Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Тадэвуш Кандрусевіч: Кожнае свята павінна мацней набліжаць да Бога

20.04.2019 общество
Тадэвуш Кандрусевіч: Кожнае свята павінна мацней набліжаць да Бога

Aрцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілёўскі - пра значанне крыжа для вернікаў, сэнс Велікоднага свята.

Беларускае Радыё Рацыя распытала арцыбіскупа, мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча пра значанне крыжа для вернікаў, пра сэнс Велікоднага свята, пра сутнасць хрысціянскага выхавання.

- Жыць з крыжам, быць ва ўладаранні крыжа і яго магутнасці, ці ён у полі, ці на касцёле або царкве, жыць з крыжам і побач крыжа, прывітацца словам Божым, адыходзіць з ім у апошнюю дарогу… У той прасторы, у якой вы нарадзіліся ў Адэльску — з крыжам і верай Вы былі ад дзяцінства. Якую ролю адыгрывае сям’я – у часы такога бязбожнага наступу, які меў тады назву «камунізм», зараз прымае іншыя формы… Як Ваша сям’я бараніла тое СВАЁ? Якія ў Вас практычныя парады людзям да сённяшняй паралелі?

– Дзякуй за гэтае пытанне. Яно вельмі, вельмі актуальнае. Гэты год у пастырскай праграме Каталіцкага касцёла ў Беларусі гэта год сям’і – сям’я як крыніца надзеі для моладзі. Чаму мы ўзялі такую тэму? У мінулым годзе быў сінод прысвечаны моладзі, а таксам быў сусветны кангрэс сям’і ў Ірляндыі. Чалавек нараджаецца ў сям’і, у сям’і выхоўваецца – сям’я гэта першая школа выхавання, чалавечага выхавання і хрысціянскага выхавання. У маёй сям’і, і не толькі ў маёй сям’і, а ў іншых сем’ях у Адэльску і іншых вёсках, якія былі ў наваколлі, касцёл быў важны. Я ўжо казаў, касцёл быў адчынены ўвесь час, аднак святара доўгі час не было. Тым не менш, кожнае свята, кожную нядзелю мы ўсе ішлі ў касцёл. Калі я на захадзе гавару пра гэта, – а чаго ісці, не было святара, не было імшы?.. – Не, трэба ісці. Бо ў тыя часы, можа, старэйшыя людзі, памятаюць, яшчэ перад Другім Ватыканскім саборам, імша трошкі інакш цэлебравалася, імшал пераносілі з аднаго боку алтара на другі… На алтары быў арнат, келіх, на алтары быў імшал, хтосьці яго пераносіў, то спявалі, званілі, на ахвяраванне, на паднясенне, і гэтак далей — усё гэта было. Былі працэсіі ў першую нядзелю, балдахін ішоў… Не было Найсвяцейшага Сакрамэнту, але ішоў, людзі спявалі еўхарыстычныя песні… Не было імшы, але быў ружанец, былі стацыі Крыжовага шляху, былі іншыя рэлігійныя песні, іншыя малітвы… Дзіця ўзрастала ў свядомасці, што нядзеля гэта Панскі Дзень. Што не ляжы дома, не сядзі дома, не бегай дзесьці па задворках, — але ідзі ў касцёл.

Гэта адно. Другое – кожны дзень бачыў сваіх бацькоў ці бабцю (дзядэк памёр калі я яшчэ малы быў), бабцю памятаю добра, – кожны дзень яны пачыналі малітвай. Потым вечарам усе, уся сям’я разам, – бацькі, бабця і я з сястрой – разам, на каленях, – малітва. Пасля малітвы – катэхізіс. Нам распавядалі штосьці, нам чыталі Евангелле, нам чыталі Святое Пісанне, штосьці аб святых. Бацькі рабілі гэта як умелі, гэта не былі якіясьці тэолагі, тры-чатыры класы школы закончылі. Але вера была. Як умелі, так і распавядалі. І кожны дзень пытанні задавалі. «Ойча наш» скажы, «Верую» скажы, галоўныя грахі скажы, галоўныя сакрамэнты… Гэта было кожны дзень.

