Што адбываецца ў Курапатах у гадавіну варты.
Пікетоўшчыкі рэстарацыі «Поедем, поедим» ля мемарыялу Курапаты ў гадавіну супрацьстаяння падвялі вынікі Варты ды сутыкнуліся з чарговымі правакацыямі, піша «Новы Час».
Гадавіна Курапацкай варты выпада на суботу – дзень, калі дзяжурства каля рэстарацыі «Поедем, поедим» нясе кампанія «Еўрапейская Беларусь». Да 16-й гадзіны сюды падыходзіць актывіст кампаніі Леанід Кулакоў, але затым падцягваюцца і сталыя ўдзельнікі варты: Ганна Шапуцька, Дзяніс Урбановіч, і іншыя актывісты. Размаўляюць аб тым, што сёння ў рэстаране акцыя з нагоды Дня абароны дзяцей. Сапраўды, машыны кіруюць ва ўстанову адна за адной, многія – з дзецьмі.
Збор усіх удзельнікаў Варты абвешчаны на 18.00. Пакуль людзі падыходзяць, гутарым з тымі, хто нясе варту ля «Поедем, поедим» ад самага яе пачатку. Актывістка Ганна Шапуцька зазначае, што Варта абароны Курапатаў – гэта не акцыя, якую нехта планаваў, таму цяжка меркаваць, наколькі яна паспяховая. Гэта, хутчэй, грамадзянскі чын: немагчыма было не прыйсці сюды і не сказаць «не».
– Шчыра кажучы, мы разлічвалі на доўгі тэрмін абароны Курататаў, але не настолькі. Змаганне зацягнулася. Але ж мы разумеем, чаму так сталася. Мы падчас Варты пабачылі, што справа не толькі ў бізнесоўцах, якія незаконна пабудавалі рэстарацыю, а ў тым, што «крышуе» ўсё гэта Лукашэнка. Мы разумеем, што нашыя сілы няроўныя, але пакуль ёсць такая магчымасць, мы павінны стаяць і выказваць свой пратэст супраць беззаконня. Але мы і надалей будзем прыходзіць да плоту рэстарацыі, распавядаць людзям пра Курапаты.
Ганна Шапуцька зазначае, што прадстаўнікам рэстарана таксама досыць няпроста, бо Варта абмяжоўвае іх дзейнасць. Але асноўным вынікам супрацьстаяння Ганна Шапуцька лічыць салідарнасць – няхай яна не ўсеагульная, але трымаць варту кожны дзень, у спёку і ў маразы, без яе было б немагчыма, гаворыць актывістка.
– Калі пачнецца будаўніцтва выставачнага цэнтру, я баюся, гэта будуць самыя моцныя пратэсты. Я не лічу сваёй асабістай віной тое, што «Бульбаш-хол» пабудавалі, мы ўсе позна яго заўважылі. Але там у нас ёсць магчымасць супрацьстаяць з самага пачатку. І там можа быць ужо фізічнае супрацьстаянне, – дадае яна.
Правакацыі супраць пікетоўцаў
Лідар «Маладога Фронту» Дзяніс Урбановіч стаў вядомы дзякуючы ўдзелу ў пікетаванні рэстарана «Поедем, поедим». Цяпер ён – адзін з найбольш актыўных абаронцаў Курапатаў.
– Быў бы вынік, калі б мы сюды прыйшлі, а тут ужо ішоў дымок, згасаў агеньчык і з’язджала б МНС, – жартуе Дзяніс у адказ на пытанне пра асноўныя вынікі гадавога супрацьстаяння. – Пакуль што адзіны вынік у тым, што сюды стала ездзіць менш людзей. Прыязджаюць, у асноўным, тыя, хто ездзіў з самага пачатку. Таксама апошнім часам машыны перасталі вазіць дастаўку ежы з рэстарацыі.
Актывіст перакананы, што трэба працягваць стаяць ля рэстарану і даваць людзям інфармацыю. І запэўніў, што ён з паплечнікамі з «Маладога Фронту» збіраецца стаяць на Варце да апошняга.
Своеасаблівыя вынікі абарона Курапатаў прынесла і асабіста Дзянісу.
