Невядомы партрэт Скарыны намаляваны мастаком i паэтам Гальяшом Леўчыкам.
У прыватным архіве літаратуразнаўца і краязнаўца Міхася Казлоўскага з Маладэчна захоўваецца ўнікальны і раней нікому невядомы партрэт беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны. Гэты партрэт быў намаляваны слонімскім паэтам і мастаком Гальяшом Леўчыкам (1880-1944) напачатку ХХ стагоддзя. Партрэт Скарыны мастака Леўчыка Міхасю Казлоўскаму падараваў некалі энцыклапедыст і літаратуразнавец Янка Саламевіч (1938-2012), паведамляе «Радыё Рацыя».
Дарэчы, Янка Саламевіч даследаваў творчасць Гальяша Леўчыка і выдаў да яго 100-годдзя невялікую кнігу выбраных твораў “Доля і хлеб” (Мн., 1980). Відаць тады і трапіў да Саламевіча гэты партрэт першадрукара. Як мастак Гальяш Леўчык мала даследаваны, і захавалася не так і шмат яго твораў. Вядома толькі, што свой першы зборнік вершаў “Чыжык беларускі”, які пабачыў свет у 1912 годзе ў Вільні, Леўчык сам афармляў.
Фото: Радыё Рацыя