У вёсцы Жыровічы Слонімскага раёна адбыўся Жыровіцкі фэст, прысвечаны Іконе Жыровіцкай Божай Маці.
Фэст штогод адзначаецца 20 траўня.
Свята пачалося з самай раніцы богаслужэннем. А потым адбыўся акафіст перад цудатворнай Іконай Божай Маці і святочны фестываль-канцэрт, паведамляе «Радыё Рацыя».
Святочны канцэрт праходзіў да позняга вечара на сцэне-караблі каля старой жыровіцкай крыніцы. Сотні людзей змаглі не толькі пакланіцца святой Іконе, а таксама паглядзець выступленні харавых калектываў, вакальна-інструментальных ансамбляў, розных салістаў і паэтаў з усіх куткоў Беларусі, якія прыехалі на свята ў Жыровічы.