На жаль, сёння гэтага няма. Сёння бацькі цешацца таму, што ў касцёле ў гэтак званых нядзельных школках падрыхтуюць да першай споведзі – да першай камуніі, бацькам не трэба клапаціцца пра гэта, добра іх падрыхтуюць, ёсць спецыяльная праграма, кніг сёння поўна і гэтак далей, цэлая сістэма працуе на гэта, катэхетаў свецкіх у нас больш, каледжы працуюць. Урачыстая першая камунія, усё вельмі добра. А што пасля першай камуніі? Бацькі не ідуць у касцёл, бацькі не моляцца, і нічога няма.

Аднойчы на адным спатканні цягам гэтага года да папы Францішка падышоў хлопчык і кажа: «Папа, маліся за мяне. У маёй сям’і ніхто не моліцца. Я не маю з кім маліцца. Бабця была, і я з ёю маліўся. Бабця памерла. А бацькі не моляцца». Гэта крык гэтага дзіцяці.

Гэта сёння можна перанесці і на Беларусь. Мы катэхізацыю вядзем і пасля першай камуніі, і пасля першай споведзі, але калі параўнаю, колькі прыходзіла на падрыхтоўку да першай споведзі, у разы менш становіцца потым. Бо іх бацькі не прыводзяць, не пасылаюць іх, а хто найбольшы аўтарытэт для дзіцяці? Гэта бацька, маці. І калі яны не ідуць маліцца, і дзеці не ідуць. І тут вялікая хіба гэтых бацькоў, якія гэтага не разумеюць, а потым: «Я даў свайму дзіцяці ўсё, многа даў, яшчэ школы не скончыў, а ўжо машыну мае…». Але ці ты даў Бога? Яблык не падае далёка ад яблыні. Які прыклад даюць бацькі, калі няма малітвы, дзеці не бачаць, што бацькі ходзяць у касцёл, моляцца, да споведзі, да камуніі. І дзеці не будуць так чыніць. Гэта вялікая праблема, з якой сутыкаецца сучасны свет. І сучасныя сем’і ў Беларусі маюць гэту праблему.

– Ці менавіта гэта найбольшы выклік Касцёла ў сённяшні час, калі пайшла тая атэізацыя?

— Шмат ёсць выклікаў. Выхаванне моладзі, касцёлаў яшчэ мала, літаратуры мала, святароў мала, пакліканняў мала. Праблемы ёсць. Некаторыя кажуць, што калі ў чалавека штосьці баліць, то ён яшчэ жывы.

– Здаецца, пасля гэтых змрочных часоў камунізму ўжо тая хрысціянская дарога, і свабода адкрытая, што можна будаваць, маліцца, ствараць усе праявы жыцця касцёла ці царквы ў сваёй уласнай форме, як хацелася. Аднак маем вялікі адток моладзі з Беларусі і Заходняй Украіны ў эміграцыю. Праблему ведаем па-суседску – з Гарадзеншчынай. Гародня як горад пусцее ад маладых людзей, якія едуць далей, у Еўропу, трацяць сувязь са сваім, не знаходзяць месца ў гэтым заходнім свеце, бо там касцёлы закрываюць. Як такому чалавеку быць сабою, вытрымаць дарогу таксама да Бога ў такім часе, калі ён выпіхваецца з роднага гнязда, калі эканамічная і палітычная сітуацыя змушаюць з’язджаць са свайго роднага?

– Сапраўды, гэта вялікая праблема. Яна існуе і ў Польшчы, у Ірляндыі, у Англіі колькі працуе, з Літвы колькі выехала… Людзі хочуць дабра. І нельга забараніць чалавеку магчымасці рэалізаваць свае мары. Я тут быў у шпіталі. Мяне лекары з Мінску накіравалі, маюць тут сваіх знаёмых, такога тыпу малаінвазійных аперацый не робяць у нас. Але што я тут, на гэтым аддзеле нейрахірургіі — двух нейрахірургаў з Гродна, і анестэзіёлаг з Гродна. Можа, ёсць іх яшчэ больш, але столькі з тых, з якімі мне трэба было быць у кантакце, бачыцца, прыходзілі перад аперацыяй. Кажуць, поўна такіх ёсць, і там, і там. Чалавек хоча жыць – выбірае там дзе лепей. Ёсць працоўная эміграцыя. Трэба ствараць адпаведныя ўмовы, каб чалавек заставаўся, тут і патрыятызм – чаго сваю радзіму пакідаць? Можа, лягчэй будзе. Не заўсёды гэта лёгка.

