Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ад Скарыны да Касьцюшкі

04.06.2019 культура
Ад Скарыны да Касьцюшкі

Каму з гістарычных асобаў паставілі помнікі у сучаснай Беларусі.

Сёлета ўвосень плянуюць паставіць помнік князю Гедзіміну ў Лідзе і Льву Сапегу ў Слоніме. Свабода прыгадала, якім яшчэ беларускім гістарычным пэрсанажам адкрывалі помнікі ў часы сувэрэннай Беларусі.

У гэты сьпіс мы ўключылі гістарычных асобаў, якія скончылі жыцьцё да канца Другой сусьветнай вайны.

Тадэвуш Касьцюшка

Фальварак Мерачоўшчына Івацэвіцкага раёну на Берасьцейшчыне, 2018

Помнік выраблены за «народныя» грошы. Ініцыятарам збору сродкаў выступіў беларускі актывіст Глеб Лабадзенка. Праект падтрымалі каля 700 чалавек. Вышыня бронзавага помніка без пастамэнту 2,2 мэтра. Аўтар помніка — скульптар Гэнік Лойка.

Тадэвуш Касьцюшка (1746–1817) — нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, кіраўнік вызвольнага паўстаньня 1794 году. Лічыцца адным з самых вядомых у сьвеце беларусаў.

Давыд Гарадзенскі

Горадня, 2018 год

Стаіць на падыходзе да Старога і Новага замкаў на вуліцы Давыда Гарадзенскага. Князь сядзіць на кані, у левай руцэ трымае Крыж Эўфрасіньні Полацкай, у правай — меч. У доле — горадзенскі замак часоў Вялікага Княства Літоўскага. Вышыня каменнага помніка болей за 3,5 мэтра. Аўтар — Сяргей Аганаў.

Давыд Гарадзенскі (1283 — 1326) быў зяцем князя Гедзіміна, абараняў землі ВКЛ ад крыжакаў. Вядомы як вайскавод, які не прайграў ніводнай бітвы.

Ізяслаў

Заслаўе, 2017

У Заслаўі ажно тры помнікі Ізяславу. Апошні ўсталяваны каля запраўкі і паказвае князя такім, якім ён мог бы стаць у сталым узросьце, у дасьпехах, з шаломам на галаве. Паводле паданьня, князь дажыў толькі да 21 году. Вышыня бронзавай скульптуры каля 3 мэтраў.

Бронзавы помнік маладому Ізяславу стаіць у гарадзкім сквэры да Дня пісьменства ў 2014 годзе. Хлопец стаіць, у адной руцэ трымаючы кнігу, другой абапіраючыся на меч. Вышыня 5 мэтраў. Скульптар — Аляксандар Прохараў.

Рагнеда

Заслаўе, 1993

Рагнеда прысела і трымае над галавой карону, а маленькі Ізяслаў абараняе сваю маці, засланіўшы яе сваёй спінай. Скульптар — Анатоль Арцімовіч.

Рагнеда (каля 966 — 1000) — полацкая князёўна, дачка Рагвалода, непакорлівая жонка кіеўскага князя Ўладзімера. Разам зь ейным маленькім сынам Ізяславам князь саслаў Рагнеду да канца жыцьця ў крэпасьць, цяперашні горад Заслаўе. Там яна пастрыглася ў манашкі.

Княгіня Анастасія Слуцкая

Слуцак, 2016

Пастаўлены каля ўваходу ў ЗАГС. Княгіня стаіць, абапіраючыся на меч. Вышыня скульптуры — 4 мэтры. Адметнасьць помніка ў тым, што бронзавы верх спалучаецца з гранітнай спадніцай і пастамэнтам. Аўтар — Сяргей Аганаў.

Анастасія Слуцкая (канец XV – 1-я палова XVI стагодзьдзяў) пасьля сьмерці мужа кіравала княствам, узначальвала войска, абараняла землі ад нападаў татараў.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Станіслаў Манюшка

Менск, 2016

Помнік паставілі ў сквэры на плошчы Свабоды да Дня гораду. Аўтары — Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Князь Альгерд

Віцебск, 2014 год

Усталяваны на Рыначнай плошчы падчас сьвяткаваньня 1040-годзьдзя горада. Помнік конны. Князь у дасьпехах, зь ягонай выцягнутай рукі зрываецца ў палёт сокал — сымбаль княжай улады. Вышыня помніка 6,4 мэтра. Аўтар — Сяргей Бандарэнка. Князь Альгерд (1295–1377) — сын князя Гедзіміна. Пры ім усе беларускія землі аказаліся ў складзе ВКЛ. Разам з братам Кейстутам пасьпяхова супраціўляўся націску крыжакаў і панаваньню Залатой Арды.

