У Менскім раённым судзе адбыўся шэраг судоў над абаронцамі Курапатаў.
Штрафамі агульным памерам 4335 рублёў пакараныя 9 чалавек. Людзі былі затрыманыя 4 красавіка – у дзень, калі ў Курапатах улады знеслі першыя 70 крыжоў. Абаронцаў курапацкіх крыжоў судзілі як хуліганаў, якія не падпарадкоўваюцца міліцыі, паведамляе «Белсат».
Сёння ў гэтым будынку цягам дня судзілі абаронцаў Курапатаў: пакараныя 9 чалавек. Судовы канвеер тут працягнецца і найбліжэйшымі днямі.
Паўла Севярынца даставілі ў суд з ізалятару на Акрэсціна, дзе ён адбывае 15 содняў, таксама за абарону Курапатаў. Да пакарання зняволеннем дадалі штраф памерам 1 275 рублёў.
«Прысуд – ён і чаканы і нечаканы. Вядома, хочацца, каб Паша быў з намі на Вялікдзень, каб мы разам адсвяткавалі Уваскрашэнне Хрыста. З іншага боку, мог быць і іншы прысуд – 15 содняў і больш. Паша чакаў сутак насамрэч, таму штраф – гэта, можна сказаць, такая неспадзяваная прыемнасць», – кажа Вольга, жонка Паўла Севярынца.
Суды праходзілі цягам дня, кожны наступны адбываўся праз гадзіну пасля папярэдняга. Пры гэтым судзілі актывістаў паводле артыкулаў аб хуліганстве і непадпарадкаванні міліцыі.
«Я перайшоў дарогу і пабачыў, што нясуць Багінскую на руках і заламалі рукі Трыгубаву. Я пабыў там секунды дзве і атрымаў удар у правую руку, бо трымаў тэлефон у правай руцэ, і пачалі затрымліваць», – узгадвае Валеры Рабцаў, абаронца Курапатаў.
Ніна Багінская, Дзяніс Урбановіч і Зміцер Дашкевіч на знак пратэсту супраць усяго, што адбываецца вакол Курапатаў, у суд не прыйшлі, іх пакаралі завочна. Штрафы ад 153 да 1 тысячы 20 рублёў, агулам жа абаронцы мусяць сплаціць больш за чатыры тысячы.
Падтрымаць абаронцаў Курапатаў у суд прыйшоў мастак Аляксей Марачкін:
«У пратаколах нідзе не згадваюцца, якія там былі «будаўнічыя» працы. Там былі разбуральныя працы: бурылі крыжы. Нідзе ў пратаколах пра крыжы ні слова не сказана. Значыць, яны абыходзяць гэтае пытанне, як тыя чэрці, якія баяцца крыжоў».
Малітва на курапацкай Галгофе – адная з формаў абароны Курапатаў, якую грамадскія актывісты праводзяць штодня. Суд жа Менскага раёну працягвае судзіць абаронцаў народнага мемарыялу: заўтра чарговае паседжанне адбудзецца над яшчэ адным актывістам – Арцёмам Кляпцом.