Урочышча - святое для беларусаў месца.
Рада БНР выказвае сваё асуджэньне і сум з нагоды зьнішчэньня крыжоў ва ўрочышчы Курапаты, пiша radabnr.org.
Курапаты – месца, дзе савецкі таталітарны рэжым зьнішчыў дзясяткі тысячаў бязьвінных людзей. Гэта галоўны беларускі нацыянальны мэмарыял ахвяраў савецкага тэрору, аналягічны таму, як Хатынь – знакавае месца памяці ахвяраў нацыстоўскага тэрору супраць мірнага беларускага насельніцтва, а Трасьцянец і мэмарыял “Яма” ў Менску – месцы ўшанаваньня памяці соцень тысячаў беларускіх габрэяў, забітых у час Галакоста.
Адначасова Курапаты – гэта месца, якое з канца 80-х гадоў увасабляе адраджэньне беларускага народу зь нябыту. Адметнасьць і сымбалічнасьць гэтага мэмарыялу ў тым, што ён падтрымліваецца выключна сіламі беларускае грамадзянскае супольнасьці, без удзелу афіцыйных уладаў, а часьцяком і насуперак іхнаму ціску або злачыннаму бязьдзеяньню. Менавіта такім народным мэмарыялам Курапаты маюць быць у будучай дэмакратычнай Беларусі.
Рада БНР асуджае спробы ўладаў зьмяніць склаўшуюся натуру і характар мэмарыяла Курапаты і заклікае беларусаў усяляк падтрымаць актывістаў, якія стаяць на абароне гэтага сьвятога для ўсіх нас месца.