Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як беларусы змагаліся з Расійскай імперыяй

22.04.2019 общество
Як беларусы змагаліся з Расійскай імперыяй

Кароткая гісторыя таемных арганізацый.

Створаная расейскім царызмам каланіяльная імперыя не была падобная да іншых імперый, пра гэта ведаем з падручнікаў гісторыі. Тагачасныя брытанскія альбо французскія калоніі звычайна знаходзіліся далёка за морамі і акіянамі. Расея ж захапіла суседнія народы, якія часам мелі падобную мову і веру.

Гэта дазваляла царскім каланізатарам маскаваць прыгнёт, навязваць паняволеным народам расейскую гісторыю і культуру. Беларусаў-ліцьвінаў хацелі пераканаць, што яны таксама «русские», што жывуць не ў чужой, а ў сваёй дзяржаве. Але на землях былога Вялікага Княства Літоўскага не спынялася змаганне за свабоду. Пра вызваленне роднага краю ад расейскага панавання марылі многія студэнты і выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта, а таксама іхнія аднадумцы па ўсёй Літве-Беларусі…

Мары філаматаў

На летніх вакацыях 1817 года два віленскія студэнты — Адам Міцкевіч з Наваградка і Тамаш Зан з-пад Маладзечна — вырашылі згуртаваць сяброў у таемную патрыятычную суполку.

Адам і Тамаш ужо рабілі першыя крокі ў паэтычнай творчасці, здабывалі аўтарытэт сваімі поглядамі і ўчынкамі. Яны хацелі, каб у будучае таварыства ўвайшлі тыя, хто любіў Айчыну і таксама захапляўся літаратурай, філасофіяй ды наогул навукамі.

Увосень, калі пачаліся заняткі ва ўніверсітэце, задума Міцкевіча і Зана здзейснілася. Старшынём згуртавання абралі Язэпа Яжоўскага, які лічыўся адным з самых таленавітых студэнтаў і ўжо здаў экзамен на навуковую ступень кандыдата філасофіі. Створаную суполку юнакі назвалі таварыствам філаматаў. З грэцкай мовы слова «філамат» перакладаецца як «той, хто імкнецца да ведаў».

Пераважная бальшыня сябраў суполкі паходзіла з Літвы-Беларусі.

Філаматы пастанавілі: іхняе брацтва аднадумцаў ствараецца «не на хвіліну, не для легкадумнай забавы, а на ўсё жыццё». Спачатку ў статуце таварыства было запісана, што кожны філамат мусіць набываць глыбокія веды сам і дапамагаць таварышам. Але неўзабаве маладыя патрыёты паставілі перад сабой мэту паляпшаць асвету ўсяго роднага краю і такім чынам рыхтаваць яго да барацьбы за вызваленне ад расейскай улады. Яны марылі пра незалежнасць народаў колішняй Рэчы Паспалітай і скасаванне прыгону, ад якога пакутавалі сяляне. Маладыя сэрцы пратэставалі супроць цяжкіх падаткаў, бязлітасных рэкруцкіх набораў, абмежаванняў у правах для жанчын і габрэяў ды іншых усталяваных расейцамі парадкаў.

Надзейнымі дарадцамі моладзі сталі прафесары Віленскага ўніверсітэта Яўхім Лялевель, Ігнат Даніловіч ды Міхал Баброўскі.

Сустрэчы ля вогнішча і навуковыя паседжанні

Штотыдзень філаматы збіраліся на «навуковыя паседжанні». Там яны чыталі не толькі свае даследніцкія працы, але і вершы ды апавяданні. Затым распачыналіся цікавыя гарачыя спрэчкі на розныя тэмы. Каб прыйсці нарэшце да адзінай думкі, спрэчкі звычайна канчаліся галасаваннем. На тых паседжаннях часта абмяркоўвалі новыя творы Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, якіх ужо ведала ўся Вільня.