Князь Вітаўт

Вёска Пеляса́ на Горадзеншчыне, 2010

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от VItall (@6tall) 10 Июн 2017 в 3:05 PDT

Стаіць каля школы зь літоўскай мовай навучаньня і касьцёлам. Усталяваны на ініцыятыву і пры падтрымцы літоўскага боку. Адкрыцьцё помніка было прымеркавана да 600-годдзя Грунвальдзкай бітвы. Вітаўт паказаны ў вобразе сярэднявечнага рыцара з каронай, скіпэтрам як сымбалем улады ў левай руцэ і мячом, на які ён абапіраецца, у правай. Скульптура выкананая ў тэхніцы традыцыйнай літоўскай народнай разьбы па дрэве. Вышыня каля 6 мэтраў. Аўтар — літоўскі скульптар Альгімантас Сакалаўскас.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от #nehleb #vodar (@vodarband) 24 Май 2018 в 7:28 PDT

Драўляны помнік стаіць паміж Старым і Новым замкамі. Яго перадаў гораду Літоўскі фонд культуры. Аднаўленьнем помніка ніхто не займаецца, ён паволі трухлее, на ім зьяўляюцца расколіны. Падчас праўленьня Вітаўта Горадня стала другой сталіцай ВКЛ, адсюль ён вёў войскі на Грунвальдзкую бітву.

Леў Сапега

Лепель, 2010

Бронзавая скульптура ўсталяваная на беразе Лепельскага возера побач з касьцёлам Сьвятога Казіміра. Леў Сапега стаіць, трымаючы ў правай руцэ булаву, сымбаль гетманскай улады, а левай абапіраецца на шляхецкую шаблю. Вышыня помніка каля 3,5 мэтра. Ініцыятыва належала пробашчу мясцовай парафіі. Да ідэі няўхвальна паставіліся мясцовыя праваслаўныя сьвятары і нават накіравалі ліст у гарвыканкам, каб ставіць помнік забаранілі, бо Сапега нарадзіўся ў праваслаўнай сям’і, а ў канцы жыцьця прыняў каталіцкую веру. Скульптар — Леў Аганаў.

Леў Сапега (1557–1633) — дзяржаўны і вайсковы дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, дыплямат. Лічыў, што аб’яднаньне Рэчы Паспалітай з Масквой забясьпечыла б мір абодвум народам, спрыяла б іхнаму эканамічнаму і палітычнаму росту.

Валенцій-Вільгельм Ваньковіч

Менск, 2010

Усталяваны каля дома Ваньковічаў у цэнтры горада. Помнік называецца «Ранак мастака» і паказвае творцу ў поўны рост з палітрай у руцэ. Скульптар — Уладзімер Слабодчыкаў.

Валенцій Ваньковіч (1800 — 1841) — беларускі мастак, творчасьць якога яшчэ пры жыцьці стала эўрапэйскім набыткам. Ягоныя працы захоўваюцца ў Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Польшчы, Літвы, Расеі. У Беларусі ягоных карцін няма.

Францішак Багушэвіч

Смаргоні, 2009

Адкрыты да Дня беларускага пісьменства. Мацей Бурачок (творчы псэўданім Багушэвіча) апрануты ў доўгую сьвітку і саламяны брыль, у руцэ кніга. Вышыня — 3,5 мэтра. Скульптары — Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Францішак Багушэвіч (1840–1900) — беларускі грамадзкі дзеяч, паэт, празаік, публіцыст, перакладчык.

Усяслаў Чарадзей

Полацак, 2007

Першы конны помнік у гісторыі незалежнай Беларусі. Вышыня помніка 3,5 мэтра. Скульптары — Аляксандар Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч.

Пры ўладзе Ўсяслава Чарадзея Полацкае княства дасягнула найбольшых памераў, стала магутным і ўплывовым.

Францішак Скарына

Менск, 2005

Бронзавую статую паставілі каля Нацыянальнай бібліятэкі. Першадрукар стаіць з узьнятымі ўгару рукамі, у левай руцэ трымае кнігу. Аўтар Аляксандар Дранец.

Усталяваны каля Лідзкага замка да другой гадавіны незалежнасьці Беларусі. Грошы на помнік зьбіралі ўсім горадам. Аўтар: Валяр’ян Янушкевіч.

Францішак Скарына (1490–1551) — усходнеславянскі першадрукар, выдаў першую беларускую друкаваную кнігу «Псалтыр».

Адам Міцкевіч

Менск, 2003

Бронзавы помнік польскаму паэту беларускага паходжаньня і дзеячу нацыянальна-вызваленчага польскага руху (1798 — 1855) устанавілі на Гарадзкім вале ў сквэры Адама Міцкевіча. Паэт сядзіць у задуменьні, абапёршыся аб лаву. З ініцыятывай паставіць помнік выступіла польская дыяспара. Скульптары — Андрэй Заспіцкі і Аляксандар Фінскі.

Наваградзкі бронзавы помнік паставілі каля Кургана Адама Міцкевіча, замка і касьцёла, дзе хрысьцілі паэта. Творца стаіць з паднятай угару рукой. Вышыня скульптуры 3,1 мэтра. Скульптар — Валяр’ян Янушкевіч.

Кірыла Тураўскі

Гомель, 2004

Пастаўлены ў парку каля драматычнага тэатра да Дня беларускага пісьменнства. Царкоўны дзеяч XII стагодзьдзя трымае ў руках скрутак з малітвай за «гэты горад і гэтую краіну». Вышыня помніка 3,5 мэтра. Аўтары — Леў і Мікалай Гумілеўскія.

Усталяваны на Замкавай гары. Аснова кампазыцыі — сямімэтровы крыж незвычайнай візантыйскай формы. З крыжом злучана постаць асьветніка. У руцэ ён трымае кнігу. Помнік зроблены з бэтону, пакрыты медзьдзю. Скульптар — Міхал Інькоў.

Кірыла Тураўскі (каля 1130 – каля 1182) — сьвяты Праваслаўнай царквы, царкоўны дзеяч, асьветнік.

Сімяон Полацкі

Полацак, 2003

Адкрыты да Дня беларускага пісьменства на плошчы каля кінатэатра. Асьветнік сядзіць, абапіраючыся на катэдру, ягоны позірк накіраваны ў бок Масквы, дзе ён пахаваны. Скульптар — Аляксандар Фінскі.

Сімяон Полацкі (1629–1680) — паэт, драматург, перакладчык, пэдагог, філёзаф, царкоўны і грамадзкі дзеяч.

Міхал Клеафас Агінскі

Маладэчна, 2002

Бронзавую скульптуру ў поўны рост паставілі перад музычным каледжам. Скульптар — Валяр’ян Янушкевіч.

Міхал Клеафас Агінскі (1765 — 1833) — аўтар славутага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай».

Эўфрасіньня Полацкая

Полацак, 2000

Бронзавы помнік паставілі побач з райвыканкамам. Эўфрасіньня ў манаскім адзеньні, у руцэ трымае крыж, зроблены Лазарам Богшам. Вышыня помніка 3,2 мэтра. Скульптар — Ігар Голубеў.

Кірыла Тураўскі, Мікола Гусоўскі, Эўфрасіньня Полацкая, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі

Менск, 1996–2000

Помнікі ўсталяваныя ва ўнутраным дворыку БДУ, які закрыты для шырокага наведваньня, але стаў мэмарыялам дзеячам беларускай культуры і навукі яшчэ ў пачатку ХХ стагодзьдзя. Аўтар помніка Кірылу Тураўскаму (1996) — Аляксандар Прохараў, Міколу Гусоўскаму (1998) — Уладзімер Панцялееў, Эўфрасіньні Полацкай (1999), а таксама Цяпінскаму і Буднаму (2000) — Ігар Голубеў. Дагэтуль у дворыку ўжо стаялі помнікі Францішку Скарыну, выкладчыкам і студэнтам, якія загінулі падчас апошняй вайны, а таксама помнік Леніну.

Напалеон Орда

Горад Янава на Берасьцейшчыне, 1997

Усталяваны ў цэнтры гораду на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Леніна. Мастак прысеў на пень і працуе над сваім новым творам. Аўтар — Ігар Голубеў.

Напалеон Орда (1807 — 1883) — мастак, музыка, выкладчык.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]