У Бабруйску журналіст і пісьменнік прэзентаваў сваю кнігу.
Разам з журналістамі “Бобруйского курьера” Эдуард Мельнікаў прайшоўся па вуліцах дзяцінства, а потым сустрэўся з сябрамі гарадской суполкі ГА “БАЖ”. Прэзентацыя цалкам адпавядала назве кнігі і стала для Эдуарда Мельнікава сапраўдным “вяртаннем у Бабруйск”.
“Той Бабруйск ува мне некрануты”: пра горад
“У маёй кнізе — усё нашае бабруйскае жыццё, якім яно было тады і ёсць ува мне дагэтуль. Я хаджу па старой частцы Бабруйска і радуюся, што тут нічога не змянілася. Гэтая атмасфера горада дарагая мне ўдвая, бо гэта маё дзяцінства. Добра было б, калі б гэты стары Бабруйск застаўся, як знак часу, які сыходзіць, змяняецца, хутка ляціць. Але нешта ў ім вечнае і ніколі не зменіцца.
Вось за маёй спінай велічная адрэстаўраваная царква. У 50-60-ыя гады гэта былі брудныя, разбураныя сцены. Мы ўзабраліся на званніцу і адтуль “расстрэльвалі” галубінымі яйкамі грузавых вазакоў — тых самых легендарных балагул, пра якіх пісаў Ефраім Севела. Гэта нам дарма не прайшло, з’явілася міліцыя, мы ад яе ўроссып уцякалі. Вось так хуліганілі, не разумеючы, што мы робім… Хоць храм і так быў апаганены, разбіты. І калі я сёння бачу яго адноўленым, мне гэта падабаецца. Але галоўнае, каб рэлігія была ў сэрцы чалавека, а не пераўтваралася ў нейкі новы від ідэалогіі, якая падпарадкоўвае людзей.
Вы бачыце, якая файная кладка ў будынках старых кварталаў. Гэта ж дух часу, гэта стваралі людзі, якія інакш бачылі жыццё. Гэта пісьмёны, пасланні нам з мінулага. Захаваць атмасферу такіх месцаў неабходна.
Тут быў такі неверагодны каларыт. Я памятаю ідыш, які гучаў паўсюль, а мы — хлапчукі — пераймалі нейкія словы і нават выразы. Для нас была натуральнай культура габрэйскага побыту. Я добра памятаю першую хвалю эміграцыі. Ад’езд такой колькасці актыўных, разумных, дзеяздольных людзей негатыўна адбіўся на патэнцыяле горада. Калі жывуць разам розныя народы, гэта несумненна ўзбагачае культуру”.
“Сеансы трусінага сексу”: пра родны двор
“Вось гэта вуліца, вось гэты дом. Вось мой пад’езд: другі паверх, пятая кватэра. Я дагэтуль памятаю прозвішчы суседзяў: Шушкевічы, Сапёлкіны, Малкіны, Худзяковы. Тут мы жылі… У кнізе я пішу, што двор — файнае вынаходніцтва чалавецтва, бо тут добра растуць дзеці. Чаго толькі не было ў гэтым двары. Але галоўнае, тут адбывалася прыцірка нашых характараў. Той хітры, той моцны, таго пабілі, цябе пабілі, ты пабіў некага. Так ты рассоўваў сваю жыццёвую прастору, калі ўжо ведаеш свае магчымасці: што ты можаш, а чаго не можаш.
Тут былі лавачкі, на іх сядзелі цётачкі-бабулькі, навокал было жывое мора дзяцей — крык, бегатня, мяч. Замест асфальта была зямля. Бегалі куры, якіх трымалі ў хляўчуках, трусы жылі. У маёй кнізе пачытайце пра сеансы трусінага сексу, якія я ладзіў для пацаноў. Тут заўсёды нешта адбывалася. Калі чалавек паміраў, яго выносілі сюды, ставілі на зэдлікі, і з ім развітваўся ўвесь двор, яго доўга неслі з аркестрам да плошчы.
Па-рознаму склаліся лёсы нашых дваровых хлопцаў. Некаторыя і ў турмы трапілі. Мяне бацька цягаў з сабой на рыбалку і паляванне. А яшчэ запіхнулі бацькі ў музычную школу, якую я скончыў на тройкі. Але пяць самых небяспечных гадоў — з 10-ці да 15-ці — я сядзеў у гэтай школе, і нават нешта на баяне пілікаў. І гэта, магчыма, таксама выратавала ад вуліцы — хуліганскай ва ўсіх сэнсах і рызыкоўнай. Непадалёк быў Дом настаўніка. Тамтэйшая бібліятэка таксама вырывала з нізавога бабруйскага жыцця. Мяне захапілі кніжкі. У Доме настаўніка ладзіліся нейкія спектаклі, КВНы, там мы прывучаліся да публічных выступаў. За чалавека трэба заўсёды змагацца. І там быў такі асяродак, дзе за нас змагаліся. А двор, наадварот, цягнуў да зямлі”.
