Людзi заплацілі вялікую цану за тое, каб мець сваю краіну і сваю культурную прастору.
Украінскі пісьменьнік і рок-музыка расказаў Радыё Свабода пра «грымучую сумесь» прыхільнікаў кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзіміра Зяленскага і пра тое, ці вернуцца ва Ўкраіну «часы з Кабзонам».
Пісьменьнік і рок-музыка Сяргей Жадан напісаў пра рызыку «абнуленьня» культурнай сытуацыі ва Ўкраіне. Паводле яго, апошнія 5 гадоў украінская дзяржава нарэшце мела нейкую культурную палітыку на ўзроўні падтрымкі інстытуцый і доўгатэрміновых праектаў. Ці здолее ўкраінская грамадзянская супольнасьць абараніць гэтыя інстытуцыі і праекты?
— Грамадзянская супольнасьць можа абараняць сам вэктар разьвіцьця, падтрымліваць яго, ціснуць на ўладу. Але не зусім зразумела, як бы грамадзянская супольнасьць абараняла дзяржаўныя структуры. Напрыклад, захоча дзяржава зьняць дырэктара нейкай структуры — дык давядзецца абараняць нейкія пэрсаналіі? Гэта будзе вельмі складана кантраляваць.
Калі я пісаў, я меў на ўвазе тое, што новай уладзе і ня трэба будзе нешта зачыняць, скасоўваць ці ліквідаваць. Наўрад ці будзе проста ліквідаваць нейкую інфраструктуру, асабліва, калі яна прапісаная ў бюджэце. Можа проста зьмяніцца рыторыка, і, адпаведна, на месцах гэта ўспрымуць як сыгнал да прыхаванага сабатажу.
— Калі гавораць пра прычыны папулярнасьці Ўладзіміра Зяленскага, часта называюць расчараваньне цяперашняй украінскай уладай і ягоны вобраз змагара з карупцыяй ў сэрыяле «Слуга народу». А ці бачыце вы ў падтрымцы Зяленскага рэванш постсавецкай расейскамоўнай культурнай ідэнтычнасьці? Ці шмат, на вашую думку, сярод прыхільнікаў Зяленскага тых, каму важныя такія рэчы, як «КВН», «Вконтакте», гастролі расейскіх артыстаў?
— Наколькі я магу сачыць за настроямі сярод ягоных прыхільнікаў, бясспрэчна, там ёсьць і людзі, для каго ягоная перамога будзе сыгналам да вяртаньня на пазыцыі 2014 году. На маю суб’ектыўную думку, там аб’ядналіся вельмі розныя грамадзяне Ўкраіны зь вельмі рознай матывацыяй і рознымі прычынамі падтрымаць яго. І гэта такая грымучая сумесь, якая сапраўды выклікае пэўную трывогу. Бо пакуль што абсалютна незразумела, як сябе будуць паводзіць у выпадку перамогі гэты кандыдат і ягоная каманда.
— Наколькі шмат людзей, якія падтрымліваюць украінскую незалежнасьць, не зьяўляюцца прыхільнікамі «русского мира» ў палітычным сэнсе, але арыентуюцца на расейскую мэдыяпрастору і расейскія культурныя аўтарытэты?
— Я думаю, гэта дастаткова вялікі сэгмэнт грамадзян Украіны, якія па інэрцыі ці цалкам сьвядома спажываюць найперш расейскую інфармацыйна-культурную прадукцыю. І відавочна, што калі чалавек дагэтуль жыве ў адзінай інфармацыйнай прасторы з краінай, якая напала на тваю краіну, дык у гэтага чалавека пэўныя праблемы з ідэнтычнасьцю. Калі грамадзянін краіны не зусім разумее, хто на цябе напаў і што ў тваёй краіне трывае вайна з агрэсарам, дык на выбарах прэзыдэнта такі чалавек можа абраць каго заўгодна.
Інфармацыйны складнік у вайне Расеі супраць Украіны вельмі важны. Нездарма гэтую вайну называюць гібрыднай. У гэтым сэнсе расейцы працуюць прафэсійна, якасна і агрэсіўна. Іх прапагандысцкая машына наладжаная вельмі добра, і гэта дае свой вынік, бясспрэчна.
— У канцы мінулага году ўкраінскі музычны піярнік Саша Варэныця напісаў, што па-за межамі палітызаванай рэальнасьці ўкраінская моладзь дагэтуль існуе ў адным мэдыйным полі з расейскай моладзьдзю — з супольнымі героямі, кумірамі і папулярнымі шоў у інтэрнэце. Вы пагодзіцеся, што гэта так?
— Часткова так. Але цяжка казаць пра ўкраінскую моладзь як пра нешта аднароднае. Украінская моладзь мае розную палітычную і культурную арыентацыю. Частка зь іх безумоўна дагэтуль у адным культурна-інфармацыйным полі з расейскай моладзьдзю
— Апытаньні паказваюць, што Зяленскі больш папулярны сярод моладзі, чым сярод старэйшых людзей. Ці важны тут фактар агульнай інтэрнэт-прасторы?
— Да пэўнай меры так. Наколькі я магу судзіць, каманда кандыдата Зяленскага ў інтэрнэт-прасторы найбольш крэатыўна падышла да працы з маладымі выбарнікамі.
— Ці правільным крокам было блякаваньне расейскіх сацыяльных сетак?
— На маю думку, гэта была правільная ідэя. Украіна мусіла і сёньня мусіць абараняцца ад краіны-агрэсара, якая фактычна зьяўляецца пагрозай украінскай незалежнасьці.
— А наколькі гэта было эфэктыўна?
— Тут лепш пагутарыць са спэцыялістамі, якія маглі б апэраваць нейкімі лічбамі і даваць нейкую аналітыку.
— У вас ёсьць песьня «Кабзон». Наколькі вялікая рызыка, што «часы без Кабзона» для Ўкраіны хутка скончацца ў сувязі з палітычнымі зьменамі?
— Нават калі ў выпадку перамогі кандыдата Зяленскага новая ўлада паспрабуе зламаць цяперашні культурны вэктар і вярнуцца да культурна-інфармацыйнага стану на 2014 год, гэта выкліча вельмі моцны супраціў. Наўрад ці людзі, якія пяць гадоў падтрымлівалі сваю краіну ў вайне супраць агрэсара, гэтак лёгка здадуць тое, што за гэты час было здабыта, адваявана.
У любым выпадку новаму прэзыдэнту — калі Зяленскі сапраўды стане прэзыдэнтам — не пазайздросьціш у гэтай сытуацыі. Бо ён сутыкнецца з масавым арганізаваным супрацівам людзей, якім ёсьць што губляць, якія апошнім часам заплацілі вялікую і крывавую цану за тое, каб мець сваю краіну і сваю культурную прастору.