Малітва гучыць то грэка-каталіцкая, то каталіцкая, то праваслаўная, то пратэстанцкая.
Штодзённая малітва на месцы масавага пахавання ахвяраў камуністычнага рэжыму ў Курапатах пад Менскам трывае штодня, перадае «Радыё Рацыя».
Кажа Ганна Шапуцька – каардынатарка ініцыятывы за ўратаванне Мемарыялу Курапатаў:
– І, дзякуй Богу, гэтая малітва штодня гучыць. Гэта вельмі і вельмі важна. Прыходзяць людзі розных канфесій. Малітва гучыць то грэка-каталіцкая, то каталіцкая, то праваслаўная, то пратэстанцкая. Але ж у гэтай малітве ўдзельнічаюць усе. Атэісты, якія не ўмеюць маліцца, магчыма ім здаецца, што яны не вераць у Бога, але тым не менш яны моляцца з усімі. Жадаюць, каб у нашай краіне быў мір, спакой, разумееце, каб ніколі такога не паўтаралася, як гэты гвалт з вырываннем крыжоў.
Хрысціянская малітва ў Курапатах адбываецца па буднях штодня а дзевятнаццатай гадзіне, а ў нядзелю – а чатырнаццатай. Курапацкая Варта таксама праходзіць штодзённа.
Нагадаем, што 4 красавіка ўлады знішчылі крыжы па перыметры Курапатаў.
Актывісты паведамляюць, што было знішчана і вывезена блізу 100 крыжоў.
1 сакавіка на прэс-канферэнцыі Лукашэнка выказаў незадаволенасць крыжамі вакол Курапатаў, якія бачныя з дарогі.
7 красавіка а 12.00 на плошчы Свабоды ля Мінскага Свята-Духавага Кафедральнага (праваслаўнага) Сабору прайшоў малебен. У набажэнстве ўзялі ўдзел больш за 1000 чалавек.