Павел Кляннё выказаў сваё стаўленне да беларускай мовы, а таксама распавёў пра вучобу ў ВНУ.
Паўабаронца мінскага «Тарпеда» Павел Кляннё выказаў сваё стаўленне да беларускай мовы, а таксама распавёў пра вучобу ў ВНУ, паведамляе football.by.
- Перад пачаткам інтэрв’ю ты сказаў, што размаўляць на беларускай мове – твая прынцыповая пазіцыя. Чаму?
– Гэта не прынцыповая пазіцыя ў паўсядзённым жыцці. Я проста для сябе вырашыў, што менавіта інтэрв’ю буду даваць на беларускай мове. Бо, калі чуеш родную мову, гэта вельмі прыемна.
- А з сябрамі, сваякамі ты размаўляеш таксама па-беларуску?
– Тут усё залежыць ад асяроддзя. Яно ў мяне пераважна рускамоўнае, таму даводзіцца падладжвацца пад іншых. Але, напрыклад, цяпер да мяне прыехала мая бабуля, якая размаўляе чыста на беларускай мове, з ёй мы маем зносіны толькі па-беларуску. У «Тарпеда» ёсць трэнер брамнікаў Валерый Макарэвіч. З ім мы таксама часам гутарым на роднай мове.
- Ты навучаешся ў БДУФК. Якую спецыяльнасць атрымліваеш?
– Я вучуся на трэцім курсе фізкультурна-педагагічнага факультэта на трэнера па футболе. Ніводзін футбаліст не зможа гуляць усё жыццё, таму я ўжо цяпер імкнуся падрыхтаваць базу, каб пасля завяршэння кар’еры гульца пачаць свой трэнерскі шлях.
- Цяжка вучыцца?
– Як і ва ўсіх студэнтаў, бываюць цяжкія моманты. Вучоба ўскладняецца тым, што ў мяне кожны дзень трэніроўкі, пасля якіх патрэбна паспець ва ўніверсітэт. Часу, вядома, бракуе. Але я імкнуся ўсё паспяваць своечасова, каб не было «хвастоў».
- Выкладчыкі робяць якія-небудзь зніжкі, калі даведваюцца, што ты прафесійны футбаліст і гуляеш у вышэйшай лізе?
– Не. Такога не было. Магу распавесці цікавы выпадак. Гэта якраз адбылося пасля матчу з «Віцебскам». Гэтую гульню абслугоўваў арбітр Андрэй Васілевіч, які з’яўляецца загадчыкам кафедрай футбола і хакея ў маім універсітэце. Пасля фінальнага свістка мы з ім пагутарылі, я падзякаваў яму за якасную працу, а ён пахваліў мяне за прыгожы гол і… сказаў, каб заўтра я быў на занятках.