– Сёння раніцай мая сястра пайшла на працу і даслала фотаздымкі: увесь раён абклеены ўлёткамі з маім партрэтам і надпісам «Увага суседзяў: ведайце ў твар фашысцкую твар». Толькі я налічыў 87 улётак. Гэта ўсё нагадвае сітуацыю з Дашкевічам, калі яго партрэты таксама расклейвалі падобным чынам.
Таксама Дзяніс Урбановіч распавёў, што пару месяцаў таму аднаму з актывістаў Курапацкай варты размалявалі дзверы ў пад'ездзе і кватэры, напісаўшы на іх абразлівае слова.
На пытанне, чаму так мала людзей выходзіць на абарону мемарыяла нават пасля крыжалому, лідар «Маладога Фронту» адказвае так:
– Я заўсёды задаю сабе гэтае пытанне. Калі я пабачыў, што вырвалі крыжы, мяне трэсла чатыры дні, давялося валяр'янку піць. І вельмі агідна, што людзей не было. А прычына ў тым, што ніхто не хоча сядаць у турму.
«Буду жэрці на костках, як і жэр»
Яшчэ адзін заўсёднік Варты Леанід Кулакоў зазначае:
– Мы стаім тут цэлы год: лета, восень, зіму, вясну. Ёсць песня «Что мне снег, что мне зной, что мне дождик проливной, когда мои друзья со мной?». Вось мы тут і стаім са сваімі сябрамі. Мы будзем працягваць стаяць. Пакуль вынікаў няма, але мы стаім тут, каб паказаць, што беларусы –неабыякавыя, яны ўмеюць абараняць свае каштоўнасці і супрацьстаяць уладзе, якая здзекуецца з народа і з мёртвых. Але калі раней многія ніколі не чулі пра Курапаты, дзякуючы Варце людзі ўжо ведаюць, што гэта такое, абураюцца знішчэнню крыжоў, прыязджаюць і падтрымліваюць нас. Некаторыя едуць у рэстаран, бяруць улёткі і з’язджаюць, дзякуючы, што мы ім расказалі пра гэтае месца.
Тым часам машыны працягваюць ехаць у рэстаран. Ніводны кіроўца не разварочваецца, бачна, што ўсе едуць мэтанакіравана. Адзін з наведвальнікаў пры спробе пікетоўцаў уручыць яму буклет з інфармацыяй пра Курапаты кінуў праз вакно: «Буду жэрці на костках, як і жэр».
На Галгофе разбілі лампады
Паступова людзей большае, далучаюцца абаронцы з Віцебска і Мінскай вобласці – збіраецца некалькі дзясяткаў чалавек. Да 18-ай гадзіны падыходзіць сустаршыня БХД Павел Севярынец.
Ён згадвае, як 1 чэрвеня 2018 года каля 15 чалавек сабраліся ля зачыненай брамы рэстарана, што меўся адчыніцца, але праз грамадскія пратэсты пачаў працу толькі ўноч на 6 чэрвеня.
– За гэты год было вельмі шмат людзей, – гаворыць Севярынец. – Шмат людзей прыходзілі сюды, нягледзячы на тое, што атрымлівалі пратаколы. Ёсць тыя, хто адседзеў па паўтара – два месяцы на сутках. І калі першы час было пытанне, колькі дзён мы выстаім, то пасля стала зразумела, што беларусы гатовыя абараняць памяць сваіх продкаў. Сотні людзей прайшлі праз Варту, былі раздадзены тысячы буклетаў, пра Курапаты прачыталі мільёны людзей у Беларусі і за яе межамі. Але самае галоўнае – Курапаты сталіся паказчыкам для Масквы, якая спіць і бачыць, як прыбраць да сябе Беларусь. Калі людзі гатовыя стаяць і ў спёку, і ў холад, – гэта значыць, што народ будзе абараняць сваю краіну.
Павел Севярынец распавёў, што ўжо пачалася юрыдычная праца па супрацьстаянні пабудове на полі паміж Курапатамі і «Экспабелам» нацыянальнага выставачнага цэнтру. Пакуль збіраецца каманда, гатовая весці перамовы з уладамі.