Асаблівую ўвагу таварыства надавала вывучэнню гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Юнакі запісвалі народныя песні і казкі, легенды і паданні. Філаматы распрацавалі адмысловую інструкцыю для апісання родных мясцін. Яе таемна надрукавалі ў віленскай базылянскай друкарні і ўручалі кожнаму новаму сябру арганізацыі. Статут суполкі нагадваў пра неабходнасць ведаць і шанаваць родную мову. У большасці філаматаў такой мовай была беларуская.

Сотні юнакоў збіраліся на вольныя сустрэчы, што ладзілі філаматы ў ваколіцах Вільні. На зялёным беразе ракі або возера, на лясной паляне каля вечаровага вогнішча гучалі вершы і песні, нараджаліся новыя ідэі ды планы.

Да гэтых сустрэч сябры таварыства рыхтаваліся вельмі старанна. Ян Чачот абавязкова складаў займальны сцэнарый з тэатральнымі сцэнкамі, разнастайнымі конкурсамі, спаборніцтвамі, забавамі. Напрыклад, пачуўшы адзін паэтычны радок, трэба было назваць аўтара ўсяго верша. Падабалася юнакам і спаборнічаць, хто каго пераспявае або ператанчыць. Тагачасная віленская моладзь размаўляла пераважна па-польску, бо такой была мова навучання, але ўсе добра ведалі беларускую. Таму, калі Чачот прапаноўваў сцэнарый, напісаны па-беларуску, яго віталі ўдзячнымі воплескамі.

У шчырых размовах маладых віленцаў не раз узнікала думка пра будучы збройны выступ супроць расейскай улады. Да гэтага рыхтаваліся і сябры філіяў (аддзяленняў) таварыства філаматаў, якія дзейнічалі ў Віцебску, Беластоку, Свіслачы. У Полацку сябры такой філіі пашыралі антыўрадавыя вершы. Аднойчы ў самым цэнтры горада нехта расклеіў вершаваныя заклікі скінуць ненавіснае царскае ярмо. Паліцыя здолела знайсці толькі аўтара ўлётак Восіпа Дабашынскага. Гэты юны шляхціч прыняў віну на сябе і не выдаў нікога з таварышаў.

«Прамяністыя» і філарэты

Каб пашырыць уплыў на ліцьвінскую моладзь, філаматы стварылі легальнае (адкрытае) таварыства «Прамяністых». Яго ўзначаліў студэнт фізічна-матэматычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Тамаш Зан. Ён вызначаўся кемлівасцю, вясёлым таварыскім норавам і добрымі здольнасцямі завадатара. «Прамяністыя» абвясцілі, што будуць далучаць моладзь да навукі, падтрымліваць, насуперак каланізатарам, сваю мову і культуру ды змагацца за добрыя паводзіны студэнтаў падчас заняткаў і за сценамі навучальняў.

Адным з галоўных правілаў таварыства была «прыхільнасць да айчыннай зямлі». Яна палягала ў тым, каб «жадаць дабра ўсяму народу, захоўваць карысныя звычаі бацькоў, вывучаць і берагчы роднае слова, помніць славу продкаў і памнажаць яе».

Першая сустрэча, на якую новая суполка запрасіла ўсіх ахвочых, адбылася ў траўні 1820 года паблізу Вільні. Тамаш Зан выступіў у той цёплы вечар з дасціпнай прамовай, што раз-пораз перапынялася выбухамі рогату. Потым юнакоў паклікалі «піць малако»: пад нядаўна зазелянелымі дрэвамі, вакол якіх радасна кружлялі меднакрылыя хрушчы, распачыналася вясёлая балюшка без моцных напояў, затое з гульнямі, спевамі ды шматлікімі жартамі на тэмы студэнцкага жыцця.

Вестка пра новае таварыства імгненна разляцелася па Вільні. Яно хутка расло і праз некалькі месяцаў налічвала блізу трохсот сябраў. «Прамяністыя» сумленна і вынаходліва змагаліся за дасягненне абвешчаных мэтаў. Універсітэцкія выкладчыкі з радасцю заўважылі, што ўвачавідкі палепшала дысцыпліна і на лекцыях зрабілася «ціха, як у вуху». Студэнты больш стрымана і паважна паводзіліся ў храмах і на вуліцах. Калі «прамяністыя» чулі з нечых вуснаў брыдкае слова, яны моршчыліся і затыкалі насы, нібыта вакол дрэнна пахла.

