Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

У Курапатах прайшоў чарговы малебен

12.05.2019 общество
У Курапатах прайшоў чарговы малебен

Ва ўрочышчы Курапаты 12 траўня прайшоў чарговы малебен з удзелам каля паўтара дзясятка чалавек.

Сярод удзельнікаў традыцыйнага нядзельнага мерапрыемства ва ўрочышчы былі актывісты Вячаслаў Сіўчык, Ніна Багінская, Зьміцер Марчук. Яны чыталі вершы, сьпявалі песьні, паведамляе «Радыё Свабода» .

Малітву прачытаў сьвятар некананічнай Беларускай аўтакефальнай царквы айцец Вікенці.

Удзельнікі набажэнства выказалі надзею, што ўлады ў бліжэйшым часе адкрыюць архівы КДБ і сьпісы рэпрэсаваных.

Як адзначыў у камэнтары агенцтву БелаПАН лідэр руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык, «так атрымалася, што Курапаты — гэта сымбаль пакут Беларусі ад камуністычных рэпрэсій». «У нас закрытыя архівы, не даюць зьвестак пра ахвяраў камуністычнага кіраваньня. У нас дагэтуль [дзяржаўная служба бясьпекі называецца] КДБ, у адрозьненьне ад астатніх краін. Нацыянальны нэкропаль „Курапаты“ людзі стварылі самі, насуперак уладам. Гэта сакральнае месца, якое належыць і папярэднім пакаленьням беларусаў, і цяперашняму».

Характэрна, што падчас сёньняшняй малітвы супрацоўнікаў праваахоўных органаў у Курапатах заўважана не было.

Малітвы ў абарону Курапатаў рэгулярна праводзяцца ва ўрочышчы пасьля таго, як 4 красавіка тут паводле рашэньня ўладаў былі зьнесеныя і вывезеныя ў невядомым кірунку 70 шасьцімэтровых крыжоў. Гэтыя дзеяньні выклікалі нэгатыўны рэзананс у грамадзтве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфэсіяў.

З 4 па 7 красавіка пры розных абставінах, так або інакш зьвязаных з Курапатамі, было затрымана каля 20 чалавек, частку зь іх судзілі, пакараўшы адміністрацыйнымі арыштамі і буйнымі штрафамі. 10 красавіка абаронцы Курапатаў перадалі ў адміністрацыю дыктатара адкрыты зварот на імя Лукашэнкі з заклікам вярнуць на месца дэмантаваныя крыжы.

Аднак 13 красавіка былі зьнесеныя новыя крыжы — гэтым разам 24 мэталічныя, усталяваныя ў 2017 годзе на грошы грамадзкасьці. Вакол урочышча быў усталяваны плот з уваходнымі аркамі.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]