Бо цярпенняў беларусаў хопіць ужо на некалькі еўрапейскіх краін.
Палітычны дзеяч і пісьменнік прадставіў бабруйчанам свае кнігі і распавёў, чым займаецца Беларуская хрысціянская дэмакратыя. «Бабруйскі кур’ер» пагутарыў з Паўлам пра выбары і выключэнне з ПЭН-цэнтру.
«У няволі адчуваеш і разумееш больш»: пра кнігі
– Мой раман «Беларусалім», а таксама зборнік эсе «Каменнае сэрца», нарадзіліся падчас маіх «адсідак», якіх за ўсё маё жыццё набегла амаль пяць гадоў.
«Каменнае сэрца» – новая кніга, я з ёй яшчэ не быў на прэзентацыях. Яна выйшла ў серыі «Вясны» – «Беларуская турэмная літаратура». Яна пра ўнутраны свет беларуса, які трапляе ў турму. Мне было цікава за гэтым сачыць, даследаваць – як людзі мяняюцца ў няволі, як там сябе паводзяць, што адчуваюць. Назва кнігі шматзначная. «Каменным сэрцам» маладафронтаўцы называюць «амерыканку». А яшчэ гэта пра каменнае сэрца тых, хто не хоча бачыць Беларусь вольнай, ды пра нашыя сэрцы, што камянеюць тут, на волі. Мы шмат што не заўважаем у паўсядзённым жыцці. А там пачуцці абвастраюцца, я б сказаў, што ў няволі, больш адчуваеш і разумееш.
«Беларусалім» – гэта гісторыя пра канец света, які пачынаецца ў Беларусі. Напрыканцы года мы прэзентуем працяг «Беларусаліма» – выйдзе другая кніга «Беларусалім. Сэрца святла».
«Дзяржава баіцца, што мы станем польскай «Салідарнасцю» для Беларусі: пра БХД
– Беларуская хрысцінская дэмакратыя – гэта палітычны хрыбет нашай гісторыі. Калі азірнуцца на нашую мінуўшчыну, мы бачым, што да нядаўняга часу краінай кіравалі хрысціяне. І менавіта пры хрысціянах Беларусь была эканамічным гігантам, да нас ездзілі вучыцца. Гэта наш залаты век – 16-е стагоддзе.
БХД мае багатую стогадовую гісторыю ў нашай краіне. Дзеячы БХД некалі стваралі БНР. Мы імкнемся адрадзіць партыю з 2004 года, але дзяржава не рэгіструе нас, бо баіцца, што будзе як з польскай «Салідарнасцю», якая перавярнула гісторыю Польшчы. Баяцца рэгістраваць партыю, якая мае шчыльныя сувязі з цэрквамі. А мы працуем і з праваслаўнай Царквой, і з Касцёлам, і з пратэстантамі.
Мы праводзім шмат актуальных для Беларусі кампаній. У прыватнасці, сабралі подпісы і правялі шэраг мерапрыемстваў супраць абортаў, супраць алкагалізацыі краіны, ужо год нясем «Курапацкую варту» – стаім за нашае агульнабеларускае месца памяці, месца пакут нашых продкаў, і шмат іншага. Зараз мы збіраем подпісы за адмену пабораў міліцыі за ахову масавых мерапрыемстваў. Тыя, што не хочуць наўпрост займацца палітыкай, могуць далучыцца да нашых культурніцкіх ініцыятыў.
«Нас чакаюць змены, якія могуць усё перавярнуць»: пра выбары
– Выбараў у Беларусі няма. Ёсць спектакль, які ладзяць Лукашэнка, Ярмошына і іншыя.
Але кожны дзень навіны кажуць пра тое, што чакаюцца змены, якія могуць усё ў Беларусі развярнуць. А мы – апазіцыя – пасвараныя. Таму мы з калегамі з правацэнтрысцкай кааліцыі вырашылі правесці праймерыз, хаця б сярод тых, хто пагодзіцца, і абраць адзінага лідара, які зможа ўдзельнічаць у так званых выбарах на выпадак форс-мажору. У праймерыз мы возьмем годных, тых, хто даказаў сваёй працай, што можа быць абраным. Дзмітрыева, напрыклад, мы не возьмем.
Свой удзел як магчымы я разглядаю на выпадак форс-мажору: Расея да нас палезла, з Лукашэнкам нешта здарылася, палацавы пераварот. На гэты выпадак патрэбны раскручаны альтэрнатыўны лідар. У іншым выпадку, у якасці падтанцоўкі для Лукашэнкі, удзел у выбарах сэнсу не мае.
Так, пяць гадоў таму праймерыз не атрымаліся. Але гэта не значыць, што не трэба спрабаваць. Бо трэба нешта рабіць. Мы нясем адказнасць перад нашымі продкамі і нашчадкамі за Беларусь, мы мусім яе захаваць. Я сыходжу з таго, што Бог як творца гісторыі, ведае, чым усё гэта скончыцца, але чакае, калі нехта падымецца і пачне рабіць. Павінна заглянуць сонца і ў наша ваконца. Калі мы будзем таго вартыя, Гасподзь дасць нам Беларусь. Бо цярпенняў беларусаў хопіць ужо на некалькі еўрапейскіх краін.
Павел Севярынец – беларускі палітычны і грамадзскі дзеяч, пісьменнік. Нарадзіўся ў Воршы 30 снежня 1976 года ў сям’і журналіста і настаўніцы Канстанціна і Таццяны Севярынцаў.
Пасля сканчэння школы навучаўся на геаграфічным факультэце БДУ, які скончыў у 2000 годзе.
У 1994 – 1999 гадах Севярынец працаваў журналістам у шэрагу выданняў. З 1998 года пачаў друкавацца ў незалежнай прэсе як публіцыст.
Павел Севярынец – адзін з заснавальнікаў і былы лідар моладзевай арганізацыі партыі БНФ «Малады фронт». Адзін з лідараў оргкамітэту па заснаванні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».
Неаднарозова падпадаў пад пераслед з боку ўладаў. У 2006 і 2011 гадах міжнародная арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Паўла Севярынца вязнем сумлення.
Севярынец – лаўрэят літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай Беларускім ПЭН-цэнтрам, прэміі Францішка Аляхновіча, прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава.