Легендарная дыктарка расказала, як адзначыць юбілей, а таксама ўспомніла працу на тэлебачанні.
Легендарная дыктарка беларускага тэлебачання і народная артыстка Зінаіда Бандарэнка сёння святкуе 80-годдзе. Праграмы з яе ўдзелам ведаюць не толькі беларусы. На тэлебачанні яна працавала амаль 40 гадоў, і сышла адтуль праз свае погляды. Хто сёння не памятае яе ў якасці вядучай «Калыханкі»? Каму незнаёмы яе пяшчотны голас? Зінаіда Бандарэнка ў вялікім інтэрв'ю tut.by расказала, як адзначыць юбілей, успомніла працу на тэлебачанні.
Зінаіда Бандарэнка нарадзілася ў Мінску 25 красавіка 1939 года. Падчас Вялікай Айчыннай вайны сям’я пераехала ў Гомель. Яе тата — урач, маці працавала дэзінфектаркай. Пасля вайны бацькі не жылі разам.
Зінаіда Аляксандраўна скончыла медыцынскае вучылішча і нават працавала акушэркай. Акрамя гэтала яна займалася ў тэатральнай студыі і прайшла вялікі конкурс на пасаду дыктара на Гомельскім тэлебачанні. Таленавітую і абаяльную дзяўчыну заўважылі ў Мінску, так яна трапіла на тэлебачанне ў сталіцу, дзе працавала да 1996 года. У тым ліку была кіраўніком групы дыктараў. Яна праводзіла значныя канцэрты ў краіне і за мяжой і часта на іх выходзіла ў нацыянальных строях. Была вядучай «Калыханкі», яе запрашалі на ўрадавыя сустрэчы
Зінаіда Бандарэнка не раз казала, что сышла з дзяржаўнага тэлебачання праз свае погляды, якія былі не вельмі даспадобы кіраўнікам. Пасля гэтага яна перастала праводзіць і дзяржаўныя мерапрыемствы. Зараз рыхтуецца кніга пра легендарную дыктарку і народную артыстку — «Мой шлях да Беларусі. Далягляды Зінаіды Бандарэнка». Грошы на яе збіралі на краўдфандынгавай пляцоўцы.
Зінаіда Аляксандраўна з мужам выгадавала дваіх сыноў. Адзін з іх памёр у 42 гады ад дыябету. У яе чацвёра ўнукаў.
«У школе я не надта любіла дакладныя навукі»
— Як вы будзеце адзначаць юбілей?
— Так атрымліваецца, што менавіта 25 красавіка мой дзень народзінаў мы ніколі не святкуем, таму што ён прыпадае на пост перад Вялікаднём. У гэты дзень я прымаю толькі віншаванні. Святкаванне пераносіцца на наступны дзень пасля Вялікадня. У гэтым годзе яго адсвяткуем у нядзелю, на сам Вялікдзень. Ніякіх рэстаранаў, нічога такога не будзе. Збяромся сям’ёй на лецішчы, там і накрыем стол.
Прыедуць малодшы сын з жонкай і дзецьмі. У ix два хлопчыкі-двайняты Апанас і Ціхан, і дачка Марыя, якой ужо сем гадоў. Яна ходзіць у школу.
— А чым займаецца дачка вашага старэйшага сына?
— Яе таксама завуць Марыя. Яна ўжо дарослая, замужам. Скончыла Беларускі інстытут правазнаўства. Цяпер моладзь так — усе працуюць па кампутары і сядзяць у інтэрнэце. Я ўсё пытаюся: «Маша, якім чынам можна зарабіць грошы, седзячы дома перад кампутарам?» Яна і дызайнам займаецца, і нейкія справы арганізоўвае.
— Адным словам, вырашылі адзначыць юбілей сямейным колам…
— Так. 80 гадоў круглая, канешне, дата, значная. Сястра мяне сёння віншавала і сказала: «Віншую цябе з мудрым юбілеем». Можа і так. Але да 80 гадоў, думаю, што ўжо мудрасць набіраеш, а пасля губляеш і яе, і памяць. Гэтага я баюся больш за ўсё. Але ў мяне вельмі натрэніраваная памяць: я ўсё жыццё павінна была цэпка хапаць даты, імёны людзей і тэксты. Мы ж ўсё вучылі на памяць, дый і цэнзура нам не дазваляла доўга гаварыць. Цяпер разбэшчанасць у эфіры мяне не надта радуе. Іншым часам адчуваеш, як журналіст пачынае тэму і не можа з яе ніяк выйсці. У гэтым таксама ёсць хібы.
— Вам 80 гадоў, і вы вельмі бадзёрая!
— Гэта, пэўна, яшчэ і генетычны момант грае ролю. У мяне мамуля да 84 гадоў дажыла, тата крышку раней памёр.
— Прытрымліваецеся здаровага ладу жыцця?
— Так. Яшчэ нядаўна, гады тры назад, хадзіла ў басейн. Цяпер мне крышку цяжкавата пасля аперацыі. Мне паставілі сустаў. Але дзякуючы майму хірургу Валерыю Анатольевічу Урублеўскаму, які проста шыкоўна зрабіў аперацыю, усё добра. Я лічу, што ў 6-й клініцы робяць аперацыі на такім высокім узроўні! Калі я выйшла, ў мяне гонар быў за тое, што нашы медыкі такі добры крок зрабілі наперад.
— У вашым пашпарце дзень народзінаў прызначаны на 28 красавіка. Як так сталася?
— Я нарадзілася 25 красавіка, мама яшчэ была ў радзільным доме, а тата пайшоў рэгістраваць у загс і нешта там, можа, ён не так патлумачыў, можа, не паглядзеў на запіс, а калі прыйшоў, то убачыў, што паставілі 28 красавіка.
Я не выпраўляла, бо гэта трэба было неяк даказваць. Мне чамусьці было не так важна.
— Ведаю, што ваш бацька быў хірургам, і вы таксама скончылі медыцынскае вучылішча. Ці не шкадуеце, што не звязалі жыццё з медыцынай?
— Не, канешне. Я ўдзячна лёсу і Госпаду Богу, што ён так накіраваў мяне і што я заняла сваю нішу. Можа, гэта і выпадкова атрымалася, але ў той жа час і не надта выпадкова.
Тата працаваў хірургам у ваенныя часы і дайшоў нават да Берліна, а пасля вайны ён быў галоўным урачом гомельскай сухотнай бальніцы. У тыя часы я скончыла сярэднюю школу, і ўжо там у мяне было жаданне нешта распавядаць. У школе я не надта любіла дакладныя навукі. Калі паглядзець у атэстат, то ў мяне — «пяцёркі» па беларускай і руская мовах і літаратурах і прыродазнаўству. Па астатніх прадметах — «тройкі» і «чацвёркі».
Я нават на ўроку геаметрыі чытала нейкі раман, настаўніца падышла і, калі ўбачыла, адабрала кніжку, сказаўшы: «Падумаеш, артыстка!» На той момант я ўжо чытала некаторыя вершы са школьная сцэны, дый у мяне была мянушка «Бандароўна». Але пасля сітуацыі на ўроку мяне пачалі называць «артысткай».
На тэатральны факультэт не паступала, таму што ў 10-м класе захварэла на плеўрыт. Бацька страшна спужаўся і сказаў: «Які тэатральны? Ты павінна скончыць медыцынскі і сама сачыць за сваім здароўем». Я скончыла медвучэльню, планавала паступаць у медыцынскі інстытут. Але падчас вучобы хадзіла ў драматычную студыю, і ў той час аб’явілі конкурс дыктараў на мясцовым тэлебачанні. Кіраўнік нашай драматычнай студыі Сяргей Паўлавіч Астравумаў мне прапанаваў схадзіць на гэты конкурс. Ну я і пайшла.
Народу было шмат, асабліва жанчын. Раптам дзве з іх кажуць, што, маўляў, у адной з іх сусед — рэжысёр. І ён сказаў, што калі на конкурс прыйдзе нейкая Бандарэнка, дык вам там няма чаго рабіць. А я яшчэ стаю і думаю: «Ой, яшчэ нейкая Бандарэнка павінна прыйсці». Гэта толькі калі мяне вызвалі, зразумела, што Бандарэнка — гэта ж я!
Гэты конкурс я прайшла і спачатку сумяшчала працу дыктара з экзаменамі ў медвучэльні, пасля пачала працаваць стабільна. У нейкі момант адчула, што маіх ведаў мала, каб быць дыктарам, і паступіла завочна на беларускае аддзяленне філфака ў педінстытут. Гэта быў адзіны гуманітарны інстытут на той час ў Гомелі.
«З машыны выйшлі Міхаіл Гарбачоў з жонкай — і пачалася гамонка з людзьмі»
— Чытала, што, калі вам прапанавалі працу ў Мінску, вы спачатку адмовіліся.
