Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Рэпартаж з Плошчы для Плошчы

30.04.2019 политика
Рэпартаж з Плошчы для Плошчы

Як журналіст прывітаў мужных людзей.

30 красавіка 2019 году — апошні дзень вяшчаньня Свабоды на радыёхвалях. Для мяне гэта нагода згадаць, чаму мяне навучыла радыёвяшчаньне, якому я прысьвяціў амаль 20 год сваёй прафэсійнай кар’еры, і што было самым яркім у маёй уласнай радыёгісторыі.

Для мяне як радыёжурналіста самым цікавым досьведам была ня праца з дыктафонам, не інтэрвію, мантаж галасоў, выкарыстаньне саўнд-эфэктаў, а тэлефонныя ўключэньні наўпрост у жывы эфір Радыё Свабода з розных важных падзей: мітынгаў, дэманстрацыяў, зьездаў, судовых працэсаў.

Кіеўскі Майдан

Кіеў, 2004 год

Такія выхады ў эфір былі самым апэратыўным сродкам данесьці інфармацыю пра падзеі, якія дынамічна разьвіваюцца. Часам гэта ператваралася ў сапраўдны маратон. Падчас Аранжавай рэвалюцыі 2004 году ў Кіеве я выходзіў у эфір па 12 разоў на дзень. Сытуацыя, асабліва ў першыя дні, няспынна разьвівалася, і на кожнае ўключэньне ў мяне было нейкае новае паведамленьне з Майдана.

Кожны выхад у эфір мабілізаваў і бадзёрыў, так што першы тыдзень Аранжавай рэвалюцыі я спаў пару гадзін у суткі і лёгка вытрымліваў такі рэжым.

Менская Плошча

Менск 19 сакавіка 2006 году

Тое самае было і падчас менскай Плошчы 2006 году, на якой я адпрацаваў усе марозныя ночы, вёў тэлефонныя рэпартажы ў вельмі складаных умовах, і падчас дэманстрацыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, на якой я ўрэшце ахрып. У такіх экстрэмальных сытуацыях я абавязкова меў некалькі мабільных тэлефонаў, далучаных да розных апэратараў, часам — спадарожнікавы тэлефон, які не баіцца блякаваньня або перагрузкі мабільнай сеткі.

На месцы падзеі знаходзіў пляцоўку, дзе можна было бачыць самыя важныя эпізоды, дзе знаходзяцца лідэры, каб можна было зьвярнуцца па камэнтар, а таксама каб было добра бачна, як дзейнічаюць сілавыя структуры. Калі адбываліся сутычкі, даводзілася быць асьцярожным, гасіць свае ўласныя эмоцыі, якія нязьменна перапаўняюць.

Як я павітаў менскую Плошчу

У 2006 годзе, падчас падзей Плошчы-2006 я бачыў, як людзі хадзілі па вуліцах з маленькімі прымачамі і слухалі Радыё Свабода. Гэта, несумненна, натхняла.

Відаць, самы тэхнічна складаны, але незабыўны эфір у мяне быў у адзін зь дзён менскай Плошчы ў сакавіку 2006 году. Арганізатарам пратэсту тады ўдалося наладзіць трансьляцыю Радыё Свабода на Кастрычніцкую плошчу праз спадарожнікавую антэну і вялікія дынамікі. Пазыўныя Радыё Свабода і рэпартажы гучалі на ўсю моц. Каля 12-й гадзіны ночы зноў надышла мая чарга выйсьці ў жывы эфір — я распавядаў пра апошнія падзеі, і мае словы празь некалькі сэкундаў гучна паўтараліся на ўсю Плошчу. Гэта вельмі зьбівала, але я давёў рэпартаж да канца. А напрыканцы ня вытрымаў і сказаў, што цяпер мяне чуе ўся Плошча і я хачу прывітаць усіх гэтых мужных людзей. У адказ з Плошчы загучалі воплескі.

Цяпер гэты радыйны досьвед я выкарыстоўваю падчас відэатрансьляцый, стрымаў Свабоды з розных падзей. Яны яшчэ больш цікавыя, чым радыёрэпартажы. Але гэта ўжо іншая старонка гісторыі Радыё Свабода і гісторыі журналістыкі.

Валер Каліноўскі, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]