Ён мог бы стаць сапраўдным прэзідэнтам Беларусі, хаця быў украінцам па нацыянальнасці.
Ён здолеў бы правесці неабходныя рэформы і вывесці краіну на новы ўзровень, забяспечыць яе грамадзянам годны ўзровень жыцця і сяброўства з суседзямі.
Генадзь Карпенка — дэпутат і навуковец-вынаходнік, доктар навук і кіраўнік аднаго з буйных беларускіх заводаў, а затым і гарадоў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР і намеснік старшыні Вярхоўнага Савета. І ўсё гэта ў няпоўную палову стагоддзя. Такім дасягненням можа пазайздросціць кожны.
Прыхільнік інавацый
Вырашальным момантам у жыцці Генадзя Карпенкі стала яго абранне дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання ў сакавіку 1990 года ад Маладзечанскай-Купалаўскай акругі. Дырэктар Маладзечанскага завода парашковай металургіі, якому толькі-толькі мінула сорак гадоў, упэўнена абышоў сваіх дваіх канкурэнтаў (адзін з іх — сакратар Мінскага абкама КПБ) ужо ў першым туры.
На гэтым Карпенка не спыніўся і, атрымаўшы дэпутацкі мандат, вылучыў сваю кандыдатуру на пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. Аргументы ў Карпенкі былі даволі моцныя. Стаўшы ў лютым 1987 года дырэктарам завода, Генадзь Карпенка ператварыў стратнае (2,5 млн. руб. пазыкі) прадпрыемства ў прыбытковае. Пры абмеркаванні кандыдатуры Карпенкі прагучала інфармацыя, што працоўныя завода харчуюцца задарма. Дзвесце дэпутатаў без ваганняў аддалі свае галасы за Карпенку, які мусіў пакінуць пасаду дырэктара, бо вырашыў працаваць старшынёй камісіі. Дэпутат Мікалай Гарэлік заявіў, што «в Карпенко сочетаются ум ученого и энергия практика».
Галоўную задачу ў працы камісіі Карпенка бачыў ва ўзмацненні сувязі навукі і вытворчасці, ліквідацыі бюракратычных перашкодаў: «Между институтами и заводами стоит огромная пропасть по внедрению разработок. Сегодня ни один ученый не может пробить стену на предприятии со своими разработками, эту стену надо раздолбать». Гэтыя словы Карпенкі ў 1990 годзе на пасяджэнні сесіі Вярхоўнага Савета 1 чэрвеня 1990 года былі падтрыманыя буйным партыйным кіраўніком Яфрэмам Сакаловым. Тады ж Генадзь Дзмітрыевіч прамовіў літаральна прароцкія словы: «Надо направлять средства в наукоёмкие технологии. Если мы хотим быть богатыми, то должны плясать от научно-технического прогресса».
На жаль, на той час, многімі кіраўнікамі і дэпутатамі гэта не ўсведамлялася, яны жылі старымі штампамі. Напрыклад, па Шклоўскай выбарчай акрузе №310, дзе падчас выбараў у Вярхоўны Савет 12-га склікання ў 1990 годзе вылучаўся Аляксандр Лукашэнка, балатаваўся і дырэктар эксперыментальнай фабрыкі «Спартак» Уладзімір Громаў, які ў сваёй перадвыбарчай праграме ратаваў за выкананне авантурнай Харчовай праграмы, зацверджанай яшчэ пры Брэжневе.
Альбо іншы прыклад. 5 чэрвеня 1990 года на пасаду старшыні пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання па пытаннях архітэктуры, будаўніцтва, вытворчасці будаўнічых матэрыялаў і жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада і сяла прэтэндаваў Мікалай Карніевіч — высокапастаўлены чыноўнік у сістэме ЖКГ. Калі адзін з дэпутатаў спытаўся, ці верыць спадар Карніевіч у тое, што кожная сям’я рэспублікі будзе да 2000 года забяспечана асобнай кватэрай ці ўласным домам, той шчыра адказаў станоўча.
Ва ўмовах паглыблення эканамічнага крызісу і непазбежнага распаду Савецкага Саюза Генадзь Карпенка пачынае разумець, што адным з перспектыўных сектараў эканомікі з’яўляецца прадпрымальніцтва. 17 верасня 1991 года, вылучаючы сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Вярхоўнага Савета, Карпенка сцвярджаў: «За счёт усиления налогового пресса мы не выживем, надо развивать предпринимательство и малый бизнес».
