Для хрысціянаў крыж зʼяўляецца знакам перамогі над грахом, сатаной і смерцю.
У чацвер ўлады раптам арганізавалі знос дзясяткаў крыжоў, пастаўленых ва ўрочышчы Курапаты, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій і створаны народны мемарыял.
Крыжы ў Курапатах павінны застацца, упэўнены Кусташ Санктуарыя Маці Божай Фацімскай горада Жодзіна Міхаіл Цвячкоўскі, піша ex-press.by .
— Думаю, што слушныя заявы нашага Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і канцлера Курыі Юрыя Санько бачылі ўсе. Дэмантаж крыжоў з'яўляецца балючай падзеяй, тым больш — яна адбываецца ў Вялікі пост, калі вернікі ў гэтым часе ўшаноўваюць крыж асаблівым чынам. Крыжы ў Курапатах пастаўлены на месцы расстраляных людзей, якіх забівалі ў імя нібыта лепшай будучыні для тых жа людзей. Абсалютны парадокс: у імя ідэалогіі лепшага жыцця для людзей (будаванне камунізму) тых, якія маюць іншае меркаванне, пазбаўляюць жыцця. Мэта ніколі не апраўдвае сродкі, тым больш, калі мэтай становіцца ідэя, а чалавек — сродкам для таго, каб яе дасягнуць.
Крыжы ў Курапатах зʼявіліся як знак малітвы за памерлых і таксама як знак пратэсту супраць забойства тых, хто думае іначай, і сталі так званай перашкодай у будаванні камунізму — «лепшай будучыні».
Вядома, крыжы павінны застацца, яны — сімвал Веры, ушанаванне памяці расстраляных. Тым больш, ніхто ніколі не прасіў прабачэння за расстрэлы, факт якіх дакладна ўстаноўлены. А калі няма просьбы аб прабачэнні, то як можна быць перакананым у тым, што такое больш не паўтарыцца? Для хрысціянаў крыж зʼяўляецца знакам перамогі над грахом, сатаной і смерцю. Публічнае знішчэнне знаку Крыжа кранае душы людзей.
На працягу Вялікага посту кожную пятніцу ў касцёлах Беларусі адбываюцца набажэнствы Крыжовага шляху. Сення, 5 красавіка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заахвочвае ва ўсіх касцёлах Беларусі маліцца аб перапрашэння за ўсе знявагі Святога Крыжа, здзейсненыя на нашай зямлі.