Велікоднае віншаванне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі;
Яго апублікаваў сайт b-g.by:
«Дарагія браты і сёстры!
Сустрэча з таямніцай Хрыстовай Пасхі яшчэ глыбей адкрывае перад намі веліч і моц Божай любові да чалавека. Радаснае і поўнае веры перажыванне велікодных святаў напаўняе нас свядомасцю таго, якое велізарнае значэнне мае хрысціянства і як моцна яно перамяняе жыцці цэлых грамадстваў і паасобных людзей. Гэтыя святочныя дні ствараюць асаблівую нагоду для ўдзячнасці, а таксама спаткання з роднымі і блізкімі ў атмасферы, напоўненай духам Хрыстовай перамогі, прабачэння і любові.
Перажыванне пасхальнай таямніцы веры дапамагае іншым позіркам паглядзець на нашае зямное жыццё. Сын Божы вядзе сваіх вучняў да канчатковай перамогі, пачынаючы ад Апошняй Вячэры праз крыжовую смерць у Вялікую Пятніцу аж да радаснага воклічу «Аллелюя! Хрыстус Уваскрос!», якое разносіцца па ўсім свеце з пакалення ў пакаленне.
Жадаю Вам, каб Велікодныя святы напоўнілі Вашае сэрца і Вашыя сем’і супакоем, радасцю жыцця і шчодрымі ласкамі Уваскрослага Пана. Няхай святочная атмасфера Пасхі ўмацуе Ваш дух у малых і вялікіх жыццёвых справах, дадае сіл і аптымістычнага позірку ў будучыню. Няхай Змёртвыхпаўсталы Езус, які перамог грэх і смерць, суправаджае Вас і благаслаўляе на кожны дзень жыцця.
Хрыстус Уваскрос! Сапраўды Уваскрос! Аллелюя!»
З пасхальнымі віншаваннямі, Антоні Дзям’янка, біскуп Пінскі, Вялікдзень, 2019