Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Язэп Варонка: як першы прэм’ер-міністр БНР замагаўся за Беларусь тут і ў ЗША

04.06.2019 общество
Язэп Варонка: як першы прэм’ер-міністр БНР замагаўся за Беларусь тут і ў ЗША

Сёння – дзень памяці выбітнага дзеяча адроджнай беларускай дзяржавы.

4 чэрвеня 1952 году ў Чыкага памёр Язэп Варонка, беларускі палітычны дзяяч, першы прэм’ер-міністар БНР. У 1923 Варонка эміграваў у ЗША.

«Паглядзіце на цяпер ужо добра вядомае фота Народнага сакратарыяту БНР – яе першага ўраду. Трэці зьлева паміж двума вайскоўцамі – самавіты цывільны мужчына з упэўненым і крыху ганарлівым позіркам. Гэта старшыня Сакратарыяту, наш першы прэм’ер і міністар замежных справаў Язэп Варонка», - піша Уладзімер Арлоў для «Радыё Свабода».

«Ён, нядаўні пецярбурскі журналіст і паэт, заўсёднік сталічных літаратурных вечарын і салёнаў, пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ўступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду, улетку 1917-га быў абраны ў яе Цэнтральны камітэт, праз колькі месяцаў ужо займаўся падрыхтоўкаю Першага Ўсебеларускага зьезду, а неўзабаве стаў адным зь ініцыятараў абвяшчэньня БНР. Ва ўтварэньні БССР ён разгледзеў палітычны манэўр бальшавікоў з мэтаю «авалодаць розумамі нацыянальна абуджаных элемэнтаў». Зразумела, што палітыку з такім мінулым і такімі поглядамі знаходзіцца ў савецкай Беларусі было сьмяротна небясьпечна. Ня надта прыхільная сустрэча чакала б прыхільніка канцэпцыі двух ворагаў беларускага адраджэньня – Польшчы і Расеі – і ў адроджанай польскай дзяржаве.

У 1923-м Язэп Варонка сеў на параход зь білетам да Чыкага. За акіянам ён прычыніўся да заснаваньня беларускага палітычнага руху ў ЗША: кіраваў Беларуска-Амэрыканскай нацыянальнай асацыяцыяй, выдаваў газэту «Беларуская трыбуна». Досьвед і талент журналіста дазволілі Язэпу заваяваць сваё месца ў беларускім і расейскім эміграцыйным друку, магчымасьці якога ён скарыстоўваў найперш для кансалідацыі паўмільённай масы беларусаў, расьцярушаных у Паўночнай Амэрыцы паводле канфэсійнай прыкметы паміж расейцамі й палякамі. У 1928 годзе ў Чыкага ён заснаваў першую ў Новым Сьвеце беларускамоўную радыёпраграму. Старыя чыкаскія суайчыньнікі яшчэ памятаюць Язэпаў голас на хвалях «Беларускай радыёгадзіны».

«Спадар Варонка прыехаў у ЗША з адзінаю мэтаю – адукоўваць беларусаў», – пісаў пра яго калега. – Будучы палымяным беларусам, ён спрабаваў абудзіць у іх нацыянальны гонар і самапавагу, вызваліць ад чараў сну, у якім ён іх знайшоў». На гэтым шляху яму не заўсёды спадарожнічаў посьпех, але ў тым, што беларуская прысутнасьць у Амэрыцы трывае і ў XXI стагодзьдзі, несумненна, ёсьць унёсак першага прэм’ера БНР».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]