Я, калі ў Маскве служыў, запрасілі мяне аднойчы цэлебраваць святую імшу ў Германіі для гэтак званых расійскіх немцаў. Іх вельмі многа выехала з Казахстана, з Таджыкістана, з Расіі. Старэйшыя людзі казалі: «Мы не знаходзім сябе тут. У нас зусім іншы менталітэт. Касцёлы велізарныя, прыгожыя, усё багата, але няма таго духу, да якога мы прывыклі, калі мы ў зямлянках маліліся ў тым Казахстане, у нейкай каплічцы… Там інакш было».

Калі хто едзе, трэба памятаць, каб не страціць сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці, каб не страціць сувязі з касцёлам. Многа залежыць ад самога чалавека. Можа, трэба змяніць таксама і свае адносіны, таму што іншая культура, іншы менталітэт, але не баяцца застацца верным свайму хрысціянскаму пакліканню. Не баяцца плысці супраць цячэння! Па цячэнні плысці лёгка, але куды рака занясе? У акіян, мора? Хто выплыве адтуль? Ніхто не выплыве. У акіян грахоўны трапіць чалавек, і не выплыве. Але людзі едуць, чалавек выбірае, дзе хоча. Але гэта вялікая трагедыя, вялікая трагедыя таксама і нашай бацькаўшчыны.

Пару дзён там я чытаў у інтэрнэце, дзе былі апублікаваны даныя аб гэтым, што за мінулы год у Беларусі памерла на 26 тысяч больш людзей, чым нарадзілася Гэта цэлы раённы горад! І якая будучыня заўтра? У Палесціне сёння 45 працэнтаў насельніцтва гэта дзеці. Гэта дабрабыт, калі не ўлічваць маральных нормаў, толькі імкнуцца да матэрыяльнага дабрабыту (я не за тое, каб чалавек жыў блага). Касцёл бароніць сацыяльнае вучэнне, сацыяльную справядлівасць, каб усё было справядліва ў людзей. Бог стварыў усіх аднолькавымі, а, на жаль, не ўсе аднолькава добра жывуць. Аднак імкненне да матэрыяльных каштоўнасцей не павінна засланяць Бога. На жаль, яно часта становіцца богам.

– З якой надзеяй чакаем гэтага Свята, Уваскрэсення Гасподняга – з якой надзеяй Касцёл, з якой надзеяй вернікі – католікі ў Беларусі?

— Кожнае свята – гэта свята. Яно павінна нас яшчэ мацней звязваць з Богам, яшчэ мацней набліжаць да Бога. Галоўнае свята ўсяго хрысціянства гэта Пасха, свята Уваскрэсення, калі мы ўспамінаем перамогу Езуса Хрыстуса над смерцю, над грахом. Ён сваім уваскрэсеннем учыніў такую рэвалюцыю, якой ніхто не мог зрабіць. І нам трэба быць верным гэтай, скажам, рэвалюцыі (слова можа нам не вельмі падабаецца, бо ўспамінаем іншую рэвалюцыю, якая стала трагедыяй для чалавецтва асабліва на Усходзе), быць верным гэтай рэвалюцыі ў духоўным сэнсе, гэтай праўдзе Уваскрэсення. Праўда, Уваскрэсенне – гэта падмурак нашай веры. Без падмурка мы не збудуем дома. Без яго будзе дом збудаваны на пяску. А Хрыстус кажа будаваць дом на скале. Дом збудаваны на пяску пастаіць трохі, а потым разваліцца. Таксама чалавек, калі будуе сваё жыццё без гэтага маральнага фундамента, жыве толькі сённяшнім днём, жыве – асабліва моладзь – у віртуальным свеце; і хто сёння выхоўвае моладзь? Сям’я? – Не. Школа? – Не. Універсітэт? – Не. Фэйсбук. Інтэрнэт? І што ён там бачыць? Сярэднестатыстычны малады чалавек у Еўропе штодзень робіць ад 120 да 140 здымкаў сэлфі. І што ён з імі заўтра зробіць? Парассылае, колькі лайкаў было паглядзіць, пасмяяліся, і ўсё гэта забылася. Гэта адзін з «мейнстрымаў» жыцця чалавека. Гэтак не павінна быць. Павінна быць духоўная база.

