый, яко бы кого гонячи держал над головою».

Аб тым, што гербам Белай Русi здаўна быў вершнiк белы ў чырвоным полi, якi трымаў шаблю (меч) перед сабою, сцвярджае i расiйскі гiсторык В.Н.Тацiшчаў: «Древнейшие манускрипты всю сию страну…Белая Русь имянуют… И для сего герб древнейший: всадник в белом платье…, а Черной Руси, которой литовские князи похитили, в черном, киевский, или малороссийский, в красных одеждах были» i далей: «Герб Белыя Руси издревле был всадник белый в красном поли, саблю имеюсчий пред собою».

Некаторыя даследчыкi сцвярджаюць, што герб «Пагоня» з'явiўся ў вынiку дамоўленасцi лiтоўскiх князёў з рыцарамi Лівонскага ордэна. Так, напрыклад, польскi сярэдневяковы гiсторык С. Акольскi лічыў, што герб з выявай срэбнага шасцiканцовага крыжа ў чырвоным полi быў падараваны Вялiкаму князю Мiндаўгу магiстрам Лiвонскага ордэна ад iмя папы Iнакенцiя IV (1243–1254 гг.) у знак удзячнасцi за саюз з Ордэнам i прыняцце хрысцiянства.

У сувязі з гэтым, адзначаў Акольскi, Мiндаўг абяцаў не ўмешвацца ў дзейнасць Ордэна ў Прусii i Жамойцii, за што крыжаносцы абяцалi князю сваю вайсковую дапамогу. Некаторыя гiсторыкi сцвярджаюць, што князь Нарымонт (1277-1348) атрымаў гэты герб ад магiстра Лiвонскага ордэна Флядэра, на дочках якога былі жанаты князь i яго брат Даўмонт. Але больш верагодна, што Нарымонт i Даўмонт абралi сабе герб полацкiх князёў яшчэ да жанiцьбы на дочках магiстра, а неабходнасць абрання гэтага герба была прадыктавана палiтычным разлiкам – трэба было паказаць, што Нарымонт i Даўмонт маюць старажытны герб i паходзяць са старажытнага роду, а таму яны лiчаць сябе роўнымi, а магчыма, i вышэйшымi за магiстра ордэна.

Найбольш падрабязнае апiсанне герба «Пагоня» прыведзена ў летапiсным спiсе пачатку XVII стагоддзя (захоўваецца ў бiблiятэцы iмя М.Е. Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу), якi з'яўляецца копiяй старажытнага летапiсу: «Пишуть наши кройники руские, и Наримунт был першим автором гербу або клейноту великого князства литовского: в гербе муж збройный, на коню белом, в полю червоном мечь голый, яко бы кого гонячи, держал над головою, и есть оттоля тот названный погоня».

На працягу наступных некалькiх стагоддзяў уладарамi Вялiкага княства Лiтоўска-Рускага i Жамойцкага заставалiся полацкiя Ізяславiчы: брат Вiценя – Гедымiн (княжыў у 1316–1341 гг.), сын Гедымiна – Альгерд (княжыў у 1345–1377 гг.), яго пляменнiк Вiтаўт (княжыў у 1392–1430 гг.), яго сын Ягайла-Уладзiслаў (княжыў i быў каралём Польшы ў 1377–1434 гг.). Дарэчы, Вялікі князь Альгерд, трэці сын Гедыміна ад першай жонкі, князёўны Марыі Віцебскай меў пяць сыноў, якія былі ахрышчаны паводле праваслаўнага абраду: Андрэй (князь Полацкі), Дзмітры (князь Бранскі), Канстанцін, Уладзімір і Хведар; ад другой жонкі, князёўны Улляны Цверскай меў сем сыноў, якія атрымалі паганскія імёны, а затым былі ахрышчаны паводле каталіцкага абраду: Ягайла-Уладзіслаў, Скіргайла-Іван, Карыбут-Дзмітры, Лінгвен-Сямён, Карыгайла-Казімір, Вігунт-Аляксандр і Свідрыгайла-Баляслаў.

3 1434 па 1440 гг. вялікім князем быў брат Вітаўта Жыгімонт. Прыкладна ў гэты час літоўскія геральдычныя матэрыялы трапілі да заходнееўрапейскіх геральдыстаў і былі ўключаны ў шведскі гербоўнік "Бергсхамерскі кодэкс". У ім можна ўбачыць сярэбранага конніка на чырвоным полі з узнятым над галавой мячом. Ад класічнай "Пагоні" яго адрознівае шчыт на руцэ конніка – чырвоны з залатой выявай "Калюмнаў". Побач асобна эмешчаны і шчыт, які ўжываў Ягайла – блакітны з залатым шасціканцовым крыжом. На іншым аркушы гярбоўніка намаляваны коннік з мячом, на шчыце якога – контур двухпрыступкавай піраміды, вельмі падобны на "Калюмны". Аналагічныя гербы змешчаны і ў брусельскім гербоўніку "Гімніх" (таксама XV ст.).

З 1386 г., калi памiж Польшай i Вялiкiм княствам была заключана ўнiя, «Пагоня» стала часткай агульнадзяржаўнага герба. У 1539 г. Жыгiмонт Аўгуст унес у малюнак «Пагонi» некалькi змен: на шлеме вершнiка з'явiýся султан з пер'я, а на канi – трохрогавая гунька з каймой. Канчатковае юрыдычнае афармленне «Пагонi» было зроблена Статутамi Вялiкага княства 1566 i 1588 гг., дзе сказана i аб абавязковым ужываннi выявы герба на пячатках ваяводстваў i паветаў дзяржавы. Пячаткамi з выявай «Пагонi» замацоўвалiся ўсе важнейшыя мiжнародныя дамовы Вялiкага княства з Тэўтонскiм ордэнам, Маскоўскiм княствам, Швецыяй, Малдавiяй, Свяшчэннай Рымскай iмперыяй, гарадамi Ганзы i iншымi дзяржавамi тых часоў.

Цiкавыя звесткi паведамляе Ян Длугаш, аўтар хронiкi аб Грунвальдскай бiтве. Паводле яго хронiкi, войска Вялiкага княства Лiтоýска-Рускага складалi 40 вайсковых адзiнак – харугваý, у складзе якiх былi лiтоýцы, русiны (усходнiя славяне – жыхары Вялiкага княства), жмудзiны i татары. 20 харугваў мелi сцягi з выявамi «Пагонi», дзесяць – сцягi з выявай «Слупоý» – радавога знака Вiтаýта, полацкага варыянта кiеýскага «трызуба». Несумненна, што кожная вайсковая харугва з Вiльнi, Трок, Гароднi (дзве), Коўна, Лiды, Полацка, Вiцебска, Навагародка, Ваўкавыска, Чартарыйска, Лукамля, Меднiкаў, Бярэсця, Пiнска, Кiева, Старадуба, Дарагiчына, Мельнiка, Крэмянца, Смаленска, Кобрына, Вiлькамiра, Менска i Заслаўя, Мсцiслава, Ноўгарад-Северскага, Магiлёва, Оршы, Слуцка, Уладзiмiра (Валынскага), Ратны, Нясвiжа, Крэва, Ашмян, Ушполя, Львова, Перамышля, Холма, Падолля (тры), Галічыны, якiя выставiлi сваiх вояў на абарону Радзiмы, мелi свае Баявыя Сцягi – ваяводскія харугвы. 20 з іх былі чырвонага колеру, дакладней, розных адценняў чырвонага.

Дакладных звестак аб гэтых харугвах, на жаль не захавалася, але магчыма, што на іх аснове былі створаны ваяводскія і павятовыя харугвы пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565г. Усе яны мелі на адным баку выяву «Пагонi», на другім (у некаторых) -- дадатковыя выявы. У кожнага ваяводства быў свой колер, але пераважалі адценні чырвонага.

Паводле «Лiтоýскай метрыкi» 1565г. сцяг Вiленскага ваяводства быý чырвоным, Валынскага – «брунатым», Полацкага – «сiкаражым», Навагароцкага – «пелiстым», Менскага – «гваздзiковым». Але ý кнiзе А. Гваньiнi, складзенай у 1578г., усе гэтыя сцягi апiсаны як чырвоныя. Жамойцкае староства мела белы сцяг, Вiцебскае – зялены, Берасцейскае i Троцкае – блакiтныя, Мсцiслаўскае – жоўты. або, паводле Гваньiнi, аранжавы. Усе сцягi ваяводстваý мелi два рагi i адрознiвалiся, акрамя колеру палотнiшча, колерам вершнiка i каня.

Гваньіні апісвае таксама Дзяржаўную харугву ВКЛ і Штандар Найвышэйшага гетмана. Дзяржаýная харугва Вялiкага княства, якая ýяýляла сабой чырвонае прамавугольнае палатно «шасцiдзесяцi локцяý» з чатырма рагамi: на адным баку палатна была выява Святога Юрыя – Дзяржаýны герб «Пагоня», на другiм – выява Дзевы Марыi з дзiцём Iiсусам на руках на фоне Сонца. Штандар Найвышэйшага гетман княства ўяўляў сабой блакiтнае палатно з выявай «Пагонi» на адным баку i Святога Станiслава – на другiм.

Харугвы былi багата расшытыя раслiнным арнаментам (у XVI стагоддзi) або жывёльным (у XVII стагоддзi). Усе гэтыя ваяводскія харугвы, а таксама і павятовыя, пасля адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565г. пачалі вырабляцца цэнтралізавана і мелі на адным баку выяву Дзяржаўнага герба, а на другім – іншую выяву або надпіс.

Такі выгляд штандараў захаваўся да канца існавання ВКЛ, што бачна з іх апісання ў гербоўніку К.Нясецкага XVIIIст. Некаторыя з іх у канцы таго ж стагоддзя прыгадваюцца рускімі чыноўнікамі пры апісанні новадалучаных да Расіі зямель ВКЛ. Асобныя штандары захаваліся ў музеях па сённяшні дзень.

Дзяржаўны герб «Пагоня» у розныя перыяды гiсторыi меў свае адметныя рысы: на пячатцы Гедымiна вершнiк замест мяча трымае наперавес дзiду; на пячатках Ягайлы, якiя датуюцца 1388 г., на шчыце вершнiка – выява шасцiканцовага крыжа з больш доўгай нiжняй перакладзiнай; на пячатках Вiтаўта на шчыце – выява «Слупоў» Гедымiнавiчаў. Такiм чынам, на шчыце «Пагонi» змяшчалiся асабiстыя гербы ўладароў дзяржавы. З часоў Вiтаўта «Пагоня» канчаткова стала гербам дзяржавы, а «Слупы» – гербам правячай дынастыi. У часы праўлення рода Ягайлавiчаў замест «Слупоў» на шчыце «Пагонi» зноў з'явiўся шасцiканцовы крыж, а «Слупы» сталi выкарыстоўвацца ў якасцi асабiстага герба Вялiкага князя. Такiм чынам, герб «Пагоня» фактычна з'яýляýся афiцыйным дзяржаýным гербам Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага i Жамойцкага з канца XIV стагоддзя i да моманту канчатковага знiкнення гэтай дзяржавы ў канцы XVIII стагоддзя.

Леанід Спаткай, istpravda.ru

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]