— У Мінску ў той час ішлі дні гомельскай студыі. Мы прыехалі туды з рэжысёрам, прывезлі бабіну (катушка. — заўв.) з сабой. У той час не было прамой тэлевізійнай сувязі са сталіцай і рэгіёнамі. Гэта не тое, што цяпер: кнопку ўключыў - і пайшоў Гомель, пераключыў - і пайшоў Віцебск. Раней не было ні рэтранслятараў, нічога.
Таму я прыехала ў Мінск на тры дні і распавядала мінчанам пра Гомель, яго жыхароў, «Гомсельмаш», электрамеханічны завод і пра ўсе нашыя прадпрыемствы, якімі мы ў Гомелі ганарымся. І людзі пачалі тэлефанаваць на студыю, казаць, што я ім спадабалася і чаму б мяне не перавесці ў Мінск. Старшыня Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні прапанаваў мне працу.
На той момант я была цяжарная і адмовілася пераязджаць. Такім чынам мы тады былі выхаваныя. Я думала: «Як гэта мяне запрашаюць прыехаць, а я кіраўніку скажу, што цяжарная, прыеду, і нехта будзе за мяне працаваць». Сказала, што патрыётка свайго горада, і не паехала. Праз год ужо муж сам прыйшоў на прыём да старшыні Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні і нагадаў, што той мне калісьці прапаноўваў працу. Тым больш у Гомелі ў нас былі такія жыллёвыя ўмовы: мы жылі разам з мамай, яшчэ нарадзілася дзіця — і карацей кажучы, муж вырашыў, што мы можам паехаць у Мінск. Старшыня камітэта ўдакладніў у мужа, ці я ў форме, і сказаў прыехаць на мастацкі савет, каб спецыялісты вырашылі, ці гатовая я працаваць у сталіцы.
— У чым праяўлялася цэнзура на тэлебачанні за савецкім часам?
— Цэнзура была вельмі жорсткая. Хаця, што мы там маглі гаварыць? Калі працавала на гомельскім тэлебачанні і, напрыклад, эфір быў увечары, то ўжо днём я брала тэксты і ішла да цэнзара, які іх чытаў і ставіў штамп на ўсіх старонках: «разрешено».
— Ці можна было ў тыя часы дыктару праявіць нейкую творчасць?
— Не надта. Больш я навучылася праяўляць самастойнасць, калі пачала ездзіць у Маскву. Там дыктараў вучылі, як імправізіраваць. Нам расказвалі прафесійныя рэчы: як з вялікіх сказаў рабіць кароткія, каб не было ментарскага тону, каб з’явілася размаўляльнасць, каб мова была мяккая і мілагучная, каб была сугучнасць з настроем тэлегледачоў.
Нягледзячы на гэта, дыктары цэнтральнага тэлебачання вельмі доўга кандова чыталі. Гэта адбывалася таму, што павінен быў быць не тое што настаўніцкі, павучальны тон, а такі, каб убіваць чалавеку ў галаву думкі і ідэі Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі. Ведаеце, як раней давалі вызначэнне слову «дыктар»? Гэта праваднік ідэй і прадвызначэнняў Камуністычная пратыі Савецкага саюза. Так пачынаецца кніжка Вольгі Высоцкай, дыктара № 1 усесаюзнага радыё. А цяпер атрымліваецца, што тыя самыя журналісты сталі праваднікамі ідэй толькі свайго ураду. У Расіі свой, у нас — свой.
— Ці быў у вас дрэс-код?
— За гэтым сачылі. Але ў нас не было вялікіх матэрыяльных магчымасцяў, таму што нам на вопратку на аднаго чалавека выдавалі па 150 рублёў на год. А трэба было кожны дзень выходзіць у эфір. Дыктары так фантазіравалі: набывалі блузон, а потым там нешта перавернуць — і зноў апранаюць. Ужо потым у нас з’явіліся свае мастакі па касцюмах.
Спачатку нам шылі касцюмы і сукенкі ў атэлье Дома ўраду, але пасля нас адтуль папрасілі. Аказалася, што мне пашылі сукенку з той жа тканіны, як і жонцы другой асобы ўрада. І яна прыйшла на мерапрыемства ў гэтай сукенцы, а я выйшла на сцэну ў сваёй, але з такога ж матэрыялу. Безумоўна, жонкі іншых чыноўнікаў пачалі на гэту даму зларадна паглядаць, і яна была вымушана выйсці з зала. У выніку пасля гэтай гісторыі мы пачалі браць сукенкі і касцюмы напракат ў Доме мадэляў.