Гэтае свята не павінна быць толькі святам успаміну таго, што адбылося дзве тысячы таму на Святой Зямлі, у Іерусаліме, калі Хрыстус уваскрос, але яно павінна стаць часткай нашага штодзённага жыцця, часткай жыцця кожнага хрысціяніна. Ён павінен кожны дзень уваскрасаць да новага жыцця. Тое, што было злым учора, сёння не павінна паўтарацца. А калі здарылася, што ўпаў, што зграшыў, бяры прыклад з марнатраўнага сына, – устану і пайду, пайду да майго Айца, Ён мяне не адкіне, Ён мяне прыме. І таму наша надзея, надзея і Касцёла, і нашых вернікаў, у тым, што з Божаю ласкаю можам учыніць усё – з Божаю ласкаю зможам падняцца, можам сказаць «вяртаюся ў дом», «вяртаюся да майго Айца, які мяне прыме, калі кінуся ў абдымкі Яго міласэрнасці, каб уваскрэснуць яшчэ раз, і каб жыць гэтай праўдай уваскрэсення, быць сведкамі гэтай праўды, Уваскрэсення. Бо гэта сведчанне сёння патрэбнае.

Яшчэ папа Павел VI казаў, што сучасны чалавек больш верыць сведкам, чым настаўнікам. Усе вучаць. Але сведчанне патрэбна. Не трэба быць фарысеямі. Тады не з’яўляюся чалавекам Уваскрэсення. Тады, калі буду фарысеем – тады буду гаварыць адно, а сам буду чыніць іншае. Я павінен быць хрысціянінам не толькі ў касцёле, у царкве, скласці ручкі: «Пане Божа, які Ты добры, і я добры», а выйду за парог касцёла і жыву быццам Бога зусім няма. Таму хацелася б пажадаць усім нашым вернікам радасных, поўных ласкі і супакою Уваскрослага Пана, каб гэтае радаснае «Аллелюя!» было выпаўнена духоўным зместам і вяло да шчасця кожнага чалавека, а таксама супакою і шчасця нашай Бацькаўшчыны.

– Калі глядзім на паломніцтвы і сустрэчы з папамі Янам Паўлам ІІ ці Францішкам, бачыцца аграмадная колькасць вернікаў з Беларусі. Яны адрозніваюцца сваёй радасцю, сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі – што, вось, едуць з Беларусі. Паўтараюць: «Мы чакаем папы ў Беларусі!» І ў чаканні Вялікадня, у чаканні перамогі дабра над злом, у чаканні, што прыйдзе гэты дзень радасны, святочны, Велікодны. Ці такое свята для ўсіх хрысціян у Беларусі неўзабаве надыдзе – сустрэча с папам?

– Гэта толькі Бог можа сказаць. Але калі я першы раз спаткаў папу Францішка (я спаткаў яго яшчэ раней, калі быў ён кардыналам арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, бо калі я служыў у Расіі, адзін з маіх святароў, які працаваў у Ніжнім Ноўгарадзе, быў менавіта адтуль і нам трэба было падпісаць дамову), я сказаў, што «Бог любіць тройцу» – «Як гэта трэба разумець?» – кажа. Ну, чакалі Яна Паўла ІІ – не прыехаў, чакалі Бэнэядыкта – не прыехаў. Застаецеся – вы». Ён вельмі хоча прыехаць. Сустракаючыся з ім, размаўляем на гэту тэму, ну але ведаем абставіны, які не дазваляюць яму яшчэ прыехаць. А гэта было б патрэбна, як нашаму Касцёлу, так і нашым вернікам – блізкасць свайго духоўнага лідара. Гэта было б важна і для іншых канфесій, і для нашага грамадства.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]