У кожнага з нас павінна быць не дзве душы, якія ў канфлікце паміж сабой, а толькі адна, якая хвалюецца за родны край.
Небяспечную хваробу, якая даймае насельніцтва краіны, перашкаджае рухацца наперад у палітычным, эканамічным і сацыяльным развіцці, яшчэ ў 1919 годзе выявіў класік айчыннай літаратуры Максім Гарэцкі. Яго дыягназ «абмаскаленыя беларусы» — лаканічны, але за ім стаіць безліч праблем.
Пасля развалу СССР перад жыхарамі незалежнай Беларусі паўстаў шэраг важных задач. Трэба было адначасова: вучыцца жыць у дэмакратычных умовах, быць адказнымі за ўласны дабрабыт, павышаць палітычную культуру, згуртоўвацца ў грамадзянскую супольнасць, фарсіравана займацца нацыянальным і дзяржаўным будаўніцтвам, адраджаць родную мову, культуру, народныя традыцыі. Гэты шлях — не новы, яго праходзілі ўсе народы (палякі, чэхі, немцы, іспанцы, італьянцы), якія вырываліся на свабоду з таталітарызму. Толькі так можна займець асабістую годнасць, развітую нацыю і эканамічна моцную краіну.
Беларусы, адлучаныя ад гістарычных каранёў, задураныя савецкай прапагандай, адвучаныя думаць і дзейнічаць самастойна, звыклыя жыць паводле каманды зверху і хадзіць строем, на жаль, спасавалі прад аб’ёмнай, але неабходнай працай. Спадзяванні і прыклады стваральнага энтузіязму, якія былі ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя, скончыліся адразу пасля ўсталявання аўтарытарызму. Навошта клапаціцца пра свой дабрабыт і развіццё краіны, калі ўсё абяцае забяспечыць індывід, які рвецца ў правіцелі? «Я дам вам!» — з папулісцкай абяцалаўкі і пачалася дурная вера ў «новага цара», катастрафічны спад народнай ініцыятыўнасці і працавітасці.
Шмат постсавецкіх кіраўнікоў, пераймаючы прыклад дыктатара Сталіна, з дапамогай рэпрэсіўных органаў забяспечылі сабе і нахабна ўтрымліваюць абсалютную ўладу. Згодна апошняй казахскай фармулёўкі, яны саманадзейна лічаць сябе «единственными и пожизненными отцами народов».
Азіятчыну з яе жорсткім дэспатызмам, рабскім пакланеннем начальству ўсходнія заваёўнікі прынеслі на Русь яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Беларускія землі засталіся ўбаку, яны не абкладаліся данінай, не зведалі ардынскіх нукераў і баскакаў, якія кантралявалі і рабавалі. Варожая навала зачапіла крыху паўднёвых тэрыторый, але і там чужынцы атрымалі адпор. Мужныя продкі не дазволілі татара-манголам сесці сабе на шыю.
Затое праз імперскую Расію, якая захапіла нашы землі (грабежнічаць вучылася ў ардынцаў!), а затым праз сталінскую дыктатуру ў СССР дух азіятчыны запоўз і ў Беларусь. Яго панаванне ў выглядзе прымітыўнай, але подлай і разбуральнай «саўгаснай дыктатуры» цяпер забяспечваюць якраз «абмаскаленыя беларусы».
Аповесць М. Гарэцкага «Дзве душы», з якой прыйшоў гэты выраз, была спачатку апублікавана раздзеламі ў газеце «Беларуская думка», а затым выйшла кнігай у 1919 годзе. Вярнулася яна з небыцця праз 70 гадоў у часопісе «Полымя», дзе я працаваў галоўным рэдактарам.
Цытую выказванне героя твора: «Міколе, як і ўсім адраджэнцам, было дужа цяжка знасіць тое, што на тэрыторыі Беларусі ў бальшавізму, апрача чужынцоў, ачынуліся і ўзяліся кіраваць беларускім сялянствам якраз найгоршыя на іх погляд беларускія людзі, бо абмаскаленыя беларусы, закаранелыя рэнегаты і партыйна-тупыя праціўнікі «ўсякага там яшчэ адраджэння», пагарджаўшыя, з іх убогай духоўна фанатычнасцю, беларускай моваю і ўсім нацыянальна-беларускім».