Неўзабаве да таварыства належаў ужо кожны трэці віленскі студэнт. У той час універсітэцкі бібліятэкар, былы паўстанец-касцюшкавец, Казімір Кантрым занатаваў у дзённіку: «Той дурань або лайдак, хто не належыць да «прамяністых», бо гэта добрыя людзі».

Вялікі аўтарытэт таварыства напалохаў кіраўніцтва ўніверсітэта. Там разумелі, што «прамяністыя» не абмяжуюцца адным змаганнем за дысцыпліну і парадак. Баючыся трапіць у няміласць да расейскай улады, рэктар загадаў распусціць «прамяністых». Яны выканалі загад, але амаль адразу аднавілі дзейнасць, зрабіўшы яе таемнай і назваўшыся таварыствам філарэтаў (у перакладзе з грэцкай — тых, хто любіць дабрачыннасць). На чале суполкі застаўся Тамаш Зан, які ўжо заслужыў у сяброў велізарныя давер і павагу.

Цяжка за кратамі вольнай душы

Царская паліцыя падазравала пра існаванне нелегальных студэнцкіх арганізацый, але не магла выйсці на іхні след, бо маладыя змагары былі неблагімі канспіратарамі. Але ў траўні 1823 года грымнуў гром...

У дзень, калі ў 1791-м Сойм зацвердзіў Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, адзін з вучняў Віленскай гімназіі напісаў крэйдаю на дошцы: «Няхай жыве Канстытуцыя 3 траўня!» Другі вучань дадаў: «О, які мілы для ўсіх нас успамін!» Трэці вучань дапісаў: «Але няма каму пра гэта ўспомніць».

Пра «абуральныя» паводзіны гімназістаў хтосьці даклаў расейскім уладам. Паліцыя пачала следства і выйшла на след філарэтаў. Арыштаваны сябра суполкі Ян Янкоўскі спалохаўся турмы і выдаў усіх вядомых яму удзельнікаў таварыства. Царскія служкі ў мундзірах схапілі Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Яна Чачота, Язэпа Яжоўскага, Ігната Дамейку ды яшчэ болей за сотню філаматаў і філарэтаў. Патрыётаў кінулі за краты ў Віленскі базылянскі манастыр, ператвораны ў турму.

Зняволеным юнакам спачувала ўся былая сталіца Вялікага Княства. Сабраныя грошы дапамаглі падкупіць варту, і тая дазволіла вязням пакідаць уначы адзіночныя камеры-келлі і збірацца разам. Найчасцей сыходзіліся ў камеры Адама Міцкевіча, які ўжо быў прызнаным паэтам і пазней па-мастацку распавёў пра тыя цяжкія дні ў паэме «Дзяды».

Філаматы і філарэты вялі шчырыя гутаркі, спрабуючы зазірнуць у сваю будучыню. Потым хтосьці ціха пачынаў песню, і ўсе падхоплівалі яе. Асабліва натхнёна спявалі патрыятычныя песні-гімны «Хай радасць з вачэй нашых блісне» ды «Пагоня наш сцяг» на вершы Адама Міцкевіча і Міхала Рукевіча. Улюбёнай была і «Песня філарэтаў», напісаная ўжо ў няволі Антонам Адынцом:

Будзем сонцам шчэ сагрэты,

Віват, брацці філарэты,

Што няўдачы па-юначы

Зносяць для даброт.

Пасля кожнага спеву ў камеры гучалі воплескі аўтарам песняў, галасы якіх толькі што гучалі ў агульным хоры. «Можа, нас чуе і дарагі Тамаш», — прамаўляў нехта з вязняў, маючы на ўвазе Зана. Яго трымалі ў няволі асобна, але кіраўнік філарэтаў змог перадаць таварышам, што — каб палегчыць долю астатнім — вырашыў ускласці ўсю віну на свае плечы.

