Ганебны круг замкнуўся ў Курапатах.
Амаральная дыктатура цяпер наўмысна здзекуецца з нас, наматваючы людскія нервы на валасаты кулак. Вандалізм у жалобных Курапатах перад Вялікаднем — гэта выпадак, калі пра мярзотнікаў, якія ўчыняюць святатацтва, кажуць: «Крыжа на іх няма».
Верш, які хачу працытаваць, напісаны 30 верасня 1994 года адразу пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі. Мільёны яго прыхільнікаў надта радаваліся кар’ернаму ўзлёту саўгаснага дырэктара, а мне, чалавеку, які нарадзіўся і вырас у савецкай вёсцы з яе рабствам і прымітывізмам, было зразумела, чым скончыцца дурная весялосць бяздумнага электарата. Перад выбарамі я выступаў у СМІ за парламенцкую рэспубліку, супраць інстытута прэзідэнцтва і канкрэтнага амбіцыйнага прэтэндэнта, але мой голас быў «вопиющим в пустыне».
Радкі верша «Свінні на могілках» гучаць так:
У месцах тых,
Дзе панаваць павінны
Спакой і смутак
вечнае мяжы,
На ўрослыя грудкі залазяць свінні
І чухаюць азадкі аб крыжы.
Нажэрціся — у іх адзіны клопат,
Ім усё роўна,
дзе шукаць харчы.
Лычастых далакопаў
простым плотам
Ад шкоды можа людства ўберагчы.
І сыдуць неразумныя нябогі,
Калі прыкрыкне гаспадар: «Аюсь!»