Тады кандыдатура Карпенкі не была падтрыманая парламенцкай большасцю, а галоўная барацьба за пасаду разгарнулася паміж Станіславам Шушкевічам і Вячаславам Кебічам.
«Горад Сонца»
Аднак Карпенка ўжо даваў «зялёнае святло» прадпрымальнікам і бізнесменам на рэгіянальным узроўні. З вясны 1991 года Карпенка ўзначаліў пасаду старшыні выканкаму Маладзечанскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, стаўшы, як гавораць у народзе, «мэрам». Яго намеснікам становіцца малады дэпутат Віктар Ганчар. Разам яны спрабуюць рэалізаваць такія праекты, якія істотна мяняюць і знешні выгляд (напрыклад, будаўніцтва стадыёна), і атмасферу горада. Сапраўднай візітнай карткай горада становіцца Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі, а таксама конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні. І гэта не дзіўна, бо Генадзь Карпенка ў Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання быў яшчэ і членам камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны, якую ўзначальваў Ніл Гілевіч.
У ліпені 1993 года тагачасны карэспандэнт «Народнай газеты» Павел Якубовіч у адным з нумароў гэтага выдання, верагодна, у парыве пачуццяў назаве Маладзечна «городам Сонца» — па аналогіі са знакамітым творам Тамаза Кампанелы.
У часе працы ў Маладзечне адбылася падзея, якая таксама са станоўчага боку характарызуе Карпенку: 16 красавіка 1992 года ён пакінуў пасаду старшыні парламенцкай камісіі і цалкам сканцэнтраваўся на маладзечанскіх справах. Цікава, што ў кіраўніцтва Вярхоўнага Савета была думка скасаваць камісію па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, альбо зліць яе з іншай камісіяй у фармаце рэарганізацыі Вярхоўнага Савета ў цэлым. Аднак, развітваючыся з камісіяй і звяртаючыся да Шушкевіча, Карпенка сказаў: «У нас нет ресурсов, единственный источник существования республики — это её мозг». У выніку 16 красавіка 1992 года за скасаванне камісіі прагаласавалі толькі 116 дэпутатаў пры неабходным кворуме ў 174 галасы.
Канешне, напэўна падчас працы ў Маладзечне Карпенка і яго каманда сутыкаліся з вялікімі цяжкасцямі. На жаль, не ўсё, што было запланавана, удалося ажыццявіць. Гэта імкнуліся скарыстаць яго ворагі і зайздроснікі, палітычныя праціўнікі. Так, 11 красавіка 1995 года пры абмеркаванні пытання на агульнарэспубліканскі рэферэндум аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй Карпенка канстатаваў катастрафічны стан беларускай эканомікі. Адказ абуранага беларускага кіраўніка быў наступным: «Вы уже город солнца построили. Вернитесь и достройте тот Бродвей с банками. Там ужас, что происходит». 7 сакавіка 1996 года дэпутат Вярхоўнага Савета 13-га склікання і асабісты стаўленік Лукашэнкі Уладзімір Канаплёў заявіў, што ў працы Карпенкі ў Маладзечне нібыта не ўсё чыста.
Карпенка рашуча рэагаваў на паклёпніцкія публікацыі на свой адрас у бытнасць маладзечанскім «мэрам». У Нацыянальным архіве ў асабістым фондзе №1376 Генадзя Дзмітрыевіча захавалася рашэнне суда Партызанскага раёна. Мінска ад 28 снежня 1995 года. Паводле рашэння суда інфармацыя ў артыкуле «Справедливый город Молодечно. Кто не согласен с Карпенко, пусть ищет себе другой приют» («Газета Андрея Климова», 5 мая 1995 года) абвяшчалася паклёпніцкай (быццам бы незаконны продаж аб’ектаў гандлю і г.д.), а само выданне павінна было сплаціць Карпенку 10 000 000 руб.
