Міліцыя скасавала дзве адміністрацыйныя справы супраць вiцебскага актывiста.
За апошнія месяцы на віцебскага распаўсюдніка незалежнай прэсы тройчы складалі пратаколы за “загрувашчванне вуліцы”. Маўляў, ягоны раштунак – столік, бела-чырвоны парасон, сцягі – замінае мінакам праходзіць па вуліцы Леніна. Але днямі Барыс Хамайда атрымаў з аддзела міліцыі Чыгуначнага раёна пастановы пра скасаванне дзвюх справаў. Высветлілася, што пратаколы адмовілася разглядаць адміністрацыйная камісія выканкама Чыгуначнага раёна, бо ёй бракавала доказаў вінаватасці апазіцыянера, паведамляе "Радыё Рацыя".
Барыс Хамайда ўспрыняў гэты аргумент з гумарам: – Можа, нам падаецца, што змены вельмі далёка. А раптам яны побач? Старшыня адміністрацыйнай камісіі і ягоны намеснік, мусіць, людзі няглупыя. І яны таксама разумеюць, што трэба будзе далей жыць, як прыйдзе новая ўлада. Ну што ж?
Пасля адмовы адміністрацыйнай камісіі разглядаць пратаколы міліцыя так і не змагла пацвердзіць вінаватасць Барыса Хамайды. Таму дзве справы супраць яго скасавалі, у тым ліку і справу, распачатую за адзначэнне Дня Волі 25 сакавіка. Невядомы лёс толькі апошняга з трох пратаколаў за “загрувашчванне вуліцы”, які на Барыса Хамайду склалі 30 красавіка.