Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

140 гадоў таму нарадзіўся адзін з айцоў БНР Янка Серада

13.05.2019 общество
140 гадоў таму нарадзіўся адзін з айцоў БНР Янка Серада

Старшыня прэзідыуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі нарадзіўся ў вёсцы Задзьвея Наваградскага павету.

Дзеяч беларускага нацыянальнага руху, старшыня прэзідыуму Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Янка Серада нарадзіўся 13 траўня 1879 года ў вёсцы Задзьвея Наваградскага павету (цяпер Баранавіцкі раён). Біяграфія Серады дастаткова дагэтуль не вывучана, передае «Радыё Рацыя».

У 1903 годзе Янка Серада скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. Пазней па гэтай спецыяльнасці ён напісаў шэраг працаў. Вядома, што ў 1905-06 гадах служыў у расійскім войску ў Маньчжурыі. Пазней, у 1907-11 гадах працаваў ветэрынарам у Мінскай губерні. Адначасна выкладаў у Мар’іна-Горскай сельскагаспадарчай вучэльні. У час Першай сусветнай вайны быў мабілізаваны ў расійскае войска, дзе, паколькі быў спецыялістам па конях, працаваў ветэрынарам.

Вядома, што ў 1917 годзе Янка Серада ужо быў сябрам Беларускай сацыялістычнай грамады. У тым жа годзе – старшыня прэзідыуму Усебеларускага кангрэсу. А ў 1918 годзе – адзін з айцоў БНР.

Янка Серада быў абраны першым старшынём Рады БНР. Быў сябрам Цэнтральнага камітэту Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Пазней уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзідыум Найвышэйшай рады БНР (1919-20 гады).

Пазней Янка Серада працаваў у Наркамаце земляробства БССР. Навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі (1925-27 гады) Інстытуту беларускай культуры, выкладчык Мінскага беларускага педагагічнага тэхнікума (1921-25). Быў арганізатарам і дырэктарам Мінскага ветэрынарна-зоатэхнічнага тэхнікума (1923-24), дацэнтам Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках (з ліпеня 1925 г. па снежань 1929 г.). З 1927 года працаваў навуковым супрацоўнікам Беларускага нацыянальнага даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі. Публікаваўся Серада з 1914 года (часопіс “Саха”). Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы.

У час сталінскіх рэпрэсій Янку Сераду 4 ліпеня 1930 года арыштавала ГПУ БССР, ён праходзіў па сфабрыкаванай справе “Саюзу вызвалення Беларусі”. Пастановай калегіі ОГПУ СССР ад 10 красавіка 1931 года высланы ў расейскі горад Яраслаўль тэрмінам на пяць гадоў. Паўторны прысуд абвешчаны 27 снежня 1941 года. Паводле яго Сераду засудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі ў савецкім канцлагеры. Было аформлена “датэрміновае вызваленне” 19 лістапада 1943 года з Краслагу (Краснаярскі край). Далейшы лёс Янкі Серады невядомы. Асноўных версій дзве. Першая тычыцца гэтак званай “разгрузкі” савецкіх лагераў ад небяспечных вязняў, бо Краслаг ляжаў тады ў зоне наступу войскаў Райху, а Сераду, як былога Прэзідэнта Беларусі тэарэтычна маглі паспрабаваць скарыстаць нямецкія ўлады. Паводле другой версіі, выказанай даследчыкам Ігарам Мельнікавым, Сераду ў ліку тысяч іншых лагернікаў з вайсковым вопытам маглі прымусова залічыць у штрафныя аддзелы савецкага войска, што масава ствараліся ў тыя гады праз востры недахоп жаўнераў. Факт, што сваю сям’ю ён больш не сустрэў, а гэта даказвае, што Другую сусветную вайну ён не перажыў.

У час так званай перабудовы па першым прыгаворы Серада рэабілітаваны 10.07.1988 года, па другім – 16.01.1989 года. Памяць пра Янку Сераду ў Беларусі не ўшанаваная ніяк. Яго жонка, Ксенія Серада, пражыла ў Мінску да 73 гадоў і памерла ў 1963 годзе, на яе магіле на Усходніх могілках стаіць помнік. На гэтым месцы пад іншым прозвішчам – Мікалай Байцоў падхаваны і сын Серады.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]