Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Беларусы Каліфорніі ўрачыста адзначылі 101-ую гадавіну абвяшчэння БНР

02.04.2019 политика
Беларусы Каліфорніі ўрачыста адзначылі 101-ую гадавіну абвяшчэння БНР

Беларусы Сан-Францыска і Бэй Эрыі сабраліся на свята Дня Волі ў Каліфорніі.

Трэці раз запар свята адбываецца ў маляўнічым парку горада Сан Матэа, на беразе заліва Сан-Францыска, піша «Новы час».

У гэтым годдзе на свята быў запрошаны вядомы беларускі музыка Сяргей Доўгушаў. Па вядомай традыцыі амерыканскіх індзейцаў «Потлак» (potluck), беларусы прынеслі шмат ежы, з прысмакаў нават былі дранікі, смажаныя на грыле каўбаскі, разынкай святочнага стала стаўся торт з надпісам БНР 101.

Арганізатарка свята Надзея Нортан павіншавала беларусаў са 101-й гадавінай абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і крыху распавяла пра гісторыю стварэння БНР, ды заклікала папляскаць у далоні ў гонар айцоў-заснавальнікаў БНР. На свята з Арызоны спецыяльна прыляцела заснавальніца Фэйсбук-суполкі "Official Page: Belarusians in California - San Francisco/Bay Area”, якая існуе ад 2008 года, Ліана Бурсава. Яна прывітала ўсіх, ды прапанавала кожнаму падысці да незнаёмага чалавека і пагутарыць.

Сяргей Доўгушаў распачаў канцэрт, заспяваў беларускія песні, зайграў на ліры і дудках. Песні «Талака» пад гітару ўсе голасна падпявалі. Пасля агульнага здымку, як мае быць, тройчы пракрычалі «Жыве Беларусь».

Сяргей Доўгушаў заклікаў усіх стаць у кола, пачалося «Гуканне вясны», якая крыху затрымалася нават і ў Каліфорніі, пад спевы «Мядуніцы» ды іншыя вадзілі карагоды, гулялі ў розныя беларускія гульні (”Мост”, ”Бабыль” ды іншыя).

Напрыканцы адбыўся мабыць самы кранальны момант свята: першы на Каліфорніўшчыне «Спеўны ход» спеў гімны БНР. Сяргей Доўгушаў падрыхтаваў публіку да спеваў, і пад музыку беларусы Каліфорніі, шмат хто ўпершыню, заспявялі «Пагоню», «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», пад спевы гімну «Магутны Божы» былі бачныя слёзы ў вачах. Не дзіва, бо на гэты момамт усе разам апынуліся ў роднай прасторы, мы стварылі сваю Беларусь на чужыне, адчувался зладжанасць спеву і пачуццё еднасці, гонару і адначасова болю за Радзіму. І як апошні акорд свята, усе разам заспявалі ўсім вядомую і любімую Купалінку.

Беларусы падыходзілі да Надзеі Нортан і Сяргея Доўгушава, дзякавалі за свята і выступ, распытвалі Сяргея наконт інструментаў, ды ягонай творчасці на Беларусі. На свяце прысутнічаў бельгіец Сымон, які пад час навучання ў беларускай кансераваторыі не толькі навучыўся размаўляць на расейскай мове, але і ажаніўся на беларускай дзяўчыне, і зараз выдатна разумее беларускую мову. Працуе ён у школе, недалёка ад Сан-Францыска, дзе распавядае пра традыцыю беларускіх народных спеваў. Таксама завітала пара з Канады, якая зараз жыве ў Сан-Францыска: беларуска з Таронта, дачка спевакоў з гурту «Яваровы людзі» са сваім мужам канадцам.

Агулам прысутнічала каля 65 чалавек, па ўсёй пляцоўцы луналі бел-чырвона-белыя сцягі з Пагоняй. Большасць прысутных была ў вопратцы а з элементамі беларускай гістарычнай сымболікі.

Усім жадаючым малявалі бчб свяжкі на тварах, асабліва гэта спадабалася маленькім беларусам. Свята атрымался вясёлым, добрым, сонечным і, як адзначалі многія ўдзельнікі, душэўным. Беларусы чарговы раз засведчылі сваю гасціннасць, добразычлівасць і ветлівасць!

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]