Крытык Т. Мушынская піша: «Падобнае сцвярджэнне і лічылася крамолай. Яно, а таксама агульны пафас аповесці і вырашылі яе далейшы лёс. Маўчалі спецхраны, не адчыняліся дзверы перад тымі, хто турбаваўся, каб «Дзве душы» сталі актыўным набыткам літаратуры, а не толькі яе гісторыяй. Нялёгка было і рэдактару «Полымя» С. Законнікаву, які прабіваў аповесці дарогу ў друк». Цытую гэтыя словы не для таго, каб напомніць пра ўласныя заслугі, а проста згадваю пераломныя гады і ўмовы, у якіх давялося працаваць. Яшчэ быў СССР, і мяне — былога загадчыка сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ — часта выклікалі ў «ружовы дом», дзе адбыў 8 з гакам гадоў «салдатчыны», на сур’ёзную прачуханку за «крамольныя» публікацыі. А між тым тыраж «Полымя» вырас у два разы...
Прайшло яшчэ 30 гадоў, а зруху да лепшага так і няма. Пакуль існуе «саўгасная дыктатура» і ва ўсіх сферах кіруюць «абмаскаленыя беларусы», нацыянальнага адраджэння не адбудзецца. Палітыка «дробных крокаў» самадзейнымі сіламі — не паратунак. Толькі нешта зрушылася ў адным месцы, як у іншым — ліквідуецца набытае. На духоўнае і фізічнае здароўе нацыі павінна працаваць дзяржава.
Беларусам, калі мы хочам захавацца як нацыя, трэба вызначыць стаўленне да роднай мовы. У нас развялося шмат адвакатаў русіфікацыі. Дзікунствам займаюцца не толькі неадукаваныя людзі, але і дактары навук. Прытым супраць беларускай мовы ваююць не прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, а менавіта «абмаскаленыя беларусы». Яны не бачаць нічога страшнага ў смерці айчыннага слова, якім продкі карысталіся на працягу стагоддзяў. Стала звыклым параўноўваць мову з каўбасой і маслам, маўляў, яе на хлеб не пакладзеш і не намажаш. Так здраднікі маскіруюць сваю віну.
Але рэаліі прад вачыма: і родная мова ў загоне, і каровы па шыі ў гноі стаяць! Калі ў краіне, якой кіруе былы дырэктар саўгаса, не дагледжана жывёла, то што ўжо адбываецца з навукай, адукацыяй, медыцынай, культурай… У інфармацыйнай прасторы ад разумных людзей даўно гучыць сігнал: «SOS!»
Родная мова — гэта не тавар, а святыня, дадзеная народу Вышэйшай Воляю. На ёй трэба не толькі гаварыць, але і думаць, чаго цяпер бракуе вельмі многім. Мова нацыянальна дысцыплінуе чалавека, дапамагае яму адчуць прыналежнасць да свайго народа, уласную адказнасць за яго сённяшні дзень і будучыню.
Выказваючы пагарду да роднай мовы і культуры, здраднікі абражаюць асабіста кожнага з нас, а самі выпадаюць з паняцця «беларускі народ». Якія адносіны да народа маюць чыноўнікі, што вальяжна сядзяць на яго карку і рабуюць, якая роднасць можа быць у прыстойных, сумленных, працавітых людзей з садыстамі, жулікамі і казнакрадамі?
Тэлевізійны начальнік М. Маркаў, як і многія паслугачы рэжыму, не ведае: «Кто мы, откуда и куда мы идем?» Так і ёсць. Значная частка насельніцтва — гэта і не беларусы, і не рускія, а нешта няпэўнае, аморфнае. Але Беларусь ва ўсе часы трымалася на свядомых, праўдзівых і мужных людзях!
Дык што, будзем пад бізуном «абмаскаленых беларусаў», якія не ведаюць ні гісторыі, ні геаграфіі, ні матэматыкі, целяпацца ў балоце аўтарытарызму або пачнем ствараць жыццяздольную, моцную нацыю, эканамічна развітую, дэмакратычную дзяржаву?
Нагадваю словы з аповесці «Дзве душы»: «Ці ж можна шкадаваць сіл, прыгажосці, маладосці для адраджэння бацькаўшчыны?» Я ўпэўнены, што большасць з нас, нягледзячы на хранічны страх, здольныя адпрэчыць прапагандысцкую хлусню, выявіць волю ў сабе, стаць сапраўднымі беларусамі і грамадзянамі.
У кожнага з нас павінна быць не дзве душы, якія ў канфлікце паміж сабой, а толькі адна, якая хвалюецца за родны край, уласных нашчадкаў і ўвесь беларускі род. За іншыя краіны, у тым ліку і за Расію, хай перажываюць іх насельнікі.
Запавет Максіма Гарэцкага застаецца ў сіле: «А вы, браты мае, сястрычкі мае, здабывайце сабе волю, гадуйце ў сабе волю, перш-наперш будзьце вольны ў саміх сабе».
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com