Гетман казаў: «я належу вялікай Рэчы Паспалітай, але маё сэрца належыць Слоніму».
Шмат гадоў служыў настаяцелям Слонімскага фарнага касцёла Святога Андрэя дэкан Вітольд Жальветра. Дзякуючы яму ў 1990-х гадах помнік барока ўдалося выратаваць і аднавіць для вернікаў, перадае «Радыё Рацыя».
Са слоў былога настаяцеля слонімскага касцёла Святога Андрэя, пачуў наступнае:
«Хачу сказаць, што перад пачаткам рэстаўрацыі касцёла ў тыя 1990-я гады тры гадзіны сем самазвалаў вывозілі з касцёла смецце і соль. Але перш чым соль вывезлі, мужчыны тры месяцы яе адбівалі. Вось у гэтым хламе і знайшлі шэсць мемарыяльных шыльдаў, якія раней месціліся на сценах касцёла.
Многія з іх былі паколаныя. Знайшлі мы там і шыльдачку, прысвечаную вялікаму каталіцкаму дзеячу Пятру Скаргу. Аднавілі і замацавалі яе на сцяне касцёла. А аднойчы прыходзіць у касцёл адзін чалавек і кажа, што ў нішах касцельнага скляпення пахавана сэрца Міхала Казіміра Агінскага. Гэтае сэрца знаходзілася ў срэбным куфэрку з надпісам «Сэрца Агінскага». Калі разбураўся касцёл, куфэрак укралі і вывезлі на Усход».
Сапраўды, перад смерцю гетман Міхал Казімір Агінскі сказаў, што «я належу вялікай Рэчы Паспалітай, але маё сэрца належыць Слоніму». Просьба гетмана была выканана.