Прыхаджанам цудам удалося даведацца пра тое, што абраз прадаваўся на аўкцыёне ў Нямеччыне.
У Гародню вярнулася копія абраза Каложскай Божай Маці. Прыхаджанам цудам удалося даведацца пра тое, што абраз прадаваўся на аўкцыёне ў Нямеччыне. Яна, праўдападобна, трапіла ў гэтую краіну пасля бальшавіцкага перавароту, перадае «Радыё Рацыя».
Цудам называе вяртанне страчанага абраза настаяцель прыхода Святых Барыса і Глеба, айцец Аляксандр Балоннікаў. Бо як раз у гэты час у найстарэйшым гарадзенскім храме завяршыліся рамонтныя працы:
– Нам было вельмі важна не згубіць гэту ікону. Першае, што я зрабіў – гэта звярнуўся за дабраслаўленнем да нашага архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага Арцемія. Скажу вам, што гэта першы чалавек, які адразу падтрымаў нас у тым, каб набыць гэтую ікону. Ён і блаславенне сваё даў, і спытаўся якая патрэбна матэрыяльная падтрымка. Усё зрабіў, каб мы паехалі ў Нямеччыну і там набылі гэтую ікону.
Абраз Каложскай Божай Маці шанаваўся вернікамі хрысціянамі розных канфесій. Рэстаўратар Аляксандр Тарасік, якому быў часова перададзены абраз, выявіў, што гэта копія абразу, напісана ў пачатку XX-га стагоддзя.
Кажа айцец Аляксандр Балоннікаў:
– Ён зрабіў першапачатковыя вось гэтыя працы рэстаўрацыйныя. Усталяваў дату – гэта першая палова XX стагоддзя, недзе 1910-1915 год, на яго думку ікона была напісана. Але чаму я кажу, што працы па даследванню працягнуцца. На адваротнай старане іконы ёсць надпіс, які сведчыць пра тое, што гэта ікона была напісана ў Лаўрскай іканапіснай майстэрні.
Ушанаванне абразу Каложскай Божай Маці пройдзе на чацвёрты дзень Вялікадня ў Светлую Сераду 1-га траўня. Пачатак набажэнства а 10-й гадзіне ў Каложскай царкве. Сустрэча архірэя адбудзецца а 9:40, сустрэча абраза а 9:50, а пачатак Боскай літургіі а 10:00.