Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чарнобыльскія экскурсіі

24.04.2019 общество
Чарнобыльскія экскурсіі

Усім, хто імкнецца на экскурсію ў зону адчужэння, спачатку наведаць нашы бальніцы і анкалагічныя цэнтры.

Чарнобыльская трагедыя — гэта не проста гістарычны факт, важная тэма для асэнсавання, якая невычэрпная сваёй філасофскай глыбінёй, складанымі медыцынскімі і сацыяльнымі аспектамі, але і неад’емны складнік нашага жыцця. Яна бязлітасна выпрабоўвае нацыю на фізічную і душэўную стойкасць.

Жыхары Беларусі, нягледзячы на замоўчванне праблем, звязаных з аварыяй на ЧАЭС, на палітыку шапказакідальніцтва ў стаўленні да радыяцыйнай бяспекі, якую праводзіць аўтарытарны рэжым, даўно зразумелі, што маюць справу з бядой, здольнай прынесці непрадказальныя наступствы. Асаблівую выразнасць яе згубная сутнасць набывае ў свядомасці людзей, якія ўласным здароўем расплачваюцца за гульні з «мірным атамам».

Перад чарговай гадавінай катастрофы ў СМІ з’явілася інфармацыя пра арганізацыю Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведнікам экскурсій па зоне адчужэння. У мяне такі спосаб заробку грошай выклікае абуранасць. Я катэгарычна супраць вандровак жыхароў Беларусі па зоне, бо ім і без таго хапае радыяцыйнай нагрузкі.

Мае чарнобыльскія экскурсіі кардынальна адрозніваюцца ад турысцкіх. У маі 1986 года я скончыў пісаць «Кульмінацыю», якой Васіль Быкаў даў ацэнку: «Ты напісаў паэму грандыёзнай сілы». Пасля сустрэчы з добрым знаёмцам, дырэктарам Інстытута ядзерных даследаванняў АН БССР В. Б. Несцярэнкам, які ў будынку ЦК КПБ ішоў з нарады па арганізацыі ліквідацыі аварыі з вачыма, поўнымі слёз, у ёй з’явіўся раздзел «Калыска памяці». Вось яго радкі:

Не шкадую сябе. Ад дзяцей хай зямля не адвернецца.

Толькі б род беларусаў не сцёк, не схіліўся на звод,

Толькі б вечна ў раллі прарастала жытнёвае зернетка,

Лашчыў вабнаю мрояй жанчыну настойлівы плод.

Доля роднай зямлі — справа першая і запаветная,

Перад намі — унукі, за намі — магілы дзядоў.

Мы ўратуем цябе, шматпакутная, гордая, светлая,

Потам чыста адмыем, не будзе атрутных слядоў.

Мне не сорамна за аптымістычныя, магчыма, саманадзейныя словы пра ўратаванне Беларусі. Шматпланавая звышзадача застаецца, яна стала ў сучасных умовах яшчэ больш складанай і павінна рашацца намі асэнсавана і вынікова…

Спякотным летам 1986 года ў Хойніцкім раёне я ўдзельнічаў у арганізацыі працы па дэзактывацыі дзіцячых садкоў, школ, бальніц. Такая складаная аварыя ў гісторыі чалавецтва здарылася ўпершыню, а таму ліквідатары — вучоныя, інжынеры, тэхнікі, рабочыя, вайскоўцы, прадстаўнікі мясцовай ўлады — дзейнічалі метадам «спроб і памылак». У мяне ў распараджэнні быў «УАЗ» з вадзіцелем, што дапамагло выконваць задачы і адначасова бачыць у безлічы дэталяў жахлівую народную бяду. Я прысутнічаў на эвакуацыі вёсак, чуў галашэнне жанчын, плач дзяцей, бачыў слёзы на вачах мужчын. Пасля там пакутавала здзічэлая дамашняя жывёла. Жудасна было знаходзіцца ў адселенай зоне ноччу.

Убачанае і перажытае на знявечанай зямлі, асэнсаванне лёсу Айчыны і яе будучыні ўвайшло ў паэму «Чорная быль» (1988), якую пераклалі на некалькі еўрапейскіх моў.

Выступленнямі за мяжой (разам са мною пераклады паэм «Чорная быль» і «Зязюля» (1996) чытаў нямецкі пастар, польскія літаратары, акцёры тэатра і кіно) я зарабляў сродкі для ратавання хворых дзяцей у шпіталях Германіі, для закупкі і перадачы ў беларускія бальніцы лекаў, медыцынскага абсталявання. Удзельнічаў у арганізацыі дапамогі з Францыі, Швейцарыі, ЗША. У гаворках з бацькамі і з самімі маленькімі пацыентамі наслухаўся і нагледзеўся столькі гора, што мая душа дагэтуль курчыцца ад пакутаў. На жаль, радкі з паэмы «Зязюля» застаюцца актуальнымі:

Свет імкліва старэе,

а могілкі скрозь —

маладзеюць...

І зязюля начуе і днюе

на родным грудку.

У яе ўжо няма

на жыццё аніякай

надзеі,

Ды надточвае век

нашым дзецям

балючым: «Ку-ку!..»

Экалагічныя ўмовы, у якіх мы жывем, спецыфічныя, такіх няма ні ў адной краіне свету. Радыеактыўны ёд-131, які пасля катастрофы нанёс удар па шчытападобнай залозе дзяцей і ўсяго насельніцтва, распаўся. Але застаюцца небяспечныя — цэзій-137 (ім забруджана 23% тэрыторыі), стронцый-90 (10%) і плутоній-238,-239,-240 (2%). Трансуранавыя элементы найбольш жывучыя. Афіцыйны сайт МНС Рэспублікі Беларусь паведамляе, што «снижение активности почвы от 241Аm до уровня 3,7 кБк/кв.м ожидается после 2400 года». А распад плутонія-239 расцягнецца на 24 тысячы гадоў!

Мне часта даводзілася гутарыць з айчыннымі і замежнымі навукоўцамі, медыкамі, у тым ліку з тымі, што працавалі ў зоне. У праблеме ўплыву радыяцыі на здароўе людзей ёсць шмат загадак. Але дакладна высветлена, што малыя дозы ўздзейнічаюць на актывізацыю хвароб эндакрыннай сістэмы, новаўтварэнняў і парокаў развіцця.

Выяўлена таксама, што 70% радыенуклідаў трапляе ў арганізм чалавека менавіта шляхам спажывання грыбоў, ягад і сельгаспрадукцыі з забруджаных тэрыторый.

Вядомы фізік Ю. Варонежцаў, які лечыцца ў анкалагічным дыспансеры, кажа: «…За 16 курсов химиотерапии, которые я прошёл, около 80% моих однопалатников были из пострадавших районов — трактористы и люди, работающие или проживающие на тех самых землях, где ведётся ограниченное сельскохозяйственное производство.

Поэтому моё глубокое убеждение, что никакое производство там вести не стоит и деньги лучше инвестировать в чистые земли.

К большому сожалению, просвещение населения на тему чернобыльской аварии и её последствий практически свернули на государственном уровне, поэтому многие из нас часто игнорируют жизненно важные процедуры контроля и проверки...

Однажды я поехал за Ветку и наблюдал, как люди собирают грибы в чрезвычайно сильно загрязнённых лесах. Это ведь самоубийцы! У меня просто волосы дыбом становились, но к каждому же не подойдёшь и не скажешь: «Что ты делаешь? Одумайся!»

Лично я и моя семья грибы и ягоды, которые не прошли проверки, не употребляем. Определённая опасность состоит ещё и в том, что сегодня на этой полянке собрали грибы и ягоды, проверили — они чистые, но это не означает, что и на следующий год они будут тоже чистыми.

Поэтому проверка никогда не бывает лишней. Только с такими предосторожностями можно сохранить своё здоровье и здоровье близких».

Пасля Чарнобыльскай аварыі паралельна з ратаваннем свайго фізічнага здароўя беларусам трэба рашаць важныя нацыянальныя задачы: паляпшаць дабрабыт, наладжваць эфектыўную эканоміку, укараняць новыя тэхналогіі, павышаць мараль, адраджаць родную мову. Замест гэтага аўтарытарны правіцель і яго паслугачы, каб утрымаць уладу, бяруць паўсюль пазыкі і раскашуюць: прызначаюць сабе астранамічныя аклады, для афіцыйнага шыку будуюць пампезныя палацы, дзеля піяру праводзяць міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы.

Невераемным здзекам над беларусамі, якія пакутуюць ад Чарнобыля, стала тое, што, не параіўшыся з імі, рэжым пры дапамозе Расіі будуе Астравецкую АЭС. Яна ўжо выклікала скандал паміж дзвюма краінамі, а наперадзе будуць яшчэ праблемы бяспекі, утылізацыі адыходаў і ўрэшце закрыцця станцыі.

Нашчадкам не пазайздросціш! Яны праклянуць нас, бо не спынілі вар’яцтва…

Калі нехта з замежных экстрэмалаў хоча атрымаць порцыю адрэналіну, то што ж — гэта асабістая справа. Але раю ўсім, хто імкнецца на экскурсію ў зону адчужэння, спачатку наведаць нашы бальніцы і анкалагічныя цэнтры.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]