Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Галасую за цішыню

10.05.2019 политика
Галасую за цішыню

Народу можна навязаць фальшывую гісторыю толькі на пэўны час.

Мне выпала нарадзіцца праз год і чатыры месяцы пасля вялікай Перамогі ў цяжкай, крывавай вайне. Але маштабная бойня ўвайшла ў плоць і кроў так, як быццам сам быў у яе агромністых, бязлітасных жорнах, дзе свіст куль, выбухі мін і снарадаў, агонь, дым, балючыя раны, пакуты і смерць.

Не так даўно наведаў родныя мясціны, дзе прырода і людзі шмат часу сціралі сляды вайны. Але ў партызанскім рэгіёне Беларусі, які зведаў моцнае ваеннае напружанне, дзе фашысцкімі карнікамі былі спалены многія вёскі і загінуў кожны другі жыхар, яны яшчэ даволі выразныя. Каля паселішчаў засталіся варонкі ад выбухаў авіяцыйных бомбаў, якія калісьці напоўніліся падземнымі водамі, сталі стаўкамі. У маленстве мы купаліся ў іх, вылазячы, як чарцяняты з каламуці, больш бруднымі, чым былі. У лясах кідаюцца ў вочы струхлелыя зямлянкі, капаніры, акопы і траншэі, зарослыя хмызняком, спавітыя мохам і травою.

Некалі тут можна было лёгка знайсці зброю, боепрыпасы, нават разбітую рацыю. Мой бацька пабудаваў на папялішчах тры школы, працаваў у іх дырэктарам. Каб не было няшчасных выпадкаў, пастаянна сачыў і забіраў зброю ў выхаванцаў. Пакуль не прыязджала міліцыя, якой перадаваўся рэквізаваны арсенал, ён захоўваўся ў хаце пад канапай. Бацька забараняў яго чапаць, але ў руках брата Міхася і ў маіх перабыло шмат чаго. Цягай да зброі, якая заўважаецца ў многіх людзей, я перахварэў рана, таму стаўлюся да яе не рамантычна, а сур’ёзна, захоўваючы правілы бяспекі. Гэта на студэнцкіх вайсковых зборах заўважыў выкладчык, які пачаў мяне браць на прыстрэлку новых аўтаматаў, кулямётаў, на начныя агнявыя практыкаванні.

Адчуванне як бы ўласнай прыналежнасці да вайны нарадзілі аповеды маці і бацькі пра перажытае. Успаміны ўдзельнікаў баёў часта замянялі для майго пакалення калыханкі і казкі. Бацьку, перад тым як трапіць на фронт і стаць зенітчыкам, давялося на акупіраванай тэрыторыі пабыць у лапах гестапаўцаў, зведаць жорсткія катаванні, а пасля хавацца. Відаць, з гэтай прычыны яго ўспаміны пра вайну былі скупымі. Больш шчодрым на цікавыя дэталі ён стаў толькі ў канцы жыцця. А мама — сувязная і затым партызанка — была выдатнай апавядальніцай, эмацыйнай і шчырай. Задоўга да знаёмства з кнігамі пісьменнікаў-«акопнікаў» Віктара Някрасава, Васіля Быкава, Віктара Астаф’ева, Рыгора Бакланава, Вячаслава Кандрацьева, Барыса Васільева, Данііла Граніна, Канстанціна Вараб’ёва, Сяргея Аляксеева, Яўгена Носава я пачуў з яе вуснаў праўду пра вайну. Яна была не столькі гераічнай, колькі страшнай і балючай.

Нягледзячы на тое, што змаганне, якое адгрымела на роднай зямлі, было для мяне нібыта звычайнай з’явай, што, як і ўсе дзеці, гуляў у «нашых і немцаў», я ўсёй істотай ненавіджу вайну, агрэсію і дыктат з пазіцыі сілы...

У 1946 годзе, калі я прыйшоў у белы свет, інвалід вайны М. Міруня з Вінніцкай вобласці пісаў: «…Живу я сейчас плохо, известно, какая сейчас жизнь, остался калекой на всю свою жизнь. Эх! Чего меня пуля пропустила, почему не убила, зачем меня калекой оставила. Просил ребят не раз застрелить, но они не хотели, а сейчас на меня не обращают внимания, но ничего не поделаешь, придется мучиться весь свой век, всю жизнь…»

Услухайцеся ў гэты маналог, адчуйце, якая роспач апанавала чалавека!

На прыкладзе вёскі Глыбачка, дзе я рос з 1954 года, можна было ўбачыць псіхічны надлом франтавікоў і партызан, якія співаліся і заканчвалі жыццё трагічна, душэўныя і матэрыяльныя пакуты ўдоў і сірот, пакінутых на волю лёсу.