Расейскі суд

Пасля заканчэння следства зняволеных часова выпусцілі на парукі блізкіх і знаёмых. За кратамі засталіся тры «самыя небяспечныя злачынцы»: Тамаш Зан, Ян Чачот і Адам Сузін. Не выйшаў на волю, але з іншай прычыны, і Ян Янкоўскі, што выдаў сяброў на допытах. У Вільні не знайшлося нікога, хто згадзіўся б паручыцца за здрадніка.

У жніўні 1824 года цар Аляксандр І зацвердзіў прысуд, паводле якога дзесяць філаматаў і дзесяць філарэтаў высылалі з роднай Літвы-Беларусі ў аддаленыя губерні Расеі. Айчыну мусілі пакінуць Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Язэп Яжоўскі, Язэп Кавалеўскі, Адам Сузін…

Самае цяжкае пакаранне атрымаў Тамаш Зан. Яго пад канвоем адпраўлялі ў далёкі расейскі Арэнбург, дзе першы год галоўны з філарэтаў мусіў адседзець у турме. У апошні вечар перад высылкай у камеру да Тамаша пусцілі родных і сяброў. Ян Чачот пад гітару спяваў толькі што складзеную ім на беларускай мове журлівую развітальную песню:

Ды лятуць, лятуць ды дзікія гусі,

Ды нас павязуць да далёкае Русі…

Расейскі суд пакараў таксама выкладчыкаў, якія дапамагалі і спачувалі маладым патрыётам. Універсітэт і Вільню загадалі пакінуць прафесарам Яўхіму Лялевелю, Міхалу Баброўскаму, Ігнату Даніловічу, Язэпу Галухоўскаму. Звольнілі з працы ўніверсітэцкага бібліятэкара Казіміра Кантрыма, які захапляўся сябрамі таемных таварыстваў і ўпотай даваў ім чытаць забароненыя царскай уладаю кнігі.

Лёсы, вартыя раманаў

Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, шмат хто з філаматаў і філарэтаў не проста на ўсё жыццё захаваў вернасць ідэям і мэтам сваіх таварыстваў, але і дасягнуў вялікіх поспехаў у розных галінах культуры і навукі.

Сусветную славу геніяльнага паэта здабыў Адам Міцкевіч.

Як таленавітага паэта мы шануем і Яна Чачота. Першую кнігу вершаў і песняў ён склаў і перадаў каханай дзяўчыне Зосі Малеўскай яшчэ калі быў зняволены разам з сябрамі ў базылянскім манастыры. Жыццёвыя нягоды адно загартавалі душу песняра. Надзвычай каштоўныя ў ягонай спадчыне дзве кнігі «Сялянскіх песняў з-над Нёмана і Дзвіны» і рыфмаваная гісторыя Вялікага Княства Літоўскага — «Спевы пра даўніх ліцьвінаў», у якой апетыя Міндоўг, Гедзімін, Альгерд, Вітаўт, Давыд Гарадзенскі.

Тамаш Зан пасля турэмнага зняволення плённа займаўся даследаваннямі Урала і стварыў першы ў Арэнбургскім краі музей. Нядаўні кіраўнік філарэтаў здабыў вядомасць як таленавіты горны інжынер, але не пакідаў і паэтычнай творчасці.

Застаўся ў навуцы як прызнаны знаўца Манголіі колішні філамат Язэп Кавалеўскі. Ігнат Дамейка стаў выдатным даследчыкам і асветнікам паўднёваамерыканскай краіны Чылі і быў абвешчаны яе нацыянальным героем.

«Вайсковыя сябры»

Вальналюбныя думкі ды мары філаматаў, філарэтаў і «прамяністых» не зніклі бясследна. Філарэт Міхал Рукевіч, які пазбег высылкі на чужыну, ужо праз год пасля суду над аднадумцамі заснаваў таемнае таварыства «Вайсковыя сябры». У яго ўваходзілі вайскоўцы, чыноўнікі, гімназісты і студэнты. Суполка, што дзейнічала на Гарадзеншчыне і Беласточчыне, пастанавіла змагацца за «вольнасць, усеагульную асвету і дабрабыт».

