Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Алег Латышонак: Беларусы моцна заявілі пра сябе падчас першых вольных выбараў у Польшчы

05.06.2019 политика
Алег Латышонак: Беларусы моцна заявілі пра сябе падчас першых вольных выбараў у Польшчы

У хуткім часе пасля выбараў 1989 году беларусы Беласточчыны вырашылі стварыць сваю палітычную партыю.

У Беластоку прайшла дыскусія, прысвечаная 30-годдзю першых часткова свабодных парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 4 чэрвеня 1989 году, перадае «Радыё Рацыя».

Падчас іх шмат гаварылася пра ўдзел у гістарычных падзеях прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, найперш беларусаў, а таксама пра погляд на тыя падзеі з боку краін-суседзяў.

У беларускім асяроддзі ў той час паўстаў першы Беларускі выбарчы камітэт, які вылучыў Сакрата Яновіча ў Сенат і Яўгена Мірановіча ў Сейм.

Узгадвае прафесар Яўген Мірановіч:

– Нам прапанавалі супрацоўніцтва перш за ўсё прадстаўнікі варшаўскай «Салідарнасці». З беластоцкай «Салідарнасцю» мы не мелі ніякага кантакту, хоць яны былі побач, нават знаёмыя нашыя. Усё ж такі ў Беластоку на беларускае асяроддзе глядзелі праз прызму нейкай міфалогіі, што гэта ўсё камуністы, што хочуць далучыць Беласточчыну да Савецкага Саюза. Дарэчы, тады ніхто не ведаў, што мы можам нечага дабіцца. Ішло пра тое, каб прадэманстраваць, што беларусы жывуць на Беласточчыне.

Прафесар Алег Латышонак падкрэслівае, што ўдзел у выбарах 1989 году дазволіў беларусам гучна пра сябе заявіць, нават не зважаючы на тое, што беларускім кандыдатам, якія стартавалі самастойна, не ўдалося атрымаць мандаты ў Сенаце і Сейме:

– Безумоўна, мы вельмі моцна заявілі пра сваё існаванне. Я лічу, што мы прынялі добрае рашэнне, бо калі б мы тады не стварылі выбарчы камітэт, то нас не было б. А так выступілі на выбарчых мітынгах, выдавалі ўлёткі, арганізоўвалі людзей. Шмат людзей пачула, што існуе беларускі рух. Тады на жменьку дзеячаў была выканана вялікая праца.

На выбарах 4 чэрвеня 1989 году Сакрат Яновіч атрымаў амаль 22,5 тысячы галасоў, а Яўген Мірановіч – больш за 14 тысяч.

Змаганне за свабодныя мандаты выйгралі прадстаўнікі прафсаюзу «Салідарнасць». У хуткім часе пасля выбараў беларусы вырашылі стварыць сваю палітычную партыю – Беларускай дэмакратычнае аб’яднанне. Дыскусія на тэму 30-годдзя першых часткова свабодных выбараў у Польшчы прайшла ў Дзяржаўным архіве ў Беластоку, дзе працуе выстава арыгінальных дакументаў з тых часоў.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]