Лукашэнка адштурхнуў ад сябе рэшткті электарату.
— Ды ў нас і вернікаў у Беларусі мала.
— Але гэта ня значыць, што атэістаў шмат.
— А ў што вераць?
— У Штосьці. Ведаеш чаму ДАІшнікі рэдка затрымліваюць бацюшак, якія парушаюць правілы?
— Павага да царквы?
— Баяцца, што праклянуць! Для іх сьвятар бліжэй да шамана, які мае кантакт з добрымі і злымі духамі.
Можна па-рознаму ставіцца да забабоннасьці суайчыньнікаў, але факт: да ўсяго, зьвязанага з рэлігіяй, у Беларусі ставяцца сур’ёзна, хоць і своеасабліва, піша Севярын Квяткоўскі ў артыкуле для «Радыё Сваобда».
А таму «добраўпарадкаваньне», а насамрэч брутальнае карчаваньне крыжоў у Курапатах выглядала інфэрнальна. Гэткім сабе рэпартажам зь пекла.
Як было папраўдзе, мы наўрад ці даведаемся. Ці то Лукашэнка сказаў і забыўся, а гэтыя выканалі; ці то сказаў, не забыўся і пракантраляваў, каб выканалі. У кожным разе 1-га сакавіка Лукашэнка ў жывым эфіры «вялікай размовы» заявіў, што па пэрымэтры Курапатаў крыжы не патрэбны, а крыху больш як празь месяц, 4-га красавіка, крыжы выкапалі, папярэдне заблякаваўшы падыходы да ўрочышча з дапамогай міліцыі.
У сеціве ўжо можна пабачыць дзе-нідзе выказваньні пра тое, што Лукашэнка «пасьля зробіць красіва, як ён бачыць», «паверне ўсё назад», «зробіць выгляд, што падначаленыя дурні, а ён малайчына». Магчыма. Але карцінкі застануцца. Як карчуюць крыжы, як іх штабэлямі вывозяць на грузавіку. І міліцэйскае ачапленьне застанецца. Уся гэта маштабная спэцапэрацыя застанецца ў памяці змаганьнем з крыжамі, а не добраўпарадкаваньнем.
Так, пасьля можна будзе патлумачыць, што насамрэч Лукашэнка змагаецца з апазыцыяй, зь непадцэнзурнымі яму грамадзкімі дзеяньнямі. Што Лукашэнка хоча прысабечыць Курапаты як сымбаль. Пазбавіць нязгодных ь ягонай уладай апошняга знакавага месца. Але карцінка застанецца — карчуюць крыж.
І вось гэтая карцінка з часам дзе праз інтэрнэт, дзе праз «сарафаннае радыё» дойдзе да тых людзей, якія ведаць ня ведалі пра Курапаты, бо «палітыкай не цікавяцца», а ў інтэрнэце адно глядзяць прагноз надвор’я ды карыстаюцца вядомай праграмкай для камунікацыі праз смартфон. Тыя самыя людзі, якія часта абрад хросту ўспрымаюць як своеасаблівы абярэг, а не далучэньне да сям’і вернікаў. Але якія па-свойму вельмі трапятліва ставяцца да хрысьціянскіх сымбаляў.
Хочучы чарговы раз прынізіць сваіх ідэйных апанэнтаў, Лукашэнка зрабіў чорны PR для часткі ляяльнага да сябе электарату.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знеслі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знесена і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікола Статкевіч заклікаў выйсці ў нядзелю на малебен 7 красавіка а 12-й на плошчу Свабоды ля менскага Свята-Духава кафедральнага (праваслаўнага) сабора.
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец падтрымаў правядзенне набажэнства ў нядзелю каля менскага Свята-Духава кафедральнага сабора.