«Вайсковыя сябры» мелі сувязі з расейскімі таемнымі таварыствамі дзекабрыстаў. Трэба сказаць, што дзекабрысты былі мужнымі людзьмі, але лёс Літвы-Беларусі і беларускага народа мала цікавіў іх. Яны лічылі царскую імперыю толькі «русской» дзяржавай, у якой усе мусяць быць расейцамі і размаўляць на «общепонятном русском языке». Старшыня Паўднёвага таварыства дзекабрыстаў Павел Пестэль сцвярджаў, што «белорусы должны отказаться от права особной народности». Назвы «нерусских народов» імперыі ён прапаноўваў проста скасаваць.

У снежні 1825 года «Вайсковыя сябры» сарвалі прысягу цару Мікалаю І у раскватараваным на Беласточчыне сапёрным батальёне. Міхала Рукевіча і ягоных паплечнікаў Аляксандра Вягеліна і Канстанціна Ігельстрома прысудзілі да смяротнага пакарання, якое замянілі 10 гадамі сібірскай катаргі.

«Племя сарматаў» і зброя ў Бараўлянах

Прамінула два гады, і ў Віленскім універсітэце ўтварылася таварыства «Племя сарматаў», або «Патрыёты Айчыны». Галоўнай мэтай яно вызначыла вызваленне земляў былой Рэчы Паспалітай. Арганізацыю раскрылі, і яе кіраўнікоў Канстанціна Заху, Адама Траскоўскага і Фелікса Лісоўскага выслалі шараговымі салдатамі ў расейскую армію на Каўказ.

У той самы час браты Аляксандр і Францішак Далеўскія заснавалі «Братні саюз літоўскай моладзі», які іначай называўся «Саюзам свабодных братоў». Галоўная сядзіба таварыства знаходзілася ў Вільні, а філіі дзейнічалі ў Менску, Горадні, Наваградку, Слоніме і Лідзе. Саюз аб’ядноўваў некалькі сотняў студэнтаў, вучняў, шляхцічаў, чыноўнікаў і рамеснікаў. Сваю краіну яны бачылі ў будучыні дэмакратычнай рэспублікай.

Рыхтуючы паўстанне супроць каланіяльнай расейскай улады, «свабодныя браты» наладзілі сувязь з салдатамі Менскага гарнізона і Бабруйскай фартэцы. Пад Менскам, у фальварку Бараўляны, для будучага паўстання выраблялі зброю і адлівалі кулі.

Жандарам удалося разграміць і гэтае згуртаванне, але змаганне працягвалася.

Гартаваць ліцьвінскі дух

Студэнт Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі Францішак Савіч стварыў з сябрамі Дэмакратычнае таварыства. Яно абвясціла сябе спадкаемцам справы філаматаў і філарэтаў. У вершы «Там, блізка Пінска, у шырокім полі» Савіч заклікаў паняволеныя народы яднацца, каб перамагчы агульнага ворага:

Ліцьвін, валынец, падайце ж мне рукі.

Так прысягаем на Госпада Бога,

Царам на згубу, панам — для навукі…

Жандары высачылі і схапілі Савіча. Яго выслалі салдатам у царскую армію, што вяла захопніцкую вайну з каўказкімі горскімі народамі. Такая служба пярэчыла ўсім перакананням Францішка. Ён здолеў уцячы і пад чужым імем працаваў лекарам ва ўкраінскім мястэчку Янушпаль на Жытоміршчыне, чакаючы магчымасці пакінуць Расейскую імперыю. Калі стваральнік Дэмакратычнага таварыства ўжо атрымаў замежны пашпарт, у мястэчка прыйшла халера. Ратуючы іншых, ён невылечна захварэў сам.

У адным з сваіх палымяных артыкулаў-улётак Францішак Савіч пісаў: «Будзем загартоўваць дух, працаваць да канца жыцця! Хто ведае, дзе і як суджана нам памерці? Магчыма, не адзін з нас сканае пад рукою ка́та! Але няхай і смерць будзе працягам барацьбы за свабоду!»

Так маглі сказаць вельмі многія з тых, хто гераічна змагаўся з расейскай тыраніяй. Свабода і незалежнасць былі ім даражэй за жыццё.

Уладзімір Арлоў, «Новы час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]