Сярод удзельнікаў рэканструкцыі, мэта якой - памятаць пра расстрэл сталінскім НКДВ польскіх афіцэраў і чыноўнікаў, - былі й беларусы.
У нядзелю ў Варшаве прайшоў Катынскі марш ценяў (Katyński Marsz Cieni). Гэтае гістарычна-рэканструкцыйнае мерапрыемства, удзел у якім сёлета прыняло 450 рэканструктараў, адбылося 12-ы па ліку раз, а яго мэта – памятаць пра расстрэл сталінскім НКДВ польскіх афіцэраў і чыноўнікаў у 1940 годзе, паведамляе «Польскае радыё».
Сярод удзельнікаў маршу быў лідар групы гістарычнай рэканструкцыі «Беларусы ў Войску Польскім», кандыдат гістарычных навук, спэцыяліст па вайсковых пытаньнях Ігар Мельнікаў.
Паводле яго, Катынскі марш ценяў важны таксама й для беларусаў, бо гэта й частка беларускай гісторыі, паколькі ахвярамі сталінскага забойства, якое палякі называюць Катынскім злачынствам, сталі этнічныя беларусы й выхадцы з Заходняй Беларусі.