Калі святары заклікаюць грамадзянаў да малітвы, то і яны парушаюць заканадаўства?
Удзельнікам малебну за Курапаты, які адбыўся ў Менску 7 красавіка, каля Свята-Духава сабора, пачалі прыходзіць пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні, паведамляе «Радыё Рацыя».
Падставай для малебну стала тое, што ўлады пачалі зносіць крыжы, усталяваныя ў Курапатах, – мемарыяле ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў. Адным з першых пратакол за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства, – так расцаніла малебен міліцыя Цэнтральнага раёну Менску, атрымаў актывіст грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Леанід Кулакоў:
– У руках трымаў бел-чырвона-белы сцяг і маліўся. І за гэта мяне будуць судзіць па артыкуле 23.34. І атрымліваецца так, што ўсе вернікі мусяць падаваць заяўку, каб хадзіць у храмы. Можна маліцца ці не толькі з дазволу Менгарвыканкаму.
Па меркаванні Леаніда Кулакова, гэтыя абвінавачванні з’яўляюцца абсурднымі і парушаюць заканадаўства аб свабодзе сумлення.
«Атрымліваецца, што калі святары заклікаюць грамадзянаў да малітвы, не ўзгадніўшы гэта з гарадскімі ўладамі, то і яны парушаюць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, як і грамадзяне, якія моляцца ў храмах і каля храмаў», - кажа Леанід Кулакоў.
Разгляд справы Леаніда Кулакова прызначаны на 24 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну.