Урачыстасьці заплянаваныя на Дзяды.
У Вільні прайшла сустрэча прадстаўнікоў Беларускага грамадзкага камітэту памяці паўстанцаў 1863–1864 гадоў зь віцэ-канцлерам ураду Літвы Дэйвідасам Матулёнісам.
На ёй было пацьверджана, што прозьвішчы ахвяраў расейскай акупацыйнай адміністрацыі, парэшткі якіх знайшлі на Замкавай гары, будуць напісаныя на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, паведамляе «Радыё Свабода».
Мэмарыяльныя ўрачыстасьці заплянаваныя на дзень ушанаваньня памерлых продкаў — Дзяды, 2 лістапада 2019 году.
Беларусь прадстаўляе грамадзянская супольнасьць
На пачатку 2016 году на гары Гедзіміна ў Вільні здарыўся апоўзень, а неўзабаве яшчэ адзін. Паўстала пагроза, што можа не ўтрываць славутая вежа, помнік гісторыі і культуры ХIV стагодзьдзя.
У студзені 2017-га першымі там пачалі працаваць археолягі — літаральна празь некалькі дзён ім адкрылася пахавальная яма, у якой, згодна з пазьнейшымі антрапалягічнымі дасьледаваньнямі, ляжаў Кастусь Каліноўскі. Агулам знайшлі парэшткі 21 паўстанца, адзін зь іх дагэтуль не апазнаны.
Адразу пасьля гэтых знаходак была створаная Дзяржаўная камісія ў справе перапахаваньня пад кіраўніцтвам прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса. Літоўскі ўрад распачаў перамовы адносна будучай мэмарыялізацыі з Польшчай і Беларусьсю. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічаюць зь Літвой, а вось у Менску асаблівага зацікаўленьня ня выявілі.
Спачатку ў Вільні з прычыны пасіўнасьці беларускага ўраду вырашылі былі, што надпісы на магілах будуць па-літоўску і па-польску. Толькі калі беларуская грамадзянская супольнасьць выказала незадавальненьне, зноў вярнуліся да моўнага пытаньня.
«Беларуская мова адназначна будзе: гэта тычыцца парэшткаў усіх паўстанцаў, а таксама асноўнага тэксту, які паведамляе пра магілы», — сказаў гісторык Алесь Смалянчук, які ўдзельнічае ў абмеркаваньні пытаньняў перапахаваньня з боку беларускай грамадзкасьці.
Ён таксама паведаміў, што Дэйвідас Матулёніс пацьвердзіў рашэньне Дзяржаўнай камісіі Літвы абраць месцам спачыну паўстанцаў пахавальную нэагатычную капліцу на віленскіх могілках Росы (Rasų kapinės). Праект мэмарыялізацыі распрацаваны літоўскай архітэктаркай Рутай Астасевічуце.
«Беларускія ўдзельнікі абавязаліся падрыхтаваць сьпісы паўстанцаў на беларускай мове і зьвярнулі ўвагу на важнасьць удзелу прадстаўнікоў беларускага грамадзтва ў пахавальных урачыстасьцях. У сытуацыі, калі афіцыйныя ўлады самаўхіліліся ад ушанаваньня памяці герояў вызвольнага паўстаньня і чарговым разам спрабуюць выкрасьліць імя Кастуся Каліноўскага з айчыннай гісторыі, сваё слова павінна сказаць грамадзянская супольнасьць. Дэйвідас Матулёніс запэўніў, што літоўскія ўлады да такой супрацы гатовыя», — падсумаваў Алесь Смалянчук.
Беларускія ўлады абмежаваліся тэлефанаваньнем
Акрамя Алеся Смаленчука, у перамовах бяруць удзел ад «Таварыства беларускай культуры ў Літве» Алесь Адамковіч і ад «Беларускай нацыянальнай памяці» Анатоль Міхнавец. Беларуская дзяржава на перамовах не прадстаўленая.
«Так, на гэты момант дзяржаўных прадстаўнікоў няма, — удакладніў Алесь Адамковіч. — Віцэ-канцлер сказаў, што запрашэньні ў Беларусь накіроўвалі, але да сёньняшняга дня ніякай рэакцыі. Адзінае, дзесьці месяц таму, пасьля рэзанансных публікацый у прэсе, патэлефанавалі зь беларускай амбасады, пацікавіліся, як і што, але на гэтым усё скончылася. Прынамсі, ні з камісіяй, ні зь літоўскім урадам беларускі бок афіцыйна ня зьвязваўся».
Паводле Алеся Адамковіча, згодна з праектам кожнае надмагільле будзе падпісанае на трох мовах, а на агульным стэндзе яшчэ дадасца чацьвёртая — ангельская:
«На гэтым месцы пахаваныя ўдзельнікі паўстаньня 1863–64 гадоў і яго кіраўнікі Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі».
«У нэкропалі будуць 21 ці 22 месцы — пакуль што няма дакладнай інфармацыі па Станіславу Ішору. Разам з тым існуе такая вэрсія, гіпотэза, што пазьней ксяндзы выкупілі цела свайго субрата ў царскіх салдат і пахавалі ў касьцёле ці іншым месцы. Відаць, запатрабуюцца дадатковыя дасьледаваньні. Дзеля справядлівасьці, у нішы, дзе будуць пахаваньні, ёсьць таблічка і з указаньнем прозьвішча Ішоры», — сказаў Алесь Адамковіч.
Адпачатку вялася размова, што цырымонію перапахаваньня парэшткаў ўдасца правесьці сёлета ў верасьні, але цяпер тэрміны зрушаныя бліжэй да Дзядоў.
«Патлумачылі так: тэрмін — паўгода ад моманту прыняцьця рашэньня, — кажа Алесь Адамковіч. — Паколькі афіцыйна рашэньне прынятае 24 красавіка, трэба дадаць 6 месяцаў. Атрымліваецца, што недзе акурат на Дзяды, што таксама сымбалічна. Так што збольшага пытаньні вырашаныя. Нават калі ачомаюцца дзяржаўныя чыноўнікі, гэта будзе ўплываць толькі на фармат урачыстасьцяў: каму даць слова, якія будуць сьцягі і г. д. Але што тычыцца тых жа надпісаў, тэрмінаў, то рашэньне ўжо канчатковае».
У 155-ю гадавіну гібелі Кастуся Каліноўскага сотні беларусаў прайшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтры Вільні — ад месца апошняга зьняволеньня кіраўніка паўстаньня да Лукіскага пляца, дзе ён быў павешаны. Тую памятную імпрэзу прадстаўнікі дзяржаўных установаў Беларусі таксама праігнаравалі.