Дачка былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Івана Кулікова знайшлася ў Маскве.
Нагадаем, у панядзелак кіраўнік лабараторыі абсталявання ядзерных энергетычных установак інстытута "Сосны" быў затрыманы на трое сутак па падазрэнні ў "злоўжыванні службовым становішчам". Учора стала вядома, што ў войска тэрмінова прызвалі яго малодшага сына Юрыя, а дачка Алена знікла.
Як паведаміў сёння раніцай у жывым эфіры Еўрарадыё старэйшы сын Івана Кулікова Ўладзімір, які жыве ў Расіі, Алена "знаходзіцца ў бяспецы ў Расіі і з ёй усё ў парадку". Вяртацца яна пакуль не збіраецца. Паводле слоў Уладзіміра, за апошнія дні "адбыліся некаторыя рэчы, якія мы пакуль, на жаль, не можам каментаваць, але ў свой час раскажам пра гэта".
"Яе ўтрымлівалі і цяпер мы чакаем інфармацыі аб нашым бацьку", — кажа сын Івана Кулікова. Нагадаем, сёння сканчаецца тэрмін утрымання пад вартай былога прэтэндэнта на пасаду кіраўніка дзяржавы. У бліжэйшыя гадзіны стане вядома, ці выйдзе ён на волю, ці застанецца за кратамі.