Таксама, паводле Севярынца, некалькі дзясяткаў беларускіх пастаўшчыкоў ужо адмовіліся ад пастаўкі ежы і напояў у рэстаран. Надалей будуць весціся перамовы з кампаніямі наконт спынення паставак прадукцыі ў «Поедем поедим».
Сярод іншых мерапрыемстваў на бліжэйшы час запланавалі перакласці і надрукаваць англамоўныя буклеты пра Курапаты да Еўрапейскіх гульняў, а таксама арганізаваць патруляванне мемарыяла, каб не дапусціць вандалізму.
Як выявілася, сказаўшы гэта, сустрашыня БХД як у ваду глядзеў. Накіраваўшыся пасля сходу на штодзённую малітву да Галгофы, актывісты ўбачылі, што ля памятных знакаў разбітыя ўсе лампады. Верагодна, іх пабілі паміж 16.30 і 18 гадзінамі, бо ўдзень яны яшчэ былі цэлыя. Актывісты выклікалі міліцыю, якая зафіксавала здарэнне і апытала сведак.
Курапацкая варта: кароткая хроніка падзей
Рэстаран «Поедем, поедим» ля Курапатаў запрацаваў уначы 6 чэрвеня 2018 года. Ён стаіць за 50 метраў ад месца масавых расстрэлаў у ахоўнай зоне мемарыялу. Першапачаткова тут збіраліся будаваць забаўляльны комплекс пад назвай «Бульбаш-хол», але тады грамадскасць здолела спыніць будоўлю. Аднак у 2014 годзе ахоўную зону Курапатаў зменшылі, што дало магчымасць паўстаць новай рэстарацыі.
Першы пікет ля «Поедем, поедим» адбыўся 31 траўня, а з 1 чэрвеня актывісты з розных партый і грамадскіх арганізацый распачалі штодзённую варту. Спачатку яны спрабавалі не прапукаць на тэрыторыю рэстарацыі машыны, раздавалі інфармацыйныя буклеты пра мемарыял. Пасля ад ідэі блакаваць машыны адмовіліся, але завялі базу, куды ўносяцца ўсе аўтамабілі, што прыязджаюць у рэстаран. За год варты актывісты падалі дзясяткі зваротаў у дзяржаўныя органы, адбыліся дзясяткі затрыманняў, якія скончыліся штрафамі і арыштамі.
Дзяніс Івашын апублікаваў у «Новым Часе» серыю расследаванняў адносна забудоўшчыкаў рэстарацыі, за што тыя двойчы падавалі на журналіста і выданне ў суд.
За час варты ў Курапатах усталявалі дзяржаўны помнік, а таксама адбылося некалькі актаў вандалізму. 18 снежня 2018 года невядомыя надрапалі шасціканцовыя зоркі Давіда на мемарыяльнай шыльдзе, усталяванай на афіцыйным памятным знаку. 1 лютага 2019 года разбілі «лаву Клінтана». 23 сакавіка ў міліцыю паступіла паведамленне пра тое, што ва ўрочышчы з выкарыстаннем фарбы зроблены надпісы на мемарыяльных аб’ектах. Распачатыя крымінальныя справы.
4 красавіка знеслі 70 крыжоў, якія летам па перыметры мемарыяла ўстанавіў Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі. У гэты дзень ва ўрочышча прыйшлі 200 чалавек і правялі малітву з крыжовым шэсцем. З таго часу малітвы ў мемарыяле адбываюцца а 19-ай гадзіне штодня. 7 красавіка таксама людзі сабраліся на малітву каля Свята-Духава кафедральнага сабора ў Мінску. Пасля гэтага многіх яе ўдзельнікаў аштрафавалі.
13 красавіка былі знесеныя знеслі металічныя крыжы ўздоўж кальцавой дарогі. На іх месцы паўстаў плот.
14 траўня стала вядома, што паміж Курапатамі і “Экспабелам” улады хочуць пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтр.
24 траўня Лукашэнка праехаў каля Курапатаў па МКАД і даў даручэнне чыноўнікам падумаць, "як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты". Па яго словах, недапушчальна, каб хтосьці там нешта рабіў без дазволу.