У 1952 годзе ваенных калек, якія часта жабравалі, бо пенсія ў іх была ад 70 да 120 рублёў (сярэдняя зарплата ў СССР — 520, у маёй мамы, настаўніцы малодшых класаў, — 480, у дыктатара Сталіна — 10.000 рублёў, што нагадвае несправядлівыя рэаліі сучасных Беларусі і Расіі), улада прыбрала з гарадоў і вёсак у глухія куткі. Знакавым сімвалам чорнай няўдзячнасці свежаспечанага генералісімуса ўсім інвалідам Вялікай Айчыннай вайны стаў інтэрнат на востраве Валаам, дзе знаходзіліся знявечаныя воіны, у тым ліку і Героі Савецкага Саюза. Яны існавалі ў нечалавечых умовах. У сляпых выхоплівалі хлеб з рук пацукі, пакідаючы іх галоднымі. Смелыя і мужныя людзі, раструшчаныя жахлівым быццём, не вытрымлівалі пакутаў і рашаліся на самагубства...

Народу можна навязаць фальшывую гісторыю толькі на пэўны час, але праўда ўсё роўна вяртаецца. У вершы пра айчынную гісторыю, напісаным у пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя і прысвечаным франтавіку, вялікаму пісьменніку, старэйшаму сябру Васілю Быкаву, я падкрэсліваю гэтую ісціну:

Усё было, але варункі розныя

Мы сэрцам пераплавілі сваім.

Запозненай не трэба асцярожнасці

Аднолькава —

ні мёртвым,

ні жывым.

Хоць часам праўда прад маной і гнулася,

Ды не на гэтым белы свет стаіць…

Тым, хто спрабуе паднавіць мінулае,

У будучым няма чаго рабіць.

Мірнаму развіццю чалавецтва няма альтэрнатывы, яно павінна пазбаўляцца агрэсіўнасці. Арміі абавязаны толькі абараняць межы сваёй краіны, быць невялікімі, кампактнымі і адэкватнымі, не праядаць дзяржаўны бюджэт, яны не павінны выкарыстоўвацца супраць уласных грамадзян.

Прэзідэнт Расіі У. Пуцін пахваліўся самай вялікай у свеце падводнай лодкай «Белгород», тым, што на ваду спушчаны 80 ваенных караблёў. Раней з пыхаю ён палохаў планету пералікам новых ракетных комплексаў. А неўзабаве дзеля піяру Пуцін будзе выкарыстоўваць гераічную спадчыну, пакрасуецца на пампезным ваенным парадзе, у які ўбухана прорва грошай. Наконт «сухога пораху» яму падпявае А. Лукашэнка, які таксама любіць ваенны мундзір і парады, абапіраецца не на цывільнае грамадства, а на сілавікоў. Ну і што далей? Мільёны жыхароў глыбіннай Расіі так і будуць гібець у бараках, без газу, вадаправодаў і туалетаў, а ў Беларусі шчыраму працаўніку застанецца жабрачая зарплата і пенсія?

Прыводжу меркаванні пятнаццацігадовай дзяўчыны з Расіі Дар’і Пляцюшкінай, якія не па гадах мудрыя і гранічна шчырыя: «Есть тонкая грань между знанием и уважением своей истории и криками «можно повторить». Её важно чувствовать и не пересекать ни при каких обстоятельствах, иначе эта священная гордость, которой все так кичатся, внезапно превращается в пляски на костях…

Война — это не повод для гордости и постоянных напоминаний. Война — это война. Это страшно и голодно. И она совсем не заслуживает ежедневно появляться в нашей культуре в мирное время. Ведь разве не за это «деды воевали»?»

Нармальнаму чалавеку прывыкнуць да вайны немагчыма. Таму Дар’я піша: «Знаете, мы не хотим воевать и слышать про войну тоже не хотим. И не потому что не уважаем то, через что прошли все к ней причастные, а потому что сами не хотим быть причастны».

Я радуюся, што ў Беларусі і Расіі вырастаюць чуйныя да праўды, прыгожыя абліччамі і душой дзеці. Яны не ўспрымаюць прапаганду, бачаць розніцу між ісцінай і хлуснёй, сапраўдным і фальшывым патрыятызмам, паміж дабром і злом. Хоць у дзвюх краінах настрой пакуль з ухілам у мілітарызм, бо старэйшыя пакаленні не ў стане адпрэчыць савецкія і новыя аўтарытарныя выдумкі, але моладзь абнадзейвае. Будучыня — за ёй!

Мы дзякуем продкам за Перамогу і святкуем, але памятаем, якой цаной яна здабыта. Разам з неваяўніча настроенымі, таленавітымі, светлымі сваімі марамі юнакамі і дзяўчатамі я галасую за стваральную, мірную цішыню.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]