“Калі б не вера ў тое, што свет — добры”: пра кіно і музыку
“Не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што ў бабруйскім кінатэатры “Таварыш” праходзіла нашае сталенне і станаўленне як асобаў. Мы сапраўды верылі тады ў фільмы, якія глядзелі, у герояў, што ў іх бачылі. Бабруйск хадзіў на “Лёс чалавека”, “Чыстае неба”, “Верце мне, людзі”. У сваёй кнізе я сказаў так: “Калі б не вера ў тое, што свет добры, светлы і імкнецца да дабра, я б, напэўна, ва ўмовах бабруйскага дваровага жыцця звярнуў бы з жыццёвай сцяжынкі некуды не туды, як гэта адбылося з маімі шматлікімі сябрамі дзяцінства”. Тады кнігі і кіно сфармавалі нашыя асобы.
Калі з’явіліся фільмы Леаніда Гайдая, Бабруйск пазнаў у іх некаторых бабруйскіх “таварышаў”, якія “рулілі жыццём”. Памятаю, быў апошні сеанс а 22-й. Пасля яго людзі выйшлі і замест тратуара пайшлі наўпрост па вуліцы, пры гэтым танчылі і спявалі песню пра белых мядзведзяў. Фільмы Гайдая разнявольвалі.
Песні 40 - 60-х гадоў падаюцца мне больш чалавечнымі, адкрытымі, душэўнымі. Вы можаце сказаць: “Стары чалавек бурчыць, што ў ягоны час усё было нашмат лепшым”. Але я бачу, што і ў сучаснай масавай культуры ёсць добрыя рэчы. Хоць іх стала нашмат менш. Толькі ў эпілозе кнігі я дазволіў сабе адкрыта сказаць, што свет стаў іншым, і не зусім у лепшы бок ён змяніўся. Магчыма, я і не маю рацыі”.
Пах друкарскай фарбы і чорна-белая стужка: пра журналістыку (размова каля бабруйскай друкарні)
“У часы майго дзяцінства тут была рэдакцыя газеты “Камуніст”. У ёй з’явілася мая першая зацемка пра апошні званок у нашай сярэдняй школе № 5. Так я стаў пазаштатным карэспандэнтам. Газета дала мне характарыстыку для паступлення на факультэт журналістыкі. А потым пачаўся доўгі шлях эвалюцыі поглядаў.
Я ўсё жыццё прапрацаваў у журналістыцы на тэлебачанні. Спачатку даводзілася рабіць праграмы, звычайныя для таго часу, але потым я адчуў, што патрэбна нешта іншае. Тады я ўвайшоў у пул журналістаў-даследчыкаў, наколькі гэта было магчыма па тых часах. Тым не менш, па выніках маіх даследванняў прымаліся нейкія рашэнні нават на ўзроўні ўраду. З іншага боку прадстаўнікі ўраду скардзіліся ў Цэнтральны камітэт партыі, што “некаторыя журналісты ачарняюць савецкую рэчаіснасць”.
Гэта была барацьба напярэдадні перабудовы, якая і дапамагла развіцца незалежнай журналістыцы. Таму гэтае месца для мяне вельмі памятнае. Пах друкарскай фарбы, як набіралі літары свінцовыя… Каму гэта зараз скажаш? Камп’ютар, праграмы, дадаткі. А я пачынаў мантаваць фільмы і свае праграмы з вузкай чорна-белай стужкі. Тэхналогіі змяняюцца, але не базавыя каштоўнасці. А яны заключаюцца, хіба, у тым, што трэба быць верным праўдзе, адлюстроўваць рэчаіснасць як яна ёсць. У гэтым пакліканне журналістаў, і гэта дакладна не змянілася і ніколі не зменіцца”.
Эдуард Мельнікаў нарадзіўся ў 1951 годзе ў Бабруйску. Скончыў журфак Белдзяжуніверсітэта, мае ступень кандыдата гістарычных навук. На беларускім тэлебачанні зрабіў кар’еру ад малодшага рэдактара да намесніка кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Быў генеральным дырэктарам “Белорусской деловой газеты”, кіраўніком прэс-службы Выканаўчага сакратырыята СНД. Працаваў на “Белсаце” ад моманту стварэння телеканала і да нядаўняга часу, вёў праграмы “Форум” і “Рапарт Мельнікава”. Прафесар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, сябра ГА “Беларускай асацыяцыі журналістаў”.