Калі ў «Народнай газеце» ў нумары за 2 кастрычніка 1996 года (да гэтага часу газета была захоплена прэзідэнцкімі структурамі і выведзена з-пад кантролю Вярхоўнага Савета) з’явіўся артыкул аўтара Кастрова «Пятое измерение Геннадия Карпенко», былы «мэр» без ваганняў падаў у суд. У судовым іску Карпенка (ён таксама захоўваецца ў яго асабістым фондзе) пераканаўча даказаў ілжывасць абвінавачванняў Кастрова (дарэчы, нягледзячы на ўсе намаганні істца, «Народная газета» так і не выдала сапраўднага імені свайго «героя»). Напрыклад, Кастроў даказваў, што будучы «мэрам», Карпенка яшчэ ў 1989 годзе незаконна атрымаў у Маладзечне трохпакаёваю кватэру. «Журналіст» Кастроў нават не ўдасужыўся праверыць, што Карпенка на той час быў дырэктарам завода, а горад узначаліў толькі ў 1991 годзе. Да таго ж кватэру Карпенка атрымаў на законнай падставе, як спецыяліст з іншай мясцовасці на прадпрыемстве з унікальнай вытворчасцю. Суму іску Карпенка вызначыў у 2 млрд. 500 тыс. руб., аднак не дачакаўся заканчэння суда…
«Сумленны маклер»
Канешне, Карпенка любіў уладу. У артыкуле «Власть — понятие реальное» (Народная газета. — 1992. — 17 снежня.) Карпенка адзначаў у ёй неабходнасць «резкого усиления исполнительных органов и персональной ответственности». Аднак Генадзь Дзмітрыевіч лічыў, што шлях да яе павінен быць сумленным. Гэта яскрава праявілася падчас першай прэзідэнцкай кампаніі. Карпенка вырашыў вылучыцца і атрымаў падтрымку калег-дэпутатаў (паводле тагачаснага заканадаўства, кандыдат на пасаду прэзідэнта мог заручацца не менш як 70 подпісамі дэпутатаў Вярхоўнага Савета). Адначасова ініцыятыўная група Карпенкі пачала збор подпісаў. Неўзабаве планы тых дэпутатаў, якія падпісаліся за Карпенку, змяніліся: 16 мая 1994 года кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады (БСДГ) Алег Трусаў заявіў, што члены грамады адклікаюць свае подпісы, бо падтрымліваюць Шушкевіча. Пасля гэтага на працягу другой паловы мая 1994 года 10 членаў БСДГ падалі адпаведныя заявы ў Цэнтральную выбарчую камісію.
Акрамя таго, пачаліся праблемы з подпісамі грамадзянаў (трэба было сабраць не менш 100 тысяч подпісаў). За Карпенку толькі ў Фрунзенскім раёне сталіцы прызналі несапраўднымі каля 4 тысяч подпісаў. І тады Генадзь Дзмітрыевіч вырашыў не ўдзельнічаць. На пасяджэнні камісіі 31 мая 1994 года ён заявіў, што не мае жадання выкарыстоўваць «грязные подписи», а таму здымае сваю кандыдатуру. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Аляксандр Абрамовіч шчыра падзякаваў Карпенку. Сам жа Карпенка падтрымаў кандыдатуру Зянона Пазьняка.
Ведаў, чым усё скончыцца…
«Очень важно самому опередить противника в своем негативе…», — такі запіс маецца ў дзённіку Карпенкі, які захоўваецца ў яго асабістым фондзе. Галоўным палітычным праціўнікам Карпенка, безумоўна, для сябе лічыў кіраўніка Беларусі. Пачынаючы з другой паловы 1994 года, Карпенка становіцца паслядоўным крытыкам Аляксандра Лукашэнкі. Напрыклад, 30 верасня 1994 года пры абмеркаванні прэзідэнцкай праграмы надзвычайных захадаў па выхадзе эканомікі Беларусі з крызісу Карпенка заявіў, што адміністрацыя прэзідэнта — антыканстытуцыйны орган, які дэстабілізуе працу ўрада. Карпенка таксама негатыўна паставіўся да «прэзідэнцкай вертыкалі» — такой сістэмы ўлады, пры якой рэгіянальныя кіраўнікі прызначаюцца непасрэдна галавой дзяржавы.
Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. 22 жніўня 1995 года ў праграме беларускага тэлебачання прэзідэнт заявіў, што Карпенка нібыта рабіў перашкоды на пастаўкі бавоўны ў Беларусь. Неўзабаве Карпенка падаў іск на суму 2 млрд. руб. і патрабаваў у Лукашэнкі публічных прабачэнняў. 27 жніўня 1998 года Карпенка звяртаецца са скаргай у Вярхоўны Суд на імя старшыні Валянціна Сукалы: чаму не разглядаецца іск у адносінах да прэзідэнта. Аднак усё скончылася фармальнымі адпіскамі.
