Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Правілы жыцця Францішка Багушэвіча

28.04.2019 общество
Правілы жыцця Францішка Багушэвіча

Чым кіраваўся аўтар палымяных словаў «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай».

Францішак Багушэвіч пайшоў з жыцьця 28 красавіка 1900 году. За месяц да гэтага, на тым самым ложку ў сваім маёнтку ў Кушлянах (Смаргонскі раён), хворы 60-гадовы паэт падпісаў фінансавую справаздачу пра адкрыцьцё барэльефа Адаму Міцкевічу ў касьцёле св. Яна ў Вільні — падзея адбылася таемна ад уладаў…

Менавiта Багушэвічу належыць выслоўе «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Вядомы ён ня толькі як палымяны паэт, але і востры публіцыст, назіральны рэпартэр, які сумяшчаў гэтую дзейнасьць з працаю адвакатам.

Прапануем чытачам нізку разваг і думак Багушэвіча аб жыцьці грамадзтва, узятых зь яго артыкулаў і прыватных лістоў, а таксама своеасаблівыя «правілы жыцьця» нашага клясыка.

Пра заняпад краю

«У праявах грамадзкага жыцьця, як і ўсюды, здараюцца анамаліі: каму невядомы наш матэрыяльны заняпад? У амаль выключна аграрным краі сельская гаспадарка не дае прыбытку. Пра гандаль нават гаварыць не трэба, даволі сказаць, што цэны на прадукты ледзь-ледзь пакрываюць іх сабекошт».

Пра горад і вёску

«Вільня, як, зрэшты, і ўсе іншыя гарады, штораз багацее на новыя будынкі. Аднак гэта паказьнік ня росту дабрабыту гораду, а бадай сьведчаньне заняпаду земляробства і промыслаў. Свае капіталы людзі хочуць укласьці ў камяніцы, якія даюць добрыя прыбыткі, бо кватэры дарагія, колькасьць жыхароў расьце, сяляне ўцякаюць ня толькі ў Бразылію, але і ў гарады. Часам прычынаю пераезду бывае патрэба вучыць дзяцей, а наймаць ім кватэру задорага; прыбыткаў, якія дае фальварак, ня хопіць».

«Усё ў Вільні ідзе сваім звычайным парадкам, пратаптанай сьцяжынаю: шмат якія жыхары вярнуліся зь вёскі, іх можна пазнаць па загарэлых тварах і мінах, якія яны робяць, пачуўшы смурод, што так моцна адчуваецца ў нашым горадзе пасьля сьвежага вясковага паветра. Праўду гаворыць старая прымаўка: «Бог стварыў вёску, а людзі — горад»».

Пра выхаваньне

«Нядаўна на прыватным дзіцячым вечары сабралася шмат дзяўчатак школьнага ўзросту (з незаможных сем’яў), але ўсе яны былі апранутыя ў дарагія сукенкі з карункамі, гафтамі і кветкамі. Такім чынам, дзеці прывыкаюць да раскошы, да непавагі рэчаў, здабытых цяжкай працай іх бацькоў і матак. Цяпер больш чым калі трэба дбаць пра выхаваньне і гартаваньне характару дзіцяці, трэба навучыць яго жыць ашчадна».

Пра звычаі

«У вандроўцы за Вільню за дзьве з паловаю мілі спаткаўся з вельмі своеасаблівым звычаем «хрышчэньня сыроў». Гэты абрад адбываецца так: гаспадыня, адціснуўшы сыр, вымае з торбачкі, кладзе яго на стол, палівае крыж-накрыж вадою і пасыпае сольлю, кажучы пры гэтым: «Дамінюк», калі сыр невялікі, або «Дамінік», калі вялікі. Цяжка высьветліць паходжаньне гэтага хрышчэньня: мне бабка тлумачыла, што дамініканы мелі белую вопратку, і ён «белы». Месца гэта за Вэркамі, у бок Рэшы».

Пра шлюбы сярод моладзі

«Можам адзначыць незвычайную схільнасьць да жаніцьбы сярод моладзі, якая прымусова ці добраахвотна пакідае навучальныя ўстановы, бо ня мае ніякіх надзей і нават якіх-небудзь плянаў на будучыню. Неабгрунтаванаму аптымізму спадарожнічае тут погляд на касьцельны шлюб як на фармальнасьць безь ніякага важнага значэньня: малады ў будзённым жакеціку, а паненка ў сукенцы, бадай, яшчэ ці не са школьных часоў, проста з прагулянкі ідуць у касцёл св. Яна, становяцца перад алтаром і прысягаюць у вернасьці да скону. Ад такіх шлюбаў у недалёкім часе трэба чакаць толькі разьдзелаў і разводаў. Мы верым у добрыя вынікі поступу, аднак лічым згубным адрачэньне ад шмат якіх традыцый, атрыманых у спадчыну ад продкаў».

Пра гарадзкія ўлады

«Дажджы, якія пачалі наведваць наш закутак, зрабілі для нашага горада больш, чым цэлы санітарны аддзел: змылі, хоць на кароткі чac, сьмярдзючую гразь у рыштках».

Пра прышчэпкі

«Сярод сялян, якія сабраліся ў Кальварыі, часта можна бачыць твары, сьпярэшчаныя сьвежым рабаціньнем нядаўняй воспы; у Вільні яна таксама вельмі пашыралася, а па вёсках лютуе страшэнна, асабліва на мяжы Віленскага і Лідзкага паветаў; шмат сем’яў павымірала. Прышчэпка зусім не ратуе ад заразы».

Пра грамадзтва

«У Вільні гэткі недахоп людзкога разумовага жыцьця, што на сьвеце няма, бадай, іншага такога закутка».

«Маем сталы цырк, маем Дурава (Анатоль Дураў (1864–1916) — артыст цырка, дрэсіроўшчык жывёл) з прыручанымі зьвярамі і маем шмат дзікіх людзей!».

«Было колькі канцэртаў, але наша публіка альбо ўжо так збьяднела, што не можа знайсьці рубля, альбо страціла густ да гарманічных тонаў, бо ўсе канцэрты зеўраюць пустымі крэсламі. Але ж і, ліха на яго, сумна!».

«У кожнага свая моль».

Пра сялян

«Моцна адчуваецца сельскагаспадарчы крызыс: сяляне ядуць кашу і бліны са швэдамі (скваркамі), але грошай ні ёты! Ходзяць па месьце, аблізваюцца, глядзяць у вітрыны, але нічога не купляюць; моляцца ў касьцёлах, а ў час імшы айцам касьцёла — дулю; вохкаюць, кульгаюць, паміраюць без дактароў; робяць усялякія падробкі без удзелу адвакатаў; жонкі лапяць сурдуты, самі вечарамі зашываюць дратвою боты… словам, нікому ні капейкі! Цудоўныя часы!».

Пра Бога і чалавека

«Пан Бог страляе, а чалавек прыносіць кулю!».

Пра ўласьнікаў

«Нядаўна ў адным вялікім паравым бровары, які належыць заможнаму гаспадару, выбухнуў кацёл, у выніку загінулі два рабочыя. Прычынаю гэтага няшчасьця была залішняя ашчаднасьць. Перад гэтым здарэньнем разьбіўся шкляны маномэтар, новага — за пару злотых — не купілі, адсутнасьць вады ў катле нельга было заўважыць… і вось прычына сьмерці дзьвюх невінаватых асоб».

Пра пазыкі

«Неплацежаздольнасьць — гэта зараза, якая прыстае і да самых здаровых людзей».

Пра сябе

«Лягчэй мне было б прайсьці голым па вуліцах Вільні, чым усьведамляць сваю бездапаможнасьць!».

«Я заўсёды ўяўляў, а і сёньня цешуся тым перакананьнем, што не хачу быць і ня стаў эгаістам. І чаму ж не хачу прыстасавацца, зьнікнуць, як кропля ў моры, а змагаюся, як вустрыца ў воцаце, з якім яе спажываюць?».

«Ня раз у сваім жыцьці спазнаваў я досыць доўгія часам хвіліны, калі «за душою» ані граша. І вось у такую хвіліну прыходзіць жаданьне знайсьці на вуліцы згубленыя кімсьці (не думаючы пра тое, хто згубіць) грошы на заспакаеньне маіх патрэб! Дык вось тое жаданьне знайсьці столькі згубленых грошай, колькі мне трэба, даходзіла да маніі, і мне ўрэшце здавалася, што я павінен знайсьці, бо інакш здабыць іх ня мог, нягледзячы на ўсе свае высілкі, а прасіць ці ўкрасьці ня мог. Вось аднойчы ў такую цяжкую хвіліну знайшоў я ў Пецярбургу, будучы студэнтам, на сьцежцы сярэдняга праспэкта на Васільеўскім востраве 2 руб., гэтулькі для майго шчасьця і патрэбна было!».

«Хацелася б пажыць хоць бы да таго часу, як стануць на свае ногі дзеці. Словам, чалавек заўсёды знойдзе падставу, каб пажыць! Як гэта часам бывае сьмешна!».

«Варажу бяду, бо гэта ўжо некалі спраўджвалася, аднак усялякую бяду павінен мужна сустракаць і не баяцца яе».

Павел Абрамовіч, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]