Я шмат ездзіла і вяла знакавыя мерапрыемствы. І адразу адчула, што трэба выходзіць на сцэну ў нацыянальным — вышыванках. Калі я беларуска, то павінна несці ідэю беларускасці ўсім сваім абліччам і паводзінамі.
— А дзе вы бралі вышыванкі?
— Спачатку заказвала, а пасля іх шылі для мяне ў Доме мадэляў. У іх было шмат сучасных стылізаваных макетаў. Я вельмі ўдзячная іх мадэльерам, якія стваралі шыкоўныя строі. Памятаю гісторыю, як у Мінск прыехаў Міхаіл Гарбачоў з жонкай Раісай Максімаўнай, і спецыяльна для іх вырашылі даць канцэрт у філармоніі. Я павінна была яго весці. Узяла нацыянальны строй мадэльера Іны Булгакавай і прыйшла у філармонію.
Там было вельмі шмат аховы Гарбачова, усіх, хто адказваў за канцэрт, правяралі на ўваходзе па спісе і пашпартах. Пераапранацца сказалі ў падвале, але я не пагадзілася і папрасіла супрацоўніка КДБ адамкнуць на другім паверсе пакой для вядоўцаў і салістаў. Ён падняўся туды са мной, агледзеў гэты пакой, фортачку зачыніў і сказаў да акна не падыходзіць. Я пераапранулася, канцэрт павінен быў ужо пачацца, але Гарбачоў усё не прыязджаў.
Нарэшце машыны пад’ехалі, іх раптам абступілі людзі. З машыны выйшлі Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў, Раіса Максімаўна — і адразу пачалася гамонка з людзьмі. Яны больш гадзіны размаўлялі проста на вуліцы.
У зале іх сустракалі авацыямі, калі апладысменты сціхлі, заслоны падняліся — я выйшла. О тут, я такія апладысменты атрымала! І гэта не мне былі апладысменты, а Іне Булгакавай і яе строю. Ён быў з белага крэпдэшыну, вельмі буйны арнамент, прыгожы выраз, пояс-кушак…
Падчас гэтага канцэрту ўсіх здзівілі паводзіны Раісы Максімаўны. Яна ўвесь час нешта занатоўвала. Мы потом доўга з гэтай нагоды жартавалі.
«Ці Брэжнеў, можа, памёр?» — пыталіся. «Не, — кажу. — Жывы»
— Вы ж і з Брэжневым сустракаліся?
— Вельмі доўга Мінску не давалі званне горада-героя, раптам далі. Але пасля гэтага прайшоў год — зорку не даюць, другі праходзіць — не даюць, трэці - не даюць. Менчукі ўжо пачалі гаварыць, што, можа, адмянілі ўсё. А Брэжнеў хварэў, і ўрэшце рэшт у 1978 годзе прыехаў уручаць у Мінск зорку героя. Божа мой, што тут пачалося!
Вырашылі правесці канцэрт у Оперным тэатры. Мне рэжысёр сказаў, што канцэрт павінен скончыцца роўна ў 21.00. У генсека ў сэрцы стымулятары, праз кожныя дзве гадзіны павінна быць падсілкоўванне. Але ж гэта канцэрт. Усё ішло спакойна, прыкладна ў 21.00 я выйшла на сцэну і аб’явіла, што выступае дзіцячы народны калектыў «Ровесник», і раптам перад маім носам заслона шух — і зачынілася. Дзеткі і ўсе мы засталіся па той бок залі. Але калі я гаварыла, то заўважыла, як да Брэжнева бягуць людзі. І потом мы ўжо ўбачылі, што яго выцягнулі з залі пад рукі.
Пасля канцэрту я памчалася на поезд да Масквы на запіс нейкай праграмы. На наступны дзень у «Астанкіне» ўсе пачалі пытацца, што ў нас там адбылося. Трансляцыя ішла на увесь Савецкі саюз, і рэзка ўсё абарвалася. «Ці ён, можа, памёр, ці што?» — пыталіся. «Не, — кажу. — Жывы».
— А пры якіх абставінах сустракаліся з Машэравым?