У маі 1995 года Карпенку не пашанцавала ў тым плане, што Партыя народнай згоды, якую ён узначальваў, прайграла парламенцкія выбары: выставіла 115 кандыдатаў, а дэпутацкія мандаты атрымалі толькі трое.
Карпенка вымушаны быў пакінуць пасаду партыйнага лідара (замест яго прыйшоў Леанід Сечка), аднак дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га склікання ўсё ж стаў. Больш таго, у студзені 1996 года Карпенка абіраецца намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета і членам Прэзідыуму. У сферу прэрагатыў Карпенкі ўваходзіла: замяшчэнне старшыні ў яго адсутнасць, каардынацыя работы пастаянных камісій: па прамысловасці, транспарце, будаўніцтве, энергетыцы, гандлі і іншых паслугах насельніцтву, сувязі і інфарматыцы; аграрных пытаннях і сацыяльным развіцці вёскі; адукацыі, навуцы і культуры; эканамічнай палітыцы і рэформах; ахове здароўя, фізічнай культуры і спорце.
Адносіны на гэты час паміж Карпенкам і Лукашэнкам даволі складаныя. Карпенка, як і раней, крытыкуе эканамічную і мытную палітыку, задае непрыемныя пытанні па сумнавядомай фірме «Торгэкспо», якая чамусьці была вызвалена ад усіх падаткаў і плацяжоў, сцвярджае, што інцыдэнт пад Ліёзна Віцебскай вобласці ў чэрвені 1994 года, калі быццам бы стрэлілі па машыне Лукашэнкі, — інсцэніроўка. Вастрыё крытыкі Карпенкі было накіравана супраць такой моцнай арганізацыі, як кіраўніцтва справамі прэзідэнта: яно авалодала лепшымі ў сталіцы будынкамі і з дапамогай арэнды пачало зарабляць вялікія грошы. Генадзь Карпенка быў сярод тых дэпутатаў, якія 7 сакавіка 1996 года галасавалі за стварэнне парламенцкай камісіі па праверцы дзейнасці кіраўніцтва справамі прэзідэнта.
Генадзь Дзмітрыевіч стаў на абарону органа Вярхоўнага Савета — «Народнай газеты». Справа ў тым, што Лукашэнка нанёс Вярхоўнаму Савету магутны ўдар, пераўтварыўшы калектыў «Народнай газеты» ў адкрытае акцыянернае таварыства сваім асабістым указам ад 28 чэрвеня 1996 года, і прызначыўшы галоўным рэдактарам Міхаіла Шыманскага. З гэтага часу папулярнае выданне было выведзена з-пад юрысдыкцыі парламента.
Вярхоўны Савет адрэагаваў імгненна. Праца першай сесіі парламента «ў сувязі з неабходнасцю разгляду шэрагу неадкладных пытанняў» была падоўжана да 12 ліпеня 1996 года, а ў сам парадак дня было ўключана пытанне аб «Народнай газеце». У процівагу Міхаілу Шыманскаму Вярхоўны Савет прызначыў галоўным рэдактарам дэпутата Леаніда Юнчыка, а старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з нагоды законнасці ўказа прэзідэнта. У рэдакцыі «Народнай газеты», куды прыйшлі работнікі адміністрацыі прэзідэнта з Шыманскім і Юнчык з Карпенкам, адбыўся канфлікт.
Генадзь Карпенка выступіў супраць чарговага рэферэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 1996 годзе, які прадугледжваў ліквідацыю Вярхоўнага Савета і істотнае ўмацаванне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Карпенка быў сярод тых дэпутатаў, хто паставіў свой подпіс за працэдуру імпічменту ў адносінах да беларускага кіраўніка дзяржавы.
Бой прайграны, а бітва?
Пасля знікнення Вярхоўнага Савета, які дапусціў сур’ёзныя пралікі ў супрацьстаянні з кіраўніком дзяржавы, Карпенка, які і многія іншыя дэпутаты, што не жадалі прымаць Лукашэнку, апынуўся ў статусе пазасістэмнай апазіцыі. Аднак Карпенка не апусціў рукі і працягваў барацьбу. У канцы 1996 года ён становіцца ініцыятарам стварэння Грамадскага кааліцыйнага ўрада. У адпаведным мемарандуме ішла гаворка аб неабходнасці вяртання да Канстытуцыі 1994 года. Грамадскі кааліцыйны ўрад быў неўзабаве ператвораны ў Нацыянальны эканамічны савет (НЭС) пад старшынствам Карпенкі.
Пачынаючы з 1997 года НЭС пачаў друкаваць свае рашэнні на падставе статыстычных звестак аб стане эканомікі, даходах насельніцтва. Напрыклад, 21 студзеня 1997 года рашэнне №1 НЭС патрабавала ад уладаў устанавіць з 1 лютага 1997 года мінімальны памер заработнай платы ў 200 тысяч рублёў. Рашэнне №2 НЭС ад 4 лютага 1997 года канстатавала гаротны стан прамысловасці краіны: колькасць стратных прадпрыемстваў дасягнула 50%, скарачаюцца рынкі збыту і г.д. Рашэнні НЭС, прынятыя ў сакавіку 1997 года, кваліфікавалі эканамічную палітыку Лукашэнкі ў прадпрымальніцкай сферы і ў сельскай гаспадарцы як тупіковую і антынародную.
У 1998 годзе Нацыянальны эканамічны савет ператварыўся ў Нацыянальны выканаўчы камітэт (НВК) пад старшынствам Генадзя Карпенкі. НВК падзяляўся на шэраг камітэтаў, якія ўзначалілі вядомыя людзі і прафесіяналы: камітэт па эканамічнай палітыцы — Станіслаў Багданкевіч, прамысловы камітэт — Васіль Шлындзікаў, камітэт па міжнародных справах — Андрэй Саннікаў, камітэт па абароне — Павел Казлоўскі, камітэт па адукацыі — Аляксей Кароль і інш.
НВК абвясціў спецыяльныя абавязкі перад народам: істотнае падвышэнне зарплат і пенсій, спрашчэнне падатковай сістэмы, рэструктурызацыю прадпрыемстваў і рэарганізацыю калгасаў і саўгасаў, адмену сістэмы прапіскі і ліцэнзавання большасці відаў дзейнасці, падвышэнне прэстыжу інтэлігенцыі і г.д. У абавязках сцвярджалася, што праз некалькі год большасць беларускіх сем’яў будуць мець аўтамабілі.
На працягу 1998 і першай паловы 1999 года НВК запланаваў распрацоўку моцнай заканадаўчай базы па ўсіх накірунках: кодэксы, законы, канцэпцыі.
Было бачна, што НВК пад кіраўніцтвам Карпенкі рыхтуецца да прэзідэнцкай кампаніі. У фондзе Карпенкі захаваўся зварот Аб’яднанай грамадзянскай партыі (кіраўнік — Станіслаў Багданкевіч) пра абвяшчэнне Генадзя Карпенкі адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сіл на будучых прэзідэнцкіх выбарах. У звароце гаварылася наступнае: «Опыт других стран свидетельствует, что разрозненность и несогласованность действий всегда были одной из основных причин поражения демократических сил на выборах. Поэтому консолидация всех противников режима, выдвижение единой кандидатуры на предстоящих президентских выборах могут привести к победе».
Пазней Карпенка стаў больш арыентавацца на 2001 год, а не на 1999, калі паўнамоцтвы Лукашэнкі павінны былі скончыцца, бо, як вядома, прэзідэнцкі варыянт Канстытуцыі павялічыў яго тэрмін кіравання на два гады. «Нам необходимо не только противостоять Лукашенко, но и что-то предлагать, когда мы придём к власти», — так Генадзь Дзмітрыевіч запісаў у сваім дзённіку.
Гэтыя надзеі былі перакрэслены 6 красавіка 1999 года, калі Карпенка памёр у 49 гадоў пры загадкавых абставінах.
Пра Генадзя Карпенку выйшлі кнігі, артыкулы, успаміны. Аднак некранутым застаецца яго асабісты фонд №1376 у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Выданне дакументаў фонду дапамагло б аднавіць імя, якое на працягу амаль дваццаці гадоў незаслужана выкрасленае з беларускай гісторыі.
Аляксандр Кур’яновіч, «Новы час»