Iдзе пакрокавы наступ на мемарыял.
Стала вядома, што на ўскрайку Менска да 2021 года павінен з’явіцца Нацыянальны выставачны цэнтр, плошча якога складзе каля 30 тысяч квадратных метраў. Першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын заявіў, што пабудова з’явіцца побач з гандлёва-забаўляльным цэнтрам «Экспабел» на поўначы Менска. Як паведамляе nn.by, азначаны на карце ўчастак — адзінае свабоднае месца для будоўлі, і яно непасрэдна суседнічае з лесам у Курапатах.
Грамадская актывістка Ніна Багінская абурана паведамленнем, што ля Курапатаў могуць пабудаваць яшчэ і Нацыянальны выставачны цэнтр, паведамляе "Радыё Рацыя".
- Я хаджу ў Курапаты на варту ля рэстарана раз на тыдзень, і ўчора мы таксама даведаліся пра непрыемную навіну, што ля “дарогі смерці” ў мемарыяле могуць пабудаваць выставачны комплекс. Калі так, то гэта будзе самым сапраўдным здзекам над памяццю. Мы бачым, што ідзе пакрокавы наступ на Курапаты, гэтае месца мыліць вока і беларускім уладам, і Маскве, якая апошнім часам толькі ўсхваляе Сталіна, а пра рэпрэсіі маўчыць і выбівае з памяці людской. Што казаць, калі ў суверэннай краіне, якая мае сваю гісторыю і мову, кіраўнік дзяржавы загадвае замяніць беларускамоўныя надпісы на дарогах на расейскія. Калі прадстаўнікі незалежнай дзяржавы павінны трымаць справаздачу перад Масквой, чаму знеслі помнік Чапаеву. У галаве нармальнага чалавека такое проста не ўкладваецца!
- Але ж быццам добраўпарадкавалі мемарыял…
- Гэта ўсё зроблена штучна, па загаду, без душы. Колькі гадоў да мемарыяла нікому не было справы, грамадскасць сама скідвалася на крыжы, паставілі іх, людзі прыходзілі і маліліся. Дык не – трэба было гэтыя крыжы выкарчаваць, а паставіць нейкі плот са штучнымі кветкамі. Гэтыя кветкі такія ж штучныя, як і іх памяць. Мне падабаецца, як выказаўся гісторык Ігар Кузняцоў. Ён сказаў, што гэтая ўлада Курапаты ў спакоі не пакіне.