— Гэта было на плошчы Перамогі 9 траўня. Мы вялі рэпартаж падчас таго, як да плошчы рухалася калона ветэранаў. Бралі інтэрв'ю і размаўлялі з ветэранамі, генераламі. Я яшчэ да канца не распытала аднаго з генералаў, як ужо падбеглі кэдэбэшнікі і папрасілі прыбраць камеры і сысці, бо на гэтым месцы павінен стаяць Машэраў. Генерал, з якім я размаўляла, грозна сказаў: «Зіна, стой, ні з месца! Яны мяне не зварухнуць! Сёння наш дзень!» І кэдэбэшнікі сцямяшыліся. І раптам я бачу: ідзе Пётр Міронавіч з усмешкай. Павіншаваў нас са святам. Сапраўды, яму прыйшлося стаць збоку ад нас, і ён мне на вуха сказаў: «Спасибо вам, Зинаида, за все, что вы делаете». Ён жа інтэлігентны чалавек.
Ведаеце, вось успамінаю той час і думаю, што тады не было такога, што заканчваюцца канцэрты — і пачыюцца банкеты. Такія банкеты пачаліся дзесьці ў 90-я гады. А да гэтага: скончыўся канцэрт, дзякавалі адзін аднаму, усе разыходзіліся. Мы, артысты, працягвалі, але самі, сваёй кампаніяй у кафэ «Артыстычнае». Можа, прадстаўнікі ўрада і збіраліся пасля такіх канцэртаў, але ў вузкім коле. Калі нехта з кіраўнікоў паглядаў неяк у захапленні (маецца на ўвазе «паглядаў на артыстку». — заўв.), дык ён баяўся. Адразу ж усё магло стаць вядома, могуць і справу завесці.
У мяне ў самой была гісторыя, калі пераехала у Мінск. Раптам патэлефанаваў адзін з кіраўнікоў у сферы тэлебачання і радыёвяшчання. Запытаўся, як справы, ці не магу забегчы падчас перапынку. Я сказала, что трэба вучыць тэкст да эфіру. Ён сказаў, што чакае. Што нешта не тое, зразумела, калі ўбачыла яго сакратарку ў прыёмнай. Яна неяк галаву апусціла і пачырванела. Я не прыдала гэтаму значэння, але калі ўвайшла ў кабінет, ён раптам кажа: «У нас паўтары гадзіны». Дастае бутэльку каньяку і ставіць на стол. Я кажу: выбачайце, але я ніколі на гэта не пайду. І вось тут адбылася непрадказальная метамарфоза: чалавек адразу з лагоднага ператварыўся ў жорсткага. Ён, ні слова не кажучы, падышоў да дзвярэй, адкрыў і сказаў пагрозліва: «Свободна!». Выйшла, сакратаркі ўжо не было, і я ў слязах пайшла на працу.
Праз нейкі час вярнулася з паездкі цэнтральнага тэлебачання ў ГДР, і мяне выклікаў дырэктар студыі тэлебачання і сказаў, што трэба падыйсці ў райкам партыі. Адтуль мяне завялі ў ЦК КПБ, дзе запыталіся наконт таго, як я стаўлюся да кіраўніка, які мяне вызываў. Я кажу, што вельмі добра. Ён робіць шмат чаго для тэлебачання. «Это не он, — перабілі мяне. — Это Центральный комитет партии». Казалi, што мяне б не выклікалі, калі б не ведалі, што я павяла сябе прыстойна ў адносінах да яго заляцанняў.
Мужчына ў шэрым піджаку ўстаў з-за стала, дастаў з сейфа блакітную тэчку і пачаў лістаць. І кажа, што ўсе нашы размовы ў дыктарскай запісваліся. І пачаў чытаць: «25 красавіка. Званок. Мужчына: Добры дзень, чым займаешся? Я: У мяне сёння дзень нараджэння. Мужчына: Можа запросіш? Я: Калі ласка, мы будзем вельмі рады. Мужчына: А як да гэтага паставіцца твой муж? Я: Вельмі паважліва».
Чалавек у кабінеце ЦК КПБ сказаў, што тое, што я адмовілася ад заляцанняў, яны ведаюць дакладна, бо ім пра гэта распавёў «адзін верны таварыш». Аказваецца, за мной сачылі, а я пра гэта не ведала.
Напрыканцы ў мяне спыталі, ці не ведаю я іншых жанчын, якія прыходзілі на сустрэчы да таго чалавека. Я сказала, што не, бо я і на самой справе гэтага не ведала. Праз некалькі дзён з’явілася інфармацыя без усялякіх каментароў, што той мужчына сышоў з пасады.
«Вельмі рада, што не здрадзіла сваім ідэям і пацізыі»
— Я бачыла ваша фота з Лукашэнкам.
— Я вяла першыя «Дажынкі», яны былі ў Століне. Я яго запрасіла на сцэну, і ён сказаў, што хоча, каб усе былі такімі ж прыгожымі, як гэтая дзяўчына, гэта значыць я. Я падзякавала і нягучна яму адказала, што ён мяне з бабулі ў дзяўчыну ператварыў.
Потым ён прыходзіў на студыю аддзячыць нам за тое, што падтрымалі яго перад другім тэрмінам. Там я выступала як старшыня жаночага савета Дзяржтэлерадыёкампаніі, гаварыла па-беларуску. Ён калі падводзіў вынік, сказаў, што вось тут гаварыла Зіна, як заўсёды, прыгожа і па-беларуску. Што за гэта мяне і любіць народ. І я на ўсё жыццё запомніла яго выраз: «І гэтым яна стварае сабе імідж». Пасля пытаўся, чаму мы прывязаліся да яго з гэтай мовай і, маўляў, калі нам так хочацца, то нойме таго, хто напіша па-беларуску, а ён будзе чытаць. А я і сказала: «А чаму б і не, Аляксандр Рыгоравіч, мова ж наша, родная?» Ён: «Хорошо, Зина, так и сделаю».
— А вы сёння тэлебачанне глядзіце?
— У нас талерка, і мы глядзім «Белсат», украінскія тэлеканалы. Беларускія каналы гляджу вельмі рэдка. Але журналісты, менавіта інфармацыйнікі, сталі вельмі добра працаваць, але мне крыўдна, што не па-беларуску. Які гэта нацыянальны канал, калі не чуеш беларускай мовы? І калі ўсе ў адну дуду дуюць — гэта ж нецікава. Паглядзіце ўва Украіне — там жа на тэлеканалах прадстаўляюць розныя кропкі погляду. І яны іх адстойваюць.
— Чытала, што з мужам вы пазнаёміліся падчас спектакля «Каханне і бульба», у якім гралі яшчэ ў Гомелі?
— Так. Ён працаваў інжынерам у канструктарскім бюро на «Гомсельмашы». А мы ставілі для іх спектакль. У зале сядзеў мой будучы муж і загаварыў з чалавекам побач. А той аказаўся маім траюрадным братам. І брат сказаў, што наогул хоча на мне жаніцца. Мой будучы муж Генадзь пачаў спрачацца, што, маўляў, гэта грэх. А потом мы выпадкова сустрэліся на аўтобусным прыпынку — і ўсё завязалася.
— Ведаю, что дзяцей вам дапамагала выхоўваць свякроў.
— Так. Яна жыла з намі амаль 40 гадоў, пакуль не памерла. Вельмі мы дружна жылі. Я навучалася ў яе, як гэта — быць свякрухай. У мяне ёсць нявестка, і я сябе імкнуся паводзіць менавіта так, як у адносінах да мяне паводзіла сябе мая свякруха.
— Вашы дзеці крыўдзіліся на вас, што шмат працуеце?
— Гэта было. Асабліва малодшы сын. Як зараз памятаю, журналісты прыйшлі браць у мяне інтэрв'ю і раптам задалі сыну пытанне: «А як ты ставішся да таго, што твая мама такая вядомая, працуе дыктарам». Ён сказаў: «Я не люблю ее профессию. Ее никогда нет дома».
Зараз мой малодшы сын заканчвае магістратуру Мінскай духоўнай акадэміі, старэйшы сын быў лётчыкам грамадзянскай авіяцыі. Скончыў Кіеўскі авіяцыйны інстытут і апыляў палі. Пасылалі яго ў Сярэднюю Азію, Краснадарскі край. Ён памёр у 42 гады ад дыябету.
— Што вы зразумелі пра гэта жыццё?
— Шмат чаму навучылася. Я чалавек неверагодна шчаслівы. Я ўсё выпрабавала на сабе і жыццё навучыла мяне быць крышку ўпартай, адстойвайць сваю пазіцыю. Я вельмі рада, што не здрадзіла сваім ідэям і пазіцыі. І таксама вельмі рада, што ў час сышла з тэлебачання, папрацавала у Фінберга (дырыжор Міхаіл Фінберг. — заўв.), але таксама прыйшлося праз сваю пазіцыю сысці. Нічога страшнага. Я ўдзячна за ўсё лёсу і Богу, што вядзе мяне па жыцці.