Сёння - Дзень памяці святога Кірылы Тураўскага.
Жыццёвы шлях Кірылы Тураўскага, гэтага выдатнага сына нашай зямлі пачаўся ў старажытным Тураве, піша сайт jivebelarus.net.
Родны горад Кірылы быў сталіцай моцнага княства і адным з галоўных агменяў усходне-славянскай асветы. У багатых тамтэйшых кнігазборах захоўвалася рукапіснае Тураўскае Евангелле XI ст., самая старажытная з вядомых вучоным кніг, створаных у Беларусі.
"Жыццяпіс" Кірылы Тураўскага не паведамляе дакладных датаў пачатку і канца яго зямной дарогі. Вядома, што ён быў сынам багатых бацькоў, але "богатества" і "славы тленныя мира сего" яго не вабілі. Спачатку ў бацькоўскім доме, а потым у мясцовым епіскапскім манастыры будучы пісьменнік атрымаў высокую адукацыю, засвоіўшы веды і ідэі і візантыйскага, і рымскага свету. Ёсць падставы лічыць, што Кірыла вучыўся ў Кіеве. "Жыццяпіс" паведамляе, што ён "добре извыче святых книг поучению".
Імкненне глыбей спасцігнуць мудрасць "божественных писаний" прывяло юнака да намеру прыняць манаскі чын. Надзеўшы рызу, малады Кірыла займаўся прапаведніцтвам. Грунтоўнае знаёмства з творамі грэцкіх аўтараў спрыяла поспеху яго першых літаратурных спробаў.
Адукаванасць, красамоўства і праведнае жыццё яшчэ ў маладосці зрабілі імя манаха Кірылы вядомым. Але душа прагнула большага, і ён "во столп вшед затворися, и ту с постом и молитвою паче себя тружаяся, и много божественная писания изложи". Кірыла быў першым ва ўсходніх славян манахам, які здзейсніў духоўны подзвіг стоўпніцтва. Адмовіўшыся ад марнасці свету, хрысціянскія стоўпнікі ўтаймоўвалі плоць і ўдасканальвалі дух. Зачыніўшыся ў высокай драўлянай вежы, што стаяла на прыпяцкім беразе, малады манах маліўся і тварыў. З-пад ягонага пяра выходзілі натхненныя аповесці, "словы", прыпавесці (прытчы), пасланні і павучанні. Ужо ў гэтым часе да Кірылы прыйшла літаратурная слава. Яго творы перапісвалі, чыталі і вучылі на памяць ва ўсіх усходне-славянскіх княствах.
"Славен бысть по всей земли той,- апавядае "Жыцпяпіс",- умолением князя и людии града того, от митрополита поставлен бысть епископом граду Турову". Кірыла пакінуў сваю вежу і каля 1159 г. быў выбраны тураўскім вечам і князем Юрыем на епіскапскую кафедру. Урачыстае пасвячэнне (хіратонія) у епіскапы тураўскія адбылося блізу 1161 г.
На схіле гадоў Кірыла вярнуўся ў манастыр і жыў "у святого Николы в Турове". Там незадоўга да смерці ён стварыў малітоўныя вершы -найкаштоўнейшую частку сваёй пісьменніцкай спадчыны.
Тураў пахаваў земляка блізу 1190 г. Праз некалькі дзесяцігоддзяў было складзенае пахвальнае слова ў гонар асветніка.
Творы Тураўскага і сёння захапляюць вобразнасцю і пранікнёнасцю, прастатою і шчырым клопатам пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Да нашых дзён зберагліся восем ягоных "словаў"-казанняў, некалькі павучальных аповесцяў ("Аповеспь пра беларызца і манаства", "Казанне пра чарнарызкі чын"), "Прыпавесць пра душу і цела", два каноны, каля трыццаці вершаў. Свае напісаныя вытанчанаю царкоўнаславянскай моваю "словы" Тураўскі складаў з нагоды розных хрысціянскіх святаў - "Слова на Вербніцу", "Слова на Вялікдзень", "Слова на Ушэсце". Вершы-малітвы ствараліся на кожны дзень тыдня і чыталіся пасля набажэнстваў уранні, удзень і ўвечары.
Найстаражытнейшы манускрыпт з малітвамі Тураўскага, што дайшоў да нас, датуецца XIII ст. Безліч разоў яны памнажаліся і разыходзіліся ў рукапісных спісах. У 1596 г. у Вільні выйшла першая друкаваная кніга малітваў геніяльнага тураўца. Потым творы "другога Залатаслова" неаднаразова перавыдаваліся ў Беларусі, Украіне і Масковіі. Сёння яны перакладзеныя на сучасную 6еларускую мову.
У 1993 г. у Тураве на Замкавай гары быў адкрыты помнік святому Кірылу.