Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як гучыць на мове эспэранта «Зорка Вэнэра» Максіма Багдановіча

27.04.2019 культура
Як гучыць на мове эспэранта «Зорка Вэнэра» Максіма Багдановіча

Цiкавыя факты пра Беларусь і эспэранта.

Навошта Максім Танк і Цішка Гартны вучылі эспэранта, а дзяржаўнае радыё БССР вяло перадачы на гэтай мове. Беларусь і эспэранта. 5 агульных рэчаў, якія вас зьдзівяць.

27 красавіка 1917 году ў Варшаве памёр стваральнік мовы эспэранта Людвік Лазар Замэнгоф, лекар-акуліст і лінгвіст. Свабода адсачыла, што зьвязвае гэтую мову і Беларусь.

Што такое эспэранта?

Самая распаўсюджаная штучная міжнародная мова, якую лёгка вывучыць дзякуючы простай граматыцы і адсутнасьці выключэньняў. Эспэранта ніяк не зьвязана з пэўнай нацыянальнасьцю ці дзяржавай. Па розных ацэнках, у сьвеце гэтую мову ведаюць ад 200 тысяч да двух мільёнаў чалавек, а для дзьвюх тысяч яна родная.

1. Доктар Эспэранта — з Горадзенскай губэрні

Людвік Лазар Замэнгоф

Стваральнік эспэранта Людвік Лазар Замэнгоф нарадзіўся ў Беластоку ў 1859 годзе, калі гэты горад уваходзіў у склад Гарадзенскай губэрні Расейскай імпэрыі. На той момант большасьць насельніцтва Беластоку складалі габрэі, якія гаварылі на ідыш. Жылі там і палякі, і беларусы, і людзі іншых нацыянальнасьцяў. Прыдумляць міжнародную мову, на якой усе яны маглі б паразумецца, Замэнгоф пачаў яшчэ ў гімназіі. Але выдаць падручнік яму ўдалося толькі ў 1887 годзе. «Першая кніга» выйшла спачатку па-расейску, неўзабаве па-польску, француску і нямецку.

Праз колькі гадоў Людвік Замэнгоф перабраўся ў Горадню, дзе адкрыў свой кабінэт як лекар-акуліст. Гісторыкі адзначаюць яго ўклад у станаўленьне мэдыцыны ў Горадні, пасьпеў ён пабыць і памочнікам судзьдзі. Там стваральнік эспэранта пражыў чатыры гады, пакуль не пераехаў у Варшаву.

Рэканструкцыя дома Доктара Эспэранта ў 2014 годзе, Горадня

2. Паэт-эспэрантыст нарадзіўся ў Вільні

Ураджэнец Вільні Георгі Дзешкін, які вывучыў эспэранта ў 1908 годзе, ужо праз год засноўваў віленскую суполку эспэрантыстаў. Ён пісаў вершы на эспэранта, ягоныя творы друкаваліся ў часопісах і выходзілі асобнымі кніжкамі. Пра гэта згадвае Адам Паўлюкавец у сваёй кнізе «Мова эспэранта».

У эпоху СССР Дзешкін быў сябрам Саюзу эспэрантыстаў савецкіх рэспублік.

3. Дзьве тысячы эспэрантыстаў і курсы па ўсёй Беларусі

У 1925 годзе мову эспэранта ў Беларусі вывучалі каля дзьвюх тысяч чалавек. На пачатак 1925 году ў Менску існавалі ячэйкі эспэрантыстаў пры БДУ, польскім пэдтэхнікуме, ЦК прафсаюзаў, пры цэнтральных партыйным, камсамольскім і яўрэйскім клюбах. Гарадзкі камітэт эспэрантыстаў налічваў 25 актывістаў. Эспэранта вывучалі ў Віцебску, Рэчыцы, Гомлі ды іншых гарадах.

World Map in Esperanto, 1930. https://t.co/10OnstOebR #maps pic.twitter.com/6z9MBWoGBN

— OnlMaps (@onlmaps) May 20, 2017

4. Янка Маўр, Цішка Гартны, Сяргей Новік-Пяюн і Максім Танк ведалі эспэранта

У 1904 годзе эспэранта пачынае вывучаць Іван Фёдараў, які пасьля стане вядомы як дзіцячы пісьменьнік Янка Маўр. Праз два гады эспэранта вывучыць Дзьмітры Жылуновіч, які пісаў пад псэўданімам Цішка Гартны. Эспэрантыстам быў і паэт Сяргей Новік-Пяюн, аўтар песьні «Зорачкі».

Гурток эспэрантыстаў у Вільні наведваў беларускі паэт Максім Танк. Ён прыгадвае гэта ў сваёй кнізе «Лісткі календара»:

«Каля Замкавай гары сустрэў Уладака. Пазнаёміўся я зь ім яшчэ ў Віленскім студэнцкім гуртку эспэрантыстаў, куды мы разам зь ім хадзілі, каб стаць сапраўднымі інтэрнацыяналістамі. Мы тады лічылі, што нацыянальныя мовы зьяўляюцца перашкодай на гэтым шляху, бо які ты ў чорта інтэрнацыяналіст, калі прызнаеш толькі сваю мову і змушаеш на ёй гаварыць іншых».

Натальля Арсеньнева і Максім Танк. Вільня, 1937 г. З фондаў БДАМЛМ.

5. На эспэранта ў БССР гаварыла дзяржаўнае радыё

Дзяржаўнае радыё ў Менску пачало вяшчаньне на эспэранта ў 1926 годзе. Вёў перадачы Янка Маўр — 45 хвілін па панядзелках. Раз на месяц радыё выпускала перадачы па матэрыялах ліставаньня беларускіх эспэрантыстаў з іншаземнымі. Камуністы разьлічвалі такім чынам шырыць па ўсім сьвеце ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пазьней перадачы для замежных слухачоў сталі рабіць двойчы на тыдзень. А ў 1935 годзе беларускае радыё на мове эспэранта можна было слухаць дзесяць разоў на месяц.

Янка Маўр. 1956

У 30-х гадах мінулага стагодзьдзя эспэрантыстаў накрыла хваля сталінскіх рэпрэсій. Аднаўляцца пасьля Другой усясьветнай вайны эспэрантысцкі рух у БССР пачаў толькі ў 1957 годзе. На пачатку 1990-х паўстала Асацыяцыя эспэрантыстаў Рэспублікі Беларусь (AERoBo) з праўленьнем у Горадні, але пазьней яна не прайшла перарэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]