Беларусы ўзрушаныя падзеямi ў Курапатах.
Ад раніцы суботы ў Курапаты ішлі людзі, каб памаліцца ня толькі за расстраляных у часы рэпрэсій, але і за тых будаўнікоў, якія пазаўчора выконвалі загады аб зносе часткі курапацкіх крыжоў, паведамляе «Радыё Свабода».
«У нас свой крыжовы шлях, молімся і за збаўленьне ад граху гэтых людзей. Яны мусілі рабіць гэтую дрэнную справу, такі быў ім загад, але гэтак нельга», — кажа спадарыня Яніна.
Яны з сяброўкай Сафіяй — шчырыя каталічкі. Прышлі сёньня ў Курапаты «на заклік душы».
Пра падзеі ў Курапатах Яніна даведалася з фэйсбуку і вельмі абурылася тым, што зьнесьлі крыжы. Ці можна было пазьбегнуць канфлікту? Спадарыня Яніна не сумняваецца.
«Дакладна сказаў наш мітрапаліт Кандрусевіч, што доўга гэта гісторыя цягнулася, даўно трэба было Курапаты добраўпарадкаваць, як яны кажуць, але спачатку трэба было ўсё ўзгадніць з людзьмі, якія гэтым месцам апякуюцца. Знайсьці спосаб, каб і агароджу паставіць, і крыжы ламаць».
Спадарыня Сафія дадала, што цяпер яны часьцей будуць прыходзіць у Курапаты.
«За крыжы павінны ўсе паўстаць — і каталікі, і праваслаўныя, і пратэстанты».
Пэнсіянэр Васіль жыве ля Курапацкага лесу, у мікрараёне Зялёны Луг. Сын знайшоў навіну ў інтэрнэце, вось ён і прыйшоў сёньня ў Курапаты, каб паглядзець на тыя месцы, дзе стаялі зламаныя крыжы.
Разводзіць рукамі і таксама абураецца: «Хіба нельга было іх захаваць?!»
Адносна таго, што вакол Курапат будуюць агароджу пэўнага стаўленьня яшчэ ня мае:
«Можа і патрэбна, але неяк 30 гадоў без яе абыходзіліся і нічога. Ня ведаю».
Ці прыйдзе ён заўтра на малітву за Курапаты на плошчу Свабоды? Сказаў, што можа і прыйшоў бы, але ў яго хворыя ногі, пасьля апэрацыі.
«Але — я на баку абаронцаў. Крыжы ламаць — гэта суцэльнае дзікунства».
Малады чалавек Сяргей у Курапатах упершыню. Паводле адукацыі гісторык, але да Курапат ніколі не даходзіў. А тут праняло, вырашыў усё на свае вочы пабачыць. І насамрэч, убачаным Сяргей быў вельмі ўражаны.
«Так, крыжы ў лесе — як постаці людзей, толькі маўчаць».
У Курапатах удалося пагаварыць яшчэ з адным наведнікам. Аляксандру каля 40 гадоў, ён адзін з амаль 50 працаўнікоў арганізацыі «Заслаўебудіндустрыя», якая ўсталёўвае вакол Курапат агароджу. Будаўнік прыйшоў паглядзець на помнік і курапацкія магілы ў перапынку на абед.
«І колькі ж тут было расстраляна?» — з гэтага пытаньня Аляксандра пачалася наша зь ім размова пра Курапаты. Аляксандр доўга ня мог паверыць, што ў гэтым лесе можа ляжаць да 200 тысяч землякоў.
«Гэта ж трэба было эшалёнамі сюды звазіць людзей».
Але на згадку пра начныя «варанкі» кіўнуў і сказаў, што ягонага прадзеда з братам гэтак жа расстралялі нізавошта.
«І невядома дзе ляжаць».
Яшчэ два браты маці Аляксандра былі выселеныя з Чэрвеньскага раёну ў Амурскую вобласьць падчас калектывізацыі, у Благавешчанску дагэтуль жывуць далёкія сваякі.
«Як быў сход пра ўтварэньне калгасу, а ніхто не хацеў уступаць, дык нешта сказалі на тым сходзе, пасьмяяліся ці што... Неўзабаве ноччу за імі прыехалі. Там пад Чэрвенем так было: у каго хата з пяцьцю вокнамі — ужо ў кулакі запісвалі і высялялі».
Але аб працы на аб’екце Аляксандр казаў не ахвотна. Іх перакінулі ў Курапаты з Калодзішчаў, дадаткова заплаціць за працу ў выходныя не абяцалі.
«Мы часта па суботах працуем».
Што да крыжоў, то гэта не яны іх разбуралі і куды крыжы падзеліся, ён ня ведае. Фатаграфавацца